Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макеева рада зноў у зборы


Уладзімер Макей, архіўнае фота
Уладзімер Макей, архіўнае фота

Пасьля доўгага перапынку ў Менску адбылося пасяджэньне Грамадзка-кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта, якую ачольвае кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Макей. Пасяджэньне прайшло ў залі Парку высокіх тэхналёгіяў.


Дыскусіі цягнуліся амаль чатыры гадзіны безь перапынку, у іх удзельнічалі 22 чалавекі. На пасяджэньне запрасілі журналістаў зь дзяржаўных і незалежных мэдыяў. Сябры рады абмеркавалі палажэньні праекту дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі № 4 па далейшай лібэралізацыі эканомікі.

Асноўным дакладчыкам быў старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін. Ён у сваю чаргу прапанаваў прыняць дэкрэт па наладжваньні прыватна-дзяржаўнага партнэрства, разьвіцьці бізнэсу на партнэрскай аснове.

Таксама выступіў намесьнік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур.

Паводле былога старшыні Нацыянальнага банку Станіслава Багданкевіча, абмеркаваньне ішло актыўна і дэмакратычна. Усе прапановы будуць абагульненыя пратаколам і перададзеныя ва ўрад. Спадару Багданкевічу спадабаўся таксама выступ Андрэй Тура.

«Я зрабіў заяву, што як быццам бы гэты праект дэкрэту па лібэралізацыі рыхтаваўся ня уладай, а незалежнай экспэртнай грамадзкасьцю.
Як быццам бы гэты праект дэкрэту па лібэралізацыі рыхтаваўся ня уладай, а незалежнай экспэртнай грамадзкасьцю.
Настолькі палажэньні былі сугучныя нашаму бачаньню. Іншая справа,што мы не разгледзелі усе дэталі. Таму усё залежыць ад глыбіні таго, што будзе ў канчатковым выніку. Бо сёньня яшчэ канчатковага праекту дэкрэту няма. Ён будзе дапрацоўвацца».

Да прыкладу, сярод гэтых палажэньняў поўная адмена рэгуляваньня цэнаў на ўсе тавары і паслугі, за выключэньнем жыльлёва-камунальных.

«Ці будзе дэкрэт прымальным для нас, я не магу сёньня сьцьвярджаць. Я прапанаваў назваць гэта не лібэралізацыяй, а пераходам на рынкавыя асновы эканамічнага разьвіцьця. І адмовіцца ад адміністраваньня, умяшаньня дзяржавы. Але ці будзе гэта усё закладзена ў канчатковым праекце, мы ня ведаем. Але на гэтым этапе я зразумеў, што ва урадзе ёсьць група чыноўнікаў, гатовых падтрымаць такі кірунак. Мы не прынялі канчатковага дакумэнту».

Наступнае пасяджэньне рады заплянаванае на канец жніўня — пачатак верасьня і будзе прысьвечана праблемам адукацыі. Сябра рады старшыя ТБМ Алег Трусаў сказаў, што гэтае пытаньне ўжо пачалі разглядаць і сёньня некаторы выступоўцы. Ён прапаноўваў вынесьці гэтае пытаньне яшчэ на першае пасяджэньне рады, але тады яго не падтрымалі.

«Асабліва моцна выступіў прафэсар Шымаў. Ён выказаў шмат якіх прапаноў і самае галоўнае, што нашы ўнівэрсытэты перасталі быць цэнтрамі навукі, навука ў іх не разьвіваецца, грошай на яе не даецца , а нагрузка выкладчыкаў проста жахлівая. Нідзе ў сьвеце такога няма. Ну і кожны з выступоўцаў праблему адукацыі закранаў. І Макей нас падтрымаў. Гэта самая лепшая рада за ўсе часы і працавала надзвычай эфэктыўна. Гэта першая канструктыўная рада, калі не было спрэчак не па справе. Гэта рада усё ж выжыла, хаця усе казалі, што яна памрэ. Ну і прынялі рашэньне зьбірацца раз на два месяцы».

Рада не зьбіралася ад леташняга чэрвеня. Яна была створана ў пачатку мінулага году, а ў лістападзе Ўладзімер Макей прыпыніў дзейнасьць гэтага фармаваньня на нявызначаны час. Ён абгрунтаваў сваё рашэньне тым, што з боку прадстаўнікоў апазыцыі і некаторых сяброў рады пайшла крытыка: маўляў, гэта — «бутафорская» і "дэкляратыўная структура.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG