Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ахметаў ачольвае рэйтынг 100 найбагацейшых украінцаў


Рынат Ахметаў трэці год запар прызнаны найбагацейшым украінцам: за год яго маёмасьць вырасла амаль у два разы – з 9 да 17,8 мільярда даляраў. Як паведаміў аглядальнік украінскага часопісу “Корреспондент” Аляксандар Пасховер, такія лічбы вынікаюць з падрыхтаванага яго часопісам і інвэстыцыйнай кампаніяй Dragon Capital рэйтынгу топ-100 самых багатых украінцаў за 2010 год.

Ахметаў – бясспрэчны лідэр рэйтынгу. Паводле Пасховера, данецкі бізнэсовец зьяўляецца ня толькі найбагацейшым ва Ўкраіне, але й самым багатым чалавекам у СНД, апярэджваючы найбагацейшага расяяніна на 2 мільярды даляраў.

Разам з тым Пасховер адзначыў, што, у першую чаргу, павелічэньне дастатку Ахметава тлумачыцца ростам вартасьці ягоных актываў у сувязі з паляпшэньнем эканамічнай сытуацыі ў сьвеце. Па словах аглядальніка, падобная тэндэнцыя росту назіраецца і ў адносінах да капіталаў іншых удзельнікаў топ-100.

На другім месцы ў рэйтынгу – Ігар Каламойскі з маёмасьцю, што ацэньваецца на 6,5 мільярда даляраў, на трэцім месцы – Генадзій Багалюбаў (6,3 мільярда даляраў), на чацьвертым – Віктар Пінчук (3,1 мільярда даляраў), на пятым – Канстанцін Жавага (2,4 мільярда). Замыкае першую дзясятку рэйтынгу ўладальнік холдынгу “Нібулон” Аляксей Вадатурскі з 1 мільярдам даляраў. Сумарны капітал 100 найбагацейшых украінцаў, згодна з ацэнкаю “Корреспондента”, складае 66,5 мільярда даляраў.

Паводле рэдактара аддзелу “Бізнэс” часопісу “Корреспондент” Улада Луніна, пры аналізе гэтага рэйтынгу вельмі выразна відаць розьніца паміж капіталамі яго лідэраў і тымі, хто яго замыкае.

Так, калі лідэр аналягічнага рэйтынгу ў Польшчы ў 35 разоў багацейшы за таго, хто знаходзіцца на 100 месцы, у Расеі гэты паказчык складае 27 разоў, то ва ўкраінскім топ-100 яго лідэр (Ахметаў) багацейшы за Аксану Ялманаву, якая знаходзіцца на 100 месцы, у 593 разы.

На думку прадстаўніка часопісу “Корреспондент”, “пры такой канцэнтрацыі капіталаў у 2-5 руках ні пра якую канкурэнцыю ня можа быць і гаворкі”. Ён таксама адзначыў, што бізнэсоўцы, якія ўваходзяць ва ўкраінскі рэйтынг, у асноўным займаюцца вытворчасьцю і экспартам сыравіны і паўфабрыкатаў, тады як найбольш багатыя эўрапейцы зарабілі свае капіталы, шырока ўжываючы інавацыйныя тэхналёгіі.
XS
SM
MD
LG