Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйскія міліцыянты ў ходзе ператрусу крыху перастараліся


Служба ўласнай бясьпекі ўправы ўнутраных спраў бабруйскага гарвыканкаму пачала праверку фактаў, выкладзеных у скарзе грамадзкай актывісткі Алены Мядзьведзевай. Яна зьвінаваціла міліцыянтаў, якія 18 траўня праводзілі ў яе кватэры ператрус па справе «Гавары праўду», у перавышэньні паўнамоцтваў.


Паводле Мядзьведзевай, у ходзе ператрусу была зламаная мэбля, у тым ліку й дзіцячы ложак унучкі. Страты актывістка ацаніла ў шаснаццаць мільёнаў рублёў.

«Сёньня мяне выклікалі ў міліцыю. Сьледчы службы ўласнай бясьпекі Сяргей Казлоў патлумачыў, што ў сувязі з маёй скаргай. Ён прызнаў, што ягоныя калегі перастараліся, калі праводзілі вобшук. Сьледчы спрабаваў мяне пераканаць у тым, каб я перапісала скаргу на факт правядзеньня вобшуку, а не на дзеяньні міліцыянтаў. Я адмовілася й заявіла, што нічога перапісваць ня буду. Я ж разумею, што пасьля гэтага прыйдзе адпіска, што вобшук быў санкцыяваны зь Менску, і ўсё. А хто мне кампэнсуе мае страты і верне канфіскаванае?» — паведаміла «Свабодзе» Алена Мядзьведзева.

Тым часам з бабруйскай пракуратуры Алене Мядзьведзевай паведамілі, што яе скарга ў гэтую інстанцыю перасланая ў пракуратуру Ленінскага раёну Менску. З санкцыі пракурора гэтага сталічнага раёну Ігара Ўкраінца праводзіліся ператрусы.

Ператрус на кватэры Мядзьведзевай праходзіў безь яе прысутнасьці. Дзьверы адчынілі дзеці. Паводле спадарыні Мядзьведзевай, у сьпісе канфіскаванага значацца 83 пазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG