Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурыкаў: Беларусь, адмовіўшыся ад Мытнага саюзу з Расеяй і Казахстанам, моцна рызыкуе


Аляксандар Сурыкаў

Аляксандар Сурыкаў

11 чэрвеня амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў зрабіў шэраг гучных заяваў.

У прыватнасьці, ён адзначыў, што ў Маскве ня бачаць альтэрнатывы Аляксандру Лукашэнку на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах, што беларусы і расейцы — гэта адзін народ, але дзьве розныя дзяржавы, што ён ня можа пацьвердзіць фінансаваньне Расеяй беларускай апазыцыі, што стварэньне Мытнага саюзу Расеяй і Казахстанам безь Беларусі пагражае мытнай частцы Саюзу Беларусі і Расеі, што Беларусь павінна плаціць за расейскі газ паводле кантракту. Таксама амбасадар заявіў, што сытуацыю ў Кіргізстане павінен вырашыць толькі народ гэтай краіны.

Чарговыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, згодна зь дзейным заканадаўствам, павінны адбыцца не пазьней як 6 лютага 2011 году. Якое стаўленьне ў Маскве да Аляксандра Лукашэнкі, які, мабыць, будзе вылучацца кандыдатам на вышэйшую пасаду чарговым разам? — спыталіся журналісты ў амбасадара Расейскай Фэдэрацыі:
Мы традыцыйна Аляксандра Рыгоравіча падтрымліваем ...

"Мы традыцыйна Аляксандра Рыгоравіча падтрымліваем. Мы не дазваляем сабе выказваньняў, асабліва ў афіцыйных выступах нашага прэзыдэнта альбо прэм'ера, дастаткова рэзкіх выказваньняў супраць Беларусі. Мы такога ніколі не рабілі і просім да сябе таксама ставіцца паважліва. Але такі недахоп часам зьвязаны з эмацыйным характарам таго ці іншага чалавека.

Разам з тым мы разумеем, што Аляксандар Рыгоравіч — прэзыдэнт Беларусі, сувэрэннай, незалежнай дзяржавы. І ён ня можа быць ні прарасейскім, на праўкраінскім, ні праамэрыканскім. Гэта нам вельмі добра зразумела. І мы пакуль нічога ня бачым на гэтым полі. Проста-такі ня бачым".

Амбасадар Расеі не пацьвердзіў фактаў, што ягоная краіна фінансуе частку беларускай апазыцыі. А менавіта пра гэта Аляксандар Лукашэнка абяцаў нядаўна публічна паведаміць. Свайго абяцаньня беларускі кіраўнік дагэтуль ня выканаў. А Аляксандар Сурыкаў сёньня заявіў наступнае:
Уладам трэба было б асядлаць "Гавары праўду", накіраваць сабе на карысьцьe ...

"Я не магу гэтага пацьвердзіць. Не выключаю, што некаторыя беларускія апазыцыянэры бываюць у Маскве, што яны наведваюць нашы партыі. Такія кантакты ёсьць. Гэта звычайны жывы кантакт. Але афіцыйна мы нікога не падтрымліваем. Наконт сытуацыі з кампаніяй "Гавары праўду", то я асабіста троху засмучаны. Уладам трэба было б іх асядлаць, накіраваць сабе на карысьць. Што было б кепскага, каб пытаньне ад нейкай бабулькі з правінцыі прыйшло да прэзыдэнта і яго вырашылі? А затым паказалі. То гэта быў бы надзвычай вялікі плюс уладам. Вось гэтаму трэба навучыцца. Менш тады будзе ўсялякіх апазыцыянэраў".

Карэспандэнт "Свабоды" задаў пытаньне пра тое, наколькі цяпер магчымыя прапановы Расеі да Беларусі, каб тая ўвайшла ў склад расейскай дзяржавы. Пытаньне грунтавалася на апошніх выказваньнях Аляксандра Лукашэнкі, які, у прыватнасьці, на сустрэчах зь першым віцэ-прэм'ерам Ігарам Шувалавым і іншымі афіцыйнымі асобамі з Масквы неаднаразова падкрэсьліваў, што беларусы і расейцы — адзін народ.

На гэтае пытаньне амбасадар Сурыкаў адказаў так:

"Я падзяляю пазыцыю Аляксандра Рыгоравіча. У прынцыпе, калі глядзець у гісторыю, у духоўную роднасьць, рэлігію і г.д., то мы адзін народ. Але мы дзьве розныя дзяржавы — сувэрэнныя і незалежныя. І адмяняць нашы Канстытуцыі ня дадзена права ні Пуціну, ні, мабыць, Лукашэнку. Гэта справа народаў".

Журналісты пацікавіліся ў амбасадара Расеі сытуацыяй, якая ўзьнікне ў саюзнай дзяржаве Расеі і Беларусі ў тым выпадку, калі Беларусь не падпіша правілы Мытнага саюзу і новае фармаваньне пачне дзейнічаць ад 1 ліпеня толькі ў складзе Расеі і Казахстану безь Беларусі:

"Я б выкінуў усе гэтыя мытныя энэргетычныя "замарочкі", якія існуюць на сёньняшні дзень, і паглядзеў бы, што будзе, калі Беларусь апынецца за межамі Мытнага саюзу з Расеяй і Казахстанам. Тады нам будзе надзвычай цяжка захаваць сытуацыю, якія была ў Саюзнай дзяржаве. Бо мы можам, захоўваючы мытны саюз паміж Расеяй і Беларусьсю, гэтым самым ушчамляць Казахстан. Трэба ўлічваць, што па мяжы мытнага саюзу Расеі з Казахстанам усталёўваецца, як гэта і робіцца, мытная мяжа, з усімі наступствамі. А як вы разумееце, Мытны саюз фармуецца найперш для стварэньня ўласнай канкурэнтаздольнай эканомікі. У дадзеным выпадку — дзьвюх тэрыторыяў".

Пасьля амбасадар удакладніў, наколькі Мытны саюз Расеі і Казахстану пагражае Беларусі:

"Я б адказаў на гэта, мабыць, больш дакладна так: гэта пагражае мытнай частцы саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG