Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінансаваньне павялічыцца па меры руху да “Ўсходняга партнэрства”


Мапа «Ўсходняга партнэрства»

Мапа «Ўсходняга партнэрства»

Беларусь, у адрозьненьне ад іншых краін, якія далучыліся да праграмы «Ўсходняе партнэрства», яшчэ «ня поўнасьцю» бярэ ўдзел у праграме. Пра гэта заявіў журналістам аташэ прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Рамунас Янушаўскас.


На 2007-2010 гады Беларусь атрымае ў параўнаньні зь іншымі краінамі-ўдзельніцамі найменшую фінансавую дапамогу — усяго 21 мільён даляраў. Малдова, да прыкладу, атрымала 209,7 мільёнаў даляраў. Найбольш разьвітае партнэрства з Украінай.

Янушаўскас: «Фінансаваньне павялічыцца па меры руху да «Ўсходняга партнэрства».

«Найчасьцей апошнім часам з ураду Беларусі нам задаюць пытаньне адносна магчымасьці фінансаваньня па праграме. Мы кажам, што „Ўсходняе партнэрства“ — гэта найперш магчымасьць набліжэньня да ЭЗ на інстытуцыйным узроўні. Грошы нібы граюць дапаможную ролю. Сродкі, якія вызначаныя для Беларусі, прызначаныя для ініцыятываў высокага ўзроўню, для ажыцьцяўленьня працы, сустрэч у фармаце шматузроўневага партнэрства».

Адносна «Эўранэсту» застаюцца рознагалосьсі паміж Эўрапарлямэнтам і афіцыйным Менскам што да фармату ўдзелу ў ім Беларусі.

Янушаўскас: «Абмен думкамі па гэтым пытаньні працягваецца дагэтуль».
Гэта патрабуе, каб мы падзялялі агульныя каштоўнасьці — такія, як дэмакратыя, вяршэнства права, захаваньне правоў чалавека, большае адкрыцьцё эканомікі і рынкавыя рэформы.
«Мы хацелі б бачыць больш, каб Беларусь магла браць удзел ня толькі ў шматбаковым, але і двухбаковым фармаце, які дае магчымасьці свабоднага гандлю, руху людзей, збліжэньне інстытуцыйнага характару. Гэта патрабуе, каб мы падзялялі агульныя каштоўнасьці — такія, як дэмакратыя, вяршэнства права, захаваньне правоў чалавека, большае адкрыцьцё эканомікі і рынкавыя рэформы».

Паводле спадара Янушаўскаса, уступленьне Беларусі ў Мытны саюз з Расеяй і Казахстанам можа зьмяніць правілы гульні ў сфэры гандлю і паўплываць на перамоўны працэс: «Зусім магчыма, што стаўкі мыта павысяцца для трэціх краінаў, краінаў ЭЗ, і гэта можа прывесьці да шматмільённых стратаў у гандлі».

Адносна пагадненьня пра партнэрства і супрацоўніцтва паміж ЭЗ і Беларусьсю спадар Янушаўскас сказаў:

«Рада міністраў ЭЗ даручыла Эўракамісіі стварыць часовы плян дзеяньняў па Беларусі, які ЭЗ мог бы прапанаваць афіцыйнаму Менску. Камісія бліжэйшым часам можа прапанаваць такі плян для абмеркаваньня міністрам, і калі ён будзе ўхвалены, ЭЗ можа прапанаваць яго ўладам Беларусі. Гэты плян будзе ахопліваць усе сфэры супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Мы спадзяемся, што ён будзе цікавым Беларусі. Адной зь яго мэтаў і было б вяртаньне да падпісаньня нейкай дамовы пра супрацоўніцтва ці аднаўленьне старой, замарожанай у зьвязку з падзеямі 90-х гадоў, дамовы. У нас няма цяпер дамоваў, на падставе якіх можа праводзіцца супрацоўніцтва. І калі будзе рух з боку афіцыйнага Менску ў галіне правоў чалавека, свабоды слова, мараторыю на сьмяротнае пакараньне і ў іншым, пра што мы часта нагадваем, мы будзем гатовыя да супрацоўніцтва».


XS
SM
MD
LG