Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга не для дэмакратаў


8 чэрвеня ў Менску навуковец і публіцыст Анатоль Астапенка прэзэнтаваў сваю новую кнігу, у якой дасьледуе зьяву беларускага нацыяналізму. Кніга ў 700 старонак называецца «Игде зродилися и ускормлены суть по Бозе (Дасьледваньне беларускага нацыяналізму)».


Кніга-досьлед беларускага нацыяналізму мае грувасткую і на першы погляд цяжкую назву — «Игде зродилися и ускормлены суть по Бозе». Гэта фрагмэнт адной з прадмоваў Францыска Скарыны — Анатоль Астапенка шукае беларускую нацыянальную ідэю ў розных сфэрах, у тым ліку і ў творах Скарыны, Сымона Буднага, Міколы Гусоўскага, Афанасія Філіповіча.

Астапенка ў прадмове да сваёй новай кнігі піша, што «ў кожнай сучаснай дзяржаве кожны нармальны грамадзянін ад пачатку нацыяналіст» і што «быць нацыяналістам — гэта нармальны стан чалавека, бо чалавека без свайго нацыянальнага пачатку на Зямлі проста не існуе». Апрача таго, аўтар досьледу беларускага нацыяналізму ставіць знак тоеснасьці паміж паняцьцямі «нацыянальная ідэя» і «нацыяналізм».

Анатоль Астапенка: «Я лічу, што ў любой дзяржаве ўсё павінна падпарадкоўвацца панятку нацыі, нацыянальнай ідэі. І эканоміка ў тым ліку мусіць быць нацыянальнай. Мяне часта пытаюцца, колькі я працаваў над гэтай кнігай. Вельмі цяжка адказаць, таму што шлях да напісаньня — гэта цэлая эвалюцыя, якая пачалася з канца 80-х гадоў, калі ўтвараўся Беларускі народны фронт. Я таксама ўваходзіў у аргкамітэт».

У сьпісе зыходных прынцыпаў, на якіх грунтуецца падыход Анатоля Астапенкі, на першым месцы стаіць тэза пра тое, што "гэтая кніга не для дэмакратаў, дэмакратыя і нацыянальная ідэя несумяшчальныя, гэта кніга для тых, хто любіць Беларусь".

Падчас прэзэнтацыі.
Літаратуразнавец, культуролаг, кандыдат філалагічных навук, прафесар Аляксей Рагуля: «Зьяўленьне кнігі паважанага Анатоля Астапенкі — гэта не шараговая зьява ў гісторыі нашай гуманітарыстыкі. Маю на ўвазе і грамадзянскую гісторыю, і паліталёгію, і перш за ўсё культуралёгію».

Сярод прысутных на прэзэнтацыі таксама выказвалася думка, што 730 старонак — зашмат для масавага чытача, і Анатолю Астапенку было б добра падрыхтаваць адаптаванае выданьне на 100-200 старонак, якое б змаглі адужаць простыя чытачы.

Анатоль Астапенка нарадзіўся ў 1947 годзе. Навуковец, публіцыст, палітык, фізык-тэарэтык, кандыдат фізыка-матэматычных навук. Прэзэнтаваны «Досьлед беларускага нацыяналізму» — ня першая кніга Анатоля Астапенкі, раней выходзілі ягоныя працы «Паслухайце нацыяналіста» ды «Нацыяналізм у сучасным сьвеце».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG