Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца АБСЭ: Спробы рэгуляваць інтэрнэт пацярпяць паразу


Хэльсынская камісія ЗША правяла слуханьні аб пагрозах свабодным СМІ ў Эўропе, на якіх выступіла Дуня Міятавіч, новы прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ. Слуханьні сталі падрыхтоўкай да ліпеньскай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, на якой амэрыканская дэлегацыя мае намер прапанаваць рэзалюцыю аб абароне журналісцкіх дасьледаваньняў.


Сэнатар Кардын
Пра гэтыя пляны абвясьціў старшыня Хэльсынскай камісіі ЗША сэнатар Бэнджамін Кардын. Ён падкрэсьліў, што за апошні год журналістаў беспакарана забівалі ў Расеі, Турцыі і Баўгарыі. "Гэтыя журналісты-дасьледчыкі заплацілі самую высокую цану за сваю прафэсійную дзейнасьць у той час, як дзесяткі іншых сталі ахвярамі ціску з боку ўладаў, гвалтоўных нападаў альбо пазбаўленьня волі”, – заявіў сэнатар Кардын.

Прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч у сваім выступе паведаміла пра трывожнае ўзмацненьне абмежаваньняў і рэпрэсій супраць журналістаў у краінах былога СССР. Гэтыя парушэньні ўласьцівыя, ў прыватнасьці, і Казахстану, краіне, якая нягледзячы на пратэсты праваабарончых арганізацый, з пачатку гэтага году стала старшынёй АБСЭ. Дуня Міятавіч нагадала, што тады Астана абяцала палепшыць сытуацыю з правамі чалавека і аслабіць ціск на СМІ. Аднак паводле прадстаўніцы АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ за 5 месяцаў старшыняваньня ў АБСЭ Казахстан не зрабіў нічога, каб палепшыць сытуацыю са свабодай слова, акрамя касмэтычных зьменаў у закон аб ліцэнзаваньні вяшчальных арганізацый.

Менавіта ў Казахстане ў мінулым сьнежні адбылося гучнае забойства журналіста. Журналіст Генадзь Паўлюк быў выкінуты з вакна шматпавярховага будынку ў Алматы. Забойцы дагэтуль ня знойдзеныя. Дуня Міятавіч нагадала таксама пра шэраг даўніх забойстваў у розных краінах рэгіёну, выканаўцы і замоўнікі якіх дагэтуль ня знойдзеныя: Пола Хлебнікава і Ганны Паліткоўскай у Расеі, Слаўка Чурувія ў Сэрбіі, Эльмара Гусэйнава ў Азэрбайджане, Георгія Гангадзэ ва Ўкраіне.

Удзельнікі слуханьняў прыгадвалі крокі шэрагу ўрадаў краінаў АБСЭ супраць свабоды слова: забарона YouTube у Турцыі, меры па кантролі за інтэрнэтам у Беларусі, прыняцьце законаў аб крымінальнай адказнасьці за абразу ўладаў у Азербайджане, Славакіі і Чарнагорыі.

Элсі Гастынгс
"У шэрагу краін АБСЭ законы аб дыфамацыі па-ранейшаму выкарыстоўвацца як наморднікам на свабоду прэсы" – заявіў сустаршыня амэрыканскай Хэльсынскай камісіі , кангрэсмэн Элсі Гастынгс. "Насьпеў час для дзяржаў-удзельніц, якія яшчэ не зрабілі гэтага, адмяніць такія законы” – сказаў ён.

У сваю чаргу Дуня Міятавіч адзначыла і некаторыя пазытыўныя зьмены: 10 краін АБСЭ, у тым ліку Босьнія і Герцагавіна, Грузія, Малдова, Румынія і Ўкраіна, выключылі з крымінальнага заканадаўства артыкулы аб дыфамацыі і паклёпе, якія часам выкарыстоўваюцца для перасьледу СМІ.

Прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ назвала інтэрнэт апошнім полем бою за свабоду слова. На яе думку ў доўгатэрміновай пэрспэктыве гэты бой выйграе свабода.

Дуня Міятавіч
Міятавіч:
Незалежна ад таго, што робяць ўлады, у рэшце іх спробы рэгуляваць інтэрнэт пацярпяць паразу. Людзі заўсёды знаходзяць шляхі, каб скарыстацца сваім правам, якое ў іх адабралі. Гісторыя сьведчыць пра гэта зноў і зноў.

Аднак у кароткатэрміновай пэрспэктыве бітва працягваецца, пра што сьведчаць, напрыклад, справы азэрбайджанскіх блогераў Эміна Мілі і Аднана Гаджызадэ, якія былі пазбаўленыя свабоды па абвінавачваньні ў хуліганстве за крытыку ўладаў.

Камісія па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе, вядомая таксама як Хэльсынская Камісія, зьяўляецца дзяржаўным агенцтвам ЗША, якое ажыцьцяўляе назіраньне за працэсам выкананьня палажэньняў Хэльсынскай дамовы 1975 году. Камісія ўключае ў сябе 9 чальцоў Сэнату ЗША, 9 чальцоў Палаты прадстаўнікоў ЗША і па аднаму прадстаўніку ад Дзярждэпартамэнту ЗША, Міністэрства абароны і Міністэрства гандлю.
XS
SM
MD
LG