Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра пачатак будаўніцтва новага менскага сьледчага ізалятару замест вядомай «Валадаркі». Новую сьледчую турму пабудуюць у прамзоне «Калядзічы» на паўднёвай ускраіне Менску. Будоўлю плянуюць пачаць ў 2012 годзе і завершыць у 2015 годзе.

Фінансавацца працы будуць зь бюджэту — інвэстара для такога спэцыфічнага аб’екту знайсьці не ўдалося.

Менскі сьледчы ізалятар № 1 знаходзіцца на вуліцы Валадарскага ў гэтак званым Пішчалаўскім замку. Насамрэч гэты будынак ніколі ня быў замкам, яго пабудавалі ў сярэдзіне 19-га стагодзьдзя адразу як турму па праекце архітэктара Пішчалава. Усе ўлады, якія з тых часоў перабылі ў Беларусі, — царскія, нямецкія, польскія, бальшавіцкія, фашыстоўскія, савецкія і нарэшце беларускія — заўсёды выкарыстоўвалі Пішчалаўскі замак паводле ягонага простага прызначэньня. У сутарэньнях замку сядзелі паўстанцы супраць царызму, рэвалюцыянэры, вядомыя паэты і пісьменьнікі, у тым ліку Якуб Колас, таксама кантрабандысты, «ворагі народу», антыфашысты-падпольшчыкі ды крымінальныя злачынцы. З часу праўленьня Аляксандра Лукашэнкі на «Валадарцы» пабывалі шмат хто з апазыцыянэраў: Юры Хадыка, Павал Севярынец, Андрэй Клімаў ды дзесяткі іншых.

Паводле афіцыйных зьвестак, менавіта на «Валадарцы» утрымліваюць асуджаных на сьмерць злачынцаў, а вось у якім месцы адбываецца сьмяротная кара, афіцыйныя крыніцы не паведамляюць. Ёсьць меркаваньне, што гэта адбываецца ў сутарэньні адной зь вежаў Пішчалаўскага замку.

Што будзе далей з гэтым старым будынкам? Ёсьць інфармацыя, што яго перададуць гарадзкім ўладам для далейшага выкарыстаньня як турыстычнага аб’екту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG