Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Машын — шмат, пакупнікоў — мала


Сёньня ў Беларусі людзі актыўна абмяркоўваюць навіну, што цяперашняе ўвазное мыта на імпартаваныя аўтамабілі для фізычных асобаў, хутчэй за ўсё, будзе захавана да 2012-га году. Напярэдадні менавіта пра такое рашэньне экспэртаў краін Мытнага саюзу было паведамлена ў Палаце прадстаўнікоў.



ГОМЕЛЬШЧЫНА


«У параўнаньні з 2008-м годам рынак новых аўто адкаціўся на 6-7 гадоў»

«Аўтацэнтар НТС»
Гомельскі салён «Аўтацэнтар НТС» (на здымку) займаецца пераважна продажам новых аўтамабіляў нямецкай вытворчасьці «Volkswagen». Ахвочых набыць прэстыжную іншамарку «з нуля» сёлета тут значна паменела.

Гаворыць начальнік аддзелу продажаў Раман Панчанка:

«Рынак проста адкаціўся на гадоў 6-7 назад у параўнаньні з 2008 годам — пікавым годам у продажы аўтамабіляў і самым спрыяльным, каб іх набываць.

У цэлым жа продаж сёлета скараціўся на 70 адсоткаў нават у параўнаньні з 2009 годам».

Анатоль Печкуроў
Пра спад продажу новых аўтамабіляў марак «Ford», «KIA», «Samand» кажа й кіраўнік аддзелу продажаў ААТ «АўтаНова» Анатоль Печкуроў:

«Адсоткаў на 30 — гэта пэўна. У студзені спад быў поўны — мёртвы студзень быў. У лютым тыя, хто хацеў купіць новую аўтамашыну, крыху сталі адумвацца, бо зразумелі, што дзявацца няма куды — сытуацыя ўжо ня зьменіцца. Цяпер спакваля ідзе рост. Але агулам 30 адсоткаў пакупнікоў новых аўтамабіляў мы цяпер ня бачым у салёне, калі параўноўваць з 2009 годам».

«У канчатковым выніку пацярпеў спажывец»

«АўтаНова»
Прадаўцы новых легкавікоў выказваюцца за тое, каб умовы працы былі аднолькавымі, бо сытуацыя, якая зараз склалася на рынку, прывяла да насычэньня яго аўтамабілямі, якія былі ў карыстаньні. Гэта ня надта добра з экалягічнага гледзішча.

Агулам жа мытныя навацыі наўпрост адбіліся на кішэнях пакупнікоў:

Печкуроў: «У канчатковым выніку пацярпеў спажывец. З 1 студзеня ён пачаў плаціць на паўтары тысячы даляраў больш. Што выйграў звычайны пакупнік ад гэтага новаўвядзеньня? Ён толькі страціў паўтары тысячы даляраў».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


У рэгіёне перапоўненыя аўтарынкі

Магілёўскі аўтарынак сёньня ня быў шматлюдным.
У Магілёве мясцовы рынак аўтамабіляў перапоўнены. Што чакае яго ў бліжэйшай будучыні? Ці ўпадуць цэны на замежныя аўтамашыны?

Спадар: «Загружаныя рынкі. Прадаўцам машын цяжка будзе зьнізіць цану, бо яны затрацілі свае грошы й яны хочуць іх хаця б вярнуць. Цэны будуць трымацца на ўзроўні цяперашнім. А прыбыцьцё новых машын — дужа праблематычнае. Грошай свабодных у прадаўцоў няма».

Спадар: «Яны ж ужо ўпалі былі, цэны. І яшчэ ўпадуць, ну, прыкладна, працэнтаў на дзесяць. Можа, на тыя машыны, якія каштавалі тры-чатыры тысячы, цэны застануцца ранейшымі, а калі за пяць і вышэй — будуць падаць. Машын цяпер хапае. Раней была адна пляцоўка, а цяпер дзьве запоўненыя».

Спадар: «Машын дужа шмат прыгнаных, і яны будуць таньнець. Працэнтаў на дваццаць. Грошай няма ў людзей наяўных. А куды ўжо падымаць?»

Спадар: «Будзем на іх езьдзіць самі. Вось што будзе. Калі зломіцца адна, сядзем на другую. Выйсьця іншага я ўсё адно ня бачу. Цэны ўпадуць, канечне, аднак ніжэй, чым тое, за што купіў, чалавек усё адно прадаваць ня будзе. Яна будзе стаяць дома».

«Кожны месяц улада вырашала — то „так“, то „не“. Ня веру я і гэтаму!»

Няма ажыятажу вакол машын, здадзеных на камісію.
Спадар: «Машын шмат. Попыт упадзе, то й цэны ўпадуць. Калі чалавеку трэба будзе грошы вярнуць і прадаць тавар, то пойдзе на нейкія зьніжэньні. Усё ж, як бы там ні было, аўтамабільны рынак не падначальваецца нікому».

Спадар: «У нас няма свайго вытворцы, таму ў нас наагул не павінна быць мыта. За што мы плацім, я ня ведаю. Калі б быў свой вытворца, то я разумею — абарона ўнутранага рынку, а так няма свайго вытворцы. Куды ж такія памеры мыта? І так бяз цукру ясі».

Спадар: «Мне здаецца, што калі й выйшла нешта афіцыйнае — гэта яшчэ так… За дзень, за два ўсё можа памяняцца, і ўсё. Таму цяпер неадназначная сытуацыя. Кожны месяц яны — то „так“, то „не“. Тое, што афіцыйна выйшла, — верыць гэтаму ня варта».


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Грошы ўкладзеныя, а аўтамабілі не прадаюцца

На найбуйнейшым берасьцейскім аўтамабільным рынку ў Старых Задворцах прапановаў продажу аўтамабіляў нашмат болей, чым попыту. Нешматлікія пакупнікі маюць багаты выбар ужываных аўтамабіляў любых марак, любога году выпуску. Падрабязьней — наш берасьцейскі карэспандэнт.

Жыхары памежнага рэгіёну актыўна ўвозілі ўжываныя іншамаркі, мяркуючы, што пасьля зраўнаньня мытных ставак Беларусі і Расеі на гэтым можна будзе зарабіць. Спадзяваньні на хуткі заробак, аднак, выявіліся марнымі, кажа аўтаперагоншчык зь Берасьця Сяргей:

«Ад пачатку году шматлікія аўтаперагоншчыкі імкнуліся зарабіць. Шукалі грошы, укладалі свае сродкі на набыцьцё аўтамабіляў. Спадзяваліся, што мыта павысіцца, а разам з тым павысяцца і кошты на аўтамабілі. Але цяпер так атрымліваецца, што грошы ўкладзеныя, а тавар не прадаецца. Аўтарынак зараз перанасычаны. Таму аўтаперагоншчыкі знаходзяцца ў даўгавой яме. Цяпер таксама відаць, што вылезьці зь яе даволі складана, бо машыны практычна не прадаюцца».

«Палітыка дзяржавы нагадвае авантуру»

Аўтаперавозчык адзначае, што апошнім часам ён практычна і не стаіць са сваім таварам на аўтарынку ў Берасьці, бо пакупнікоў вельмі мала. У сытуацыі ж, якая склалася, вінаватая дзяржава са сваёй непасьлядоўнай палітыкай, кажа ён:

«Спачатку нам сказалі, што мыта павысіцца. Для прадпрымальнікаў адназначна гэта было вельмі нявыгадна. Бо тут, асабліва ў заходніх рэгіёнах, моладзь практычна жыве з гэтага. Пазьней прынялі гэты крок дзяржавы, шмат хто напазычаў грошай, паўлазіў у пазыкі. А тут дзяржава кажа, што мыта ня будзе падымацца. Тады навошта было падпісваць дамову з Расеяй і Казахстанам? Вельмі падобна да нейкай авантуры. Канечне, дзяржава ад гэтага выйграла, але для простых грамадзян гэта сапраўдны ўдар, бо шмат хто страціў з-за гэтага авантурызму».

Аўтаперавозчык кажа, што верагодна чакаць зьніжэньня коштаў на аўтамабілі зь ліпеня на 10-15 адсоткаў — да ўзроўню пачатку году.
XS
SM
MD
LG