Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскага актывіста стваранай партыі БХД выклікаюць у суд


Алеся Галаваня будуць судзіць за распаўсюд бюлетэняў "Весьнік" і "Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя". Разгляд справы павінен быў адбыцца 8 чэрвеня, але позву актывісту тады не ўручылі.

Алесь Галавань распавёў, што ў якасьці сьведкі на суд выклікаюць чамусьці і ягоную 69-гадовую маці. Навошта — яму незразумела, бо яна ня бачыла ні працэсу распаўсюду, ні затрыманьня актывіста, якое адбылося 4-га траўня.

Паводле спадара Галаваня, яго затрымалі на праспэкце Будаўнікоў, дзе ён раздаваў мінакам выданьні стваранай Партыі БХД. Яго завезьлі ў Першамайскі РАУС, але спачатку, заўважыўшы, што бюлетэні маюць усе выходныя дадзеныя, міліцыянты ня сталі складаць пратакол пра правапарушэньне. Толькі забралі ў распаўсюдніка каля 30 асобнікаў "Весьніка" і каля дзясятка бюлетэняў "Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя"— нібыта для вывучэньня зьместу.

8-га чэрвеня стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі ўсё ж лічаць Алеся Галаваня правапарушальнікам і што пратакол за нібыта незаконны распаўсюд друкаванай прадукцыі ня толькі напісаны, але ўжо і перададзены ў суд. Позву на працэс аддалі бацькам актывіста, але не яму самому — таму ён кажа, што будзе чакаць наступнай, якую яму мусяць перадаць асабіста ў рукі.

Што да распаўсюду выданьняў БХД, то Алесь Галавань лічыць, што складу правапарушэньня ў ягоных дзеяньнях не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG