Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горацкая міліцыя не знайшла ананімнага інфарматара, які паведаміў, што двое актывістаў апазыцыі Эдуард Брокараў і Галіна Будная нібыта прадавалі 1 чэрвеня на гарадзкім дзіцячым мерапрыемстве паветраныя шарыкі з пазнакай «Гавары праўду». Знайсьці ананімшчыка пісьмова запатрабаваў Эдуард Брокараў.

Ананімная інфармацыя сталася падставай для затрыманьня актывістаў. У пастарунку іх пратрымалі каля гадзіны. Міліцыянтам Брокараў і Будная патлумачылі, што шарыкі яны раздавалі ўдзельнікам мерапрыемства як падарункі да міжнароднага Дня абароны дзяцей.

У атрыманым зь міліцыі лісьце Эдуарду Брокараву паведамілі, што ў ананімшчыка адсутнічае склад правапарушэньня, таму вытворчасьць па адміністрацыйнай справе спыненая.
Я ня веру ў тое, што наша міліцыя настолькі бездапаможная, што ня можа вызначыць аўтара ілжывага паведамленьня.

Брокараў лічыць такі адказ адпіскай і заяўляе, што ананімшчык парушыў заканадаўства:

«У адміністрацыйным кодэксе гаворыцца, што заведама непраўдзівае паведамленьне, якое прывяло да мераў рэагаваньня міліцыяй, вымагае штрафу ў памеры ад чатырох да пяці базавых велічыняў. Я ня веру ў тое, што наша міліцыя настолькі бездапаможная, што ня можа вызначыць аўтара ілжывага паведамленьня. Тэлефанаваньні там запісваюцца».

Эдуард Брокараў і Галіна Будная пакуль ня вырашылі, ці будуць абскарджваць адказ зь міліцыі ў вышэйшых інстанцыях.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG