Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеі апошняга тыдня чарговы раз давялі што, нягледзячы ні на якія дэманстрацыі ды дэмаршы, пакінуць Беларусь за бортам Мытнага саюзу Масква ня можа. І справа тут ні ў імпэрскіх амбіцыях, ні, тым болей, у братніх пачуцьцях народаў. Стаўкі Крамля ў гэтай гульні несувымерна вышэйшыя за рэгіянальныя разборкі.


Справа ў тым, што калі Беларусі ня будзе ў Мытным саюзе, Расея ня зможа ўступіць у Сусьветную гандлёвую арганізацыю.

Масква вельмі сьпяшаецца ўступіць у СГА, каб расчыніць дзьверы для інвэстыцыяў ды распачаць жыцьцёва неабходныя працэсы мадэрнізацыі ды дывэрсыфікацыі сваёй эканомікі. Ня гледзячы на ўсе свае шматгадовыя высілкі, зрабіць гэтага самастойна Масква ня можа. Хаця перашкода, па вялікім рахунку, засталася ўсяго адна.

Бедны сваяк ля зачыненых дзьвярэй


З 2006 году і па сёньняшні дзень уся інтрыга круціцца вакол дылемы зь сельскай гаспадаркай.

Раней – безь дзяржпадтрымкі, затое без канкурэнцыі

Рэч у тым, што расейская стратэгія разьвіцьця Аграрна-прамысловага комплексу (АПК) прынцыпова розьніцца ад агульнапрынятай у сьвеце мадэлі.

У пасьлясавецкія часы Крэмль амаль перастаў выплачваць сваім аграрыям наўпроставыя датацыі. Ёсьць, праўда, "прыхаваныя субсыдыі" – кшталту капеечнага паліва. Але галоўным чынам сыстэма разьлічана на неабсяжны ўнутраны рынак, агароджаны ад замежнай канкурэнцыі забараняльнымі пошлінамі.

“Зьвярыны аскал” лібэралізму

Сутнасьць праблемы з далучэньнем у тым, што правілы СГА патрабуюць адкрыць рынак для канкурэнцыі, а дзяржпадтрымку павялічваць - забараняюць.

Канкрэтна гэтае правіла гучыць так. Краіне-кандыдату забараняецца падвышаць бюджэтную дапамогу свайму АПК звыш таго ўзроўню, што існаваў у ёй на працягу трох год перад далучэньнем. Вялікая была тая падтрымка, ці малая – не істотна. Галоўнае - не павялічваць.

Сельскую гаспадарку – на алтар прамысловай мадэрнізацыі?


У 2007 годзе ўсе расейскія датацыі не дасягалі і 2,7 мільярдаў даляраў – амаль на мільярд меней, чым у маленькай Беларусі. Эўрапейскія ж фэрмэры наогул атрымліваюць у сорак разоў болей, у пераліку на гектар ворыва.

Адкрываць свой рынак эўрапейскаму імпарту на такіх умовах Расея ня можа. Для яе АПК такая канкурэнцыя будзе усё адно, што выйсьці голым на мядзьведзя, ды яшчэ й з завязанымі рукамі.

Загнаны ў кут расеец...

Перамовы ўжо гадамі круцяцца вакол гэтага пытаньня, а час працуе супраць Масквы. Пазбаўленая доступу да сусьветных рынкаў ды інвэстыцыяў, эканоміка не выходзіць з крызісу, а ўсё цяжэй павісае на бюджэтнай шыі. Расейскі міністар фінансаў Кудрын прагназуе, што да канца наступнага году краіна праесьць увесь свой Рэзэрвовы фонд. Далей давядзецца залазіць у пазыкі.

...здольны зьдзівіць сьвет

Будучы фактычна прыціснутай да сьценкі, Масква летась праявіла знаную расейскую кемлівасьць, якая асабліва абвастраецца калі трэба абмінуць нейкія правілы. Ня маючы магчымасьці ўвайсьці ў гандлёвы клюб праз галоўны ўваход, Масква знайшла бакавыя дзьверы - Мытны саюз. Ключом да гэтых дзьвярэй зьяўляецца Беларусь.


Сямейная ўзаемадапамога


Пры дапамозе Беларусі Расея можа нарэшце выйсьці з патавай сытуацыі ў перамовах па сельскай гаспадарцы.

Радавыя прывілеі

Бо ў Беларусі - сытуацыя дыямэтральна адваротная расейскай. Дзякуючы расейскай энэргетычнай датацыі Менск выдаткоўваў на свае калгасы непрапарцыйна вялікую долю бюджэту.

У выніку, пры ўступленьні ў СГА Беларусі будзе дазволена "адшпільваць" сваёй сельскай гаспадарцы амаль у паўтара раза больш, чым Расеі - сваёй. Іронія ў тым, што бяз "нафты за пацалункі" - магчымасьці скарыстацца гэтым дазволам у беларускага кіраўніцтва няма і ня будзе ўжо, бадай, ніколі.

Беларусь у гэтай сытуацыі нагадвае зьбяднелага шляхцюка, што атрымаў у спадчыну прывілей на ўласнае войска, у той час, як самому – дай Божа карову пракарміць.

Штукарства з Мытным саюзам


Аб'яднаўшыся ў адзіны эканамічны блёк, Масква і Менск змогуць пераразьмеркаваць між сабой квоты на дазволеныя сельскагаспадарчыя датацыі.

За кошт беларускай квоты Расея зможа законна падвоіць датацыі свайму АПК і ўступіць у СГА не даводзячы да банкруцтва сваю сельскую гаспадарку. Дый беларускім аграрыям застанецца каля паўмільярда – акурат столькі, колькі зможа пацягнуць бюджэт.

Што да правілаў СГА - схема ўжо "абкатаная" прэцэдэнтам. Менавіта такім чынам разьмяркоўвае датацыі паміж сваімі краінамі Эўразьвяз.

Чальцы Арганізацыі, праўда, сходу адрынулі магчымасьць далучэньня "тройкай", але гэта якраз небяды. Стварыць адзіны эканамічны блёк можна і ўступіўшы сьпярша паасобку, як гэта ў свой час краіны Эўразьвязу і зрабілі. Праблема – ў іншым.

Ад ідэі да выкананьня - нялёгкі шлях


Па сьлядох эўраінтэграцыі - за 800 дзён


Каб усе краіны-чальцы СГА прызналі Расею, Беларусь ды Казахстан адзіным суб'ектам міжнароднага гандлю, Мытнага саюзу мала. Гэтая структура павінна насамрэч уяўляць сабой Адзіную эканамічную прастору (АЭП).

Уступаючы ў Арганізацыю першай, Масква, такім чынам, ідзе на вялікую рызыку. Лёс расейскіх аграрыяў ставіцца ў залежнасьць ад таго, ці здолее (ці захоча) Менск уступіць у СГА і інтэгравацца ў АЭП на працягу двух гадоў. Менавіта к таму часу Расеі стане неабходным дазвол на дадатковыя бюджэтныя ўліваньні ў свой АПК, каб кампэнсаваць паступовае зьніжэньне пошлінаў на сельскагаспадарчы імпарт і рост цэнаў на паліва.

Нафта – узамен на АЭП

Каб прысьпешыць інтэграцыйны працэс, Масква гатовая даць Беларусі яшчэ пагандляваць той бязмытнай нафтай, дый ня толькі ёй. Але Крэмль ужо даўно зразумеў, што ў абмене інтымнымі паслугамі з Аляксандрам Лукашэнкам плату трэба браць загадзя.

Пасьля нядаўняга скандальнага саміту ЭўрАзЭС у Пецярбургу расейскі прэм'ер Пуцін заявіў, што Крэмль гатовы "пайсьці насустрач" у пытаньні нафтавых пошлінаў, але толькі пасьля таго, як будуць падпісаныя ўсе дакумэнты па стварэньні АЭП. Прычым на працягу году – да ўступленьня Расеі ў СГА.

У Менск гэты ўльтыматум прывёз віцэ-прэм'ер расейскага ўраду Шувалаў. У мінулую пятніцу беларускі Саўмін паабяцаў да 1 ліпеня вярнуцца ў Мытны саюз.


Аляксандар Лукашэнка як фактар рызыкі


Для Масквы, аднак, застаецца ключавое пытаньне. Ці не паспрабуе потым ахвочы да шантажу беларускі прэзыдэнт ухіліцца ад выкананьня сваіх абяцаньняў, нават калі й падпіша зараз, пад ціскам абставінаў, патрэбныя дакумэнты?

Мэнэджмэнт рызыкі

Пытаньне, вядома, рытарычнае і гучыць яно для Крамля інакш. Колькі часу ды рэсурсаў будзе каштаваць зацягнуць шалёна ўпіраючагася Лукашэнку ў АЭП ды СГА, пры тым, што расейскаму АПК жыцьцёва неабходна, каб гэта адбылося найпазьней у 2012 годзе?

Яшчэ больш асьцярогаў выклікае ў Крамля другое пытаньне. Ці здольная існуючая беларуская адміністрацыя своечасова выканаць усе ўмовы СГА аб рынкавых пераўтварэньнях?

Вэрдыкт – мяняць партнэра?

На сёньняшні дзень адказы на абодва пытаньні хутчэй адмоўныя. Да рынкавых пераўтварэньняў пакуль можна аднесьці хіба эмбрыён містычнай дырэктывы нумар 4. Што да Мытнага саюзу, то тыя праблемы, што ўзьнікаюць ужо на сёньняшнім этапе яго стварэньня – нязначныя, у параўнаньні з супярэчнасьцямі па АЭП.

Ці пераважаюць гэтыя асьцярогі над патэнцыйнымі рызыкамі ды выдаткамі, зьвязанымі з ажыцьцяўленьнем рэвалюцыі ў суседняй краіне?

Апошні шанец

Мяркуючы па цяперашнім эканамічным ціску на Беларусь – расейскі адказ – так, прынамсі ў цяперашніх абставінах.(глядзі “Кіргіскі сцэнар для Беларусі: прагнозы МВФ”).

Праўда ня факт, што гэтае рашэньне канчатковае і незваротнае. Можа яно будзе прынятае па выніках плянаванай сустрэчы Лукашэнкі зь Мядзьведзевым. А можа гэта толькі пуга, якая будзе прыбраная пасьля капітуляцыі Лукашэнкі, як гэта ўжо неаднаразова бывала. Ня трэба забывацца, што фінансавыя стасункі беларускіх і расейскіх урадоўцаў далёка не абмяжоўваюцца міждзяржаўнымі дачыненьнямі. Але пра гэта можна толькі здагадвацца.

Несумнеўна адно. Каб дамагчыся скасаваньня пошлін на нафту ды ніжэйшай цаны на газ - Лукашэнку прыйдзецца пераканаць Крэмль у сваёй прыдатнасьці ў якасьці партнэра па ўступленьні ў СГА. У першую чаргу, гэта азначае пагадзіцца на аўральнае падпісаньне пагадненьняў па АЭП і падаць вельмі пераканаўчы і падрабязны плян інтэнсіўных рынкавых рэформаў у Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG