Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Витебский курьер" ужо двойчы пабываў у судах на Магілёўшчыне


Віктар Рамнёў

Віктар Рамнёў

Судзьдзя Магілёўскага абласнога суду Сьвятлана Мартынава не задаволіла скаргу заснавальніка газэты Віктара Рамнёва, які спрабаваў аспрэчыць штраф, накладзены на яго Горацкім райсудом.


Спадар Рамнёў хадайнічаў, каб віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава дапусьцілі да ўдзелу ў працэсе ў якасьці ягонага грамадзкага прадстаўніка. Але судзьдзя Сьвятлана Мартынава адмовіла ў гэтым, пазбавіўшы заснавальніка "Витебского курьера" магчымасьці атрымаць юрыдычную параду.

Абласны суд у выніку пацьвердзіў, што рашэньне Горацкага райсуду было слушным, і 11-га траўня Віктар Рамнёў цалкам законна аштрафаваны на 1 мільён 400 тысяч рублёў, або 40 базавых велічынь.

Заснавальніка недзяржаўнай газэты, якая распаўсюджваецца на Віцебшчыне, але зарэгістравана ў Смаленску як расейскае пэрыядычнае выданьне, абвінавацілі ў незаконным распаўсюдзе "Витебского курьера". Яго машыну затрымалі позна ўвечары 7-га красавіка недалёка ад беларуска-расейскай мяжы, калі ён вёз 10 тысяч асобнікаў газэты са Смаленскай друкарні. Перавозка, паводле заканадаўства, ужо лічыцца распаўсюдам, а прэтэнзіі з боку міліцыі палягаюць у тым, што выданьне нібыта мусіць мець на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь нейкі асобны дазвол.

Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, такого дазволу ня мае большасьць расейскіх друкаваных выданьняў, накшталт часопісу "Лиза"ды газэты "Спид-Инфо". Але яны бесьперашкодна распаўсюджваюцца нават у дзяржаўных шапіках, тым часам як за перавозку "Витебского курьера" штрафуюць і канфіскоўваюць газэту цэлымі накладамі.

Наклады незалежнага выданьня ў колькасьці 10 тысяч паасобнікаў канфіскоўвалі двойчы, а сума штрафаў, накладзеных на Віктара Рамнёва, складае ўжо 108 базавых велічынь, або 3 мільёны 780 тысяч.
XS
SM
MD
LG