Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле паведамленьняў Міністэрства аховы здароўя Кіргізстану, 37 чалавек загінулі і больш за 500 былі параненыя ў беспарадках у горадзе Ош на поўдні краіны.


Беспарадкі пачаліся ўчора. Паводле некаторых сьведчаньняў, звычайная спрэчка перарасла ў бойку паміж кіргізамі і ўзбэкамі, у якой была ўжытая агнястрэльная зброя і мэталёвыя трубкі. У горадзе ўспыхнулі пажары.

Тымчасовы ўрад Кіргізстану увёў у Ошы і ў трох прылеглых раёнах надзвычайнае становішча. У Ош увайшло войска з БТР-амі, над горадам лётаюць верталёты.

Выступаючы ў тэлебачаньні, кіраўнік тымчасовага ўраду Кіргізстану Роза Атумбаева заклікала жыхароў гораду Ош захаваць спакой і абвінаваціла ў беспарадках "розныя сілы", якія хочуць дэстабілізаваць сытуацыю ў Кіргізстане.

Міжэтнічныя канфлікты ў паўднёвым Кіргізстане ўзьнікалі і раней, у найбольш крывавым зь іх, у 1990 годзе, загінула некалькі соцень чалавек.

Беспарадкі ў Ошы і іншых раёнах паўднёвага Кіргізстану ўспыхнулі нанава пасьля зьвяржэньня прэзыдэнта Курманбека Бакіева ў красавіку. Якраз на поўдні краіны скінуты Бакіеў мае найбольш прыхільнікаў.




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG