Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не гатовая разьмясьціць свае эўрабонды на зьнешніх рынках


Беларусь ня лічыць цяперашні момант спрыяльным для таго, каб разьмяшчаць эўрабонды. Пра гэта ў размове з журналістамі ў Палаце прадстаўнікоў паведаміў міністар фінансаў Андрэй Харкавец:

"Гатовасьць да выхаду на фінансавыя рынкі ў Рэспублікі Беларусь абсалютна прысутнічае. Зараз мы знаходзімся ў стадыі маніторынгу сытуацыі на гэтых рынках, але высновы, якія мы зрабілі, пакуль ня вельмі добрыя. Сытуацыя паказвае: рынкі маюць высокую ступень валятыльнасьці. Таму дэбютаваць цяпер на гэтых рынках досыць складана. Мы працягваем назіраць за сытуацыяй і, безумоўна, ажыцьцявім намечанае. Мы гатовыя літаральна цягам двух дзён апынуцца там, дзе неабходна дэманстраваць краіну, і весьці перамовы з інвэстарамі. У рэжыме рэальнага часу вядзём кансультацыі з чатырма банкамі, таму сытуацыю мы вывучаем, ведаем літаральна зь першых вуснаў — што адбываецца цягам дня і якія ёсьць прагнозы. Сёньня, падобна, мы яшчэ не гатовыя выйсьці на гэтыя рынкі. Мы бачым, што адна за другой краіны дэманструюць хваляваньні адносна сваіх фінансаў".

Беларусь мяркуе разьмясьціць першыя эўрабонды на суму 500 мільёнаў даляраў.
XS
SM
MD
LG