Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У санаторыях мы не адпачываем, бо расчараваліся”


«Дзе будзеце адпачываць гэтым летам?» На пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.


Спадарыня: «Ня ўмею адпачываць, але на чатыры дні зьежджу на радзіму — у Віцебск і Лепель. І на чатыры дні зьежджу ў Адэсу — паглядзець, што ж яно за мора такое».

Спадарыня: «На лецішчы. Грошай не хапае, каб паехаць куды-кольвечы адпачыць».

Спадарыня: «У санаторыях мы не адпачываем. У мінулым годзе немагчыма было ўзяць пуцёвак — шмат ахвотных з Расеі было, і таму мы былі пакрыўджаныя. Сёлета, кажуць, шмат пуцёвак, можна ўзяць, але мы не спрабавалі, бо расчараваліся».

Спадар: «На ўчастку на лецішчы — гэта ў Добрускім раёне, паселішча Чырвоны Кастрычнік. Чыстае паветра, лес вакол. Ад гораду, ад заводу, ад усяго гэтага адпачнем. Унука з сабою бяром і будзем там адпачываць».

Спадарыня: «У мяне свой дом за горадам — там надвор’е лепшае, чым на Кіпры».

Спадар: «У Егіпет альбо Тайлянд зьбіраюся. Як мінімум на тыдзень. У нас такія ж кошты, як і за мяжой — беспадстаўна высокія».

Спадарыня: «На працы! Я нядаўна працую, і адпачынку зараз ня будзе».

Спадарыня: «Я працую прадпрымальніцай. З-за крызісу трэба захоўваць бізнэс. А каб паехаць далёка, патрэбны грошы. Я, напэўна, ужо не адпачываю гадоў дваццаць».

Спадар: «Дзе? На Сажы! Студэнт — грошай няма».

Спадарыня: «Тое ж самае — таксама буду на Сажы».

Спадар: «Ёсьць некалькі варыянтаў. Першы — на лецішчы. Другі — паеду на поўдзень з унучкай і жонкай. А зімой — паедзем у Эгіпет. Два гады ўжо былі там — у Хургадзе, Шарм-аль-Шэйху, Каіры».

Спадарыня: «Нідзе. Мы пакуль ня вырасьлі, таму нікуды не паедзем. Адзінае, што, магчыма, у вёску зьезьдзім на сьвежае паветра».

Спадар: «Адпачынак па графіку зімою. Летам нельга, буду працаваць».

Спадарыня: «Дома. Я — пэнсіянэрка, і на большае не разьлічваю. Толькі дома! Самі ведаеце, як у пэнсіянэраў са сродкамі на пуцёўкі».

Спадарыня: «На моры. Хутчэй за ўсё, у Адэсе. Там добра — мора прыгожае, сонца, пляж. На Кіпр таньней ехаць зімою, а зараз — у Адэсу».

Спадарыня: «Дачку завезьлі ў лягер „Сяльмашавец“, там адпачывае. А самі, магчыма, у Турэччыну. Пуцёўкі аднолькава дорага каштуюць — што на поўдзень, што тут, у Беларусі».

Спадар: «У бабулі — бульбу буду капаць. Адпачынак на гэты час і бяру. Летам працаваць буду».

Спадарыня: «Сёлета зьбіраемся на поўдзень зьезьдзіць — у Крым, ва Ўкраіну. Дзіця часта хварэе, раяць тым паветрам падыхаць — марскім».
XS
SM
MD
LG