Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі за парушэньні правоў працоўных зь Беларусі не здымаюць


У Жэнэве на штогадовай Канфэрэнцыі працы разглядалі беларускае пытаньне і зноў выказаліся за санкцыі адносна беларускага ўраду.


9-га чэрвеня ўдзельнікі штогадовай Канфэрэнцыі працы ў Жэнэве абмеркавалі гэтак званае «беларускае пытаньне» — як у Беларусі выконваюць рэкамэндацыі Ўсясьветнай арганізацыі працы дзеля забесьпячэньня свабоды аб’яднаньняў працоўных. Пра вынікі «Свабодзе» распавяла прэсавы сакратар БКДП Ірына Буд-Гусаім.

«Камітэт нормаў і стандартаў заклікаў урад Беларусі „павялічыць намаганьні“ дзеля забесьпячэньня свабоды аб’яднаньня працоўных у Беларусі. Акрамя таго, камітэт выказаў „спадзяваньне адзначыць істотны прагрэс у гэтым кірунку ў наступным годзе“. Пра гэта гаворыцца ў заключэньні камітэту адносна выкананьня ў Беларусі рэкамэндацыяў Усясьветнай арганізацыі працы».

У канфэрэнцыі бярэ ўдзел дэлегацыя Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў на чале зь лідэрам кангрэсу Аляксандрам Ярашуком. На жаль, дазваніцца да Аляксандра Ярашука да гэтага часу не ўдалося. Пра яго пазыцыю распавяла Ірына Бут-Гусаім.
Урад атрымаў яшчэ год на выпраўленьне становішча з правамі працоўных на аб’яднаньні.


Паводле прэсавага сакратара БКДП, Аляксандар Ярашук падчас выступу заклікаў не аслабляць увагі да сытуацыі ў Беларусі і скрытыкаваў дзеяньні ўладаў што да правоў незалежных прафсаюзаў. Гэтыя дзеяньні Ярашук назваў «атакай» на асноўныя дэмакратычныя каштоўнасьці. Аднак пазыцыя Аляксандра Ярашука не была адназначнай, кажа Ірына Буд-Гусаім:

«Разам з тым Аляксандар Ярашук заклікаў выявіць гнуткасьць і цярплівасьць ды заняцца пошукам новых пунктаў для намаганьняў усіх бакоў. Гэта патрэбна, каб стымуляваць урад на абавязковае выкананьне ўсіх рэкамэндацый і дасягнуць у выніку доўгачаканага прагрэсу, мяркуе Аляксандар Ярашук».

Пры гэтым, на думку лідэра Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, за мінулыя гады татальны кантроль беларускай дзяржавы над працоўнымі не аслабеў, а толькі ўзмацніўся.

З 2007 году Беларусь была пакараная пазбаўленьнем прэфэрэнцый у гандлі з краінамі Эўразьвязу з прычыны шматлікіх парушэньняў правоў незалежных прафсаюзаў у Беларусі. Гэтае рашэньне было прынятае паводле рэкамэндацыі Ўсясьветнай арганізацыя працы, якая ўжо 10 гадоў запар вывучае сытуацыю ў Беларусі.

«Рашэньне, якое прынялі сёньня ў Жэнэве, азначае, што, хутчэй за ўсё, санкцыі зь Беларусі зьнятыя ня будуць. Урад атрымаў яшчэ год на выпраўленьне становішча з правамі працоўных на аб’яднаньні», — патлумачыла «Свабодзе» прэсавы сакратар БКДП Ірына Бут-Гусаім.


XS
SM
MD
LG