Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Кушлянах маладзёны Леніна ня ведаюць, Багушэвіча — усе!”


У часе колішняй вандроўкі па Смаргоншчыне спытаў у свайго спадарожніка ды добрага знаёмцы, філёзафа, сябра Партыі БНФ Алеся Ількевіча пра самыя нацыянальна «гучныя» ды інтымна-маляўнічыя, дзе душа мае адхланьне, тутэйшыя мясьціны. Алесь адказаў, што ўсё ўмяшчаецца ў адным слове — Кушляны.

Ількевіч: «Кушляны вядомыя перш за ўсё тым, што там сядзіба Багушэвіча. Пасьля Дня славянскай пісьменнасьці можам праехаць па Смаргоні ды ўбачыць білборды зь ім вялікія на дамах. Рэклямы Кушлянам дабавілася…»

Яшчэ, дарэчы, і пасьля таго, як сёлета 22 траўня тут была адноўленая, пасьля 15-гадовай пярэрвы, ля музэю-сядзібы Францішка Багушэвіча традыцыя праводзіць усебеларускае Сьвята паэзіі. У Кушлянах апошнія гады пасьля Вільні славуты, як яго называюць, «пясьняр мовы, ідэоляг Адраджэньня ды вызвольнага дэмакратычнага руху» жыў, працаваў і памёр. З ахвотай сюды едуць многія. Адразу ж зазначыў дырэктар ды заснавальнік музэю, 55-гадовы, неўтаймоўна-рухавы Алесь Жамойцін.


Жамойцін: «Турыстычная наведвальнасьць Кушлянаў паднялася за апошнія тры гады. Год 10 трымаліся на 700 чалавек у год. Дык цяпер едзе да 2 тысяч, калі ўлічыць, што гэта элітны музэй…»

Што да інтымнасьці, дзеля пачатку вы ходзіце па абсаджанай вячыстымі, векавымі лістоўніцамі ды соснамі алеі. Дзе зьнікае гарадзкі тлум, дыхаецца ды думаецца па-ранішняму чыста ды ясна. Пасьля вы патрапляеце ў прасторныя, з высокай стольлю, сядзібныя пакоі, дзе, паводле ўспамінаў ды фотаздымкаў, захоўваюцца ў Багушэвічавым парадку сабраныя рэчы, рукапісы, шаблі часоў паўстаньня 1863–64 гадоў. І, канечне, несьмяротныя словы Мацея Бурачка да «братцаў мілых, дзяцей Зямлі-маткі маёй»:

— Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!"

Праз колькі хвілін мы са спадаром Жамойціным парушаем маўчаньне:

Карэспандэнт: «У мяне асацыяцыя з домам-музэем Чэхава ў Ялце ўзьнікае, калі няма нічога лішняга, дурной раскошы — стыль мастака…»

Жамойцін: «Тым больш, мэбля пад заказ рабілася. Як украінцы кажуць — „шырпатрэб — ня трэба“. Я заўсёды на экскурсіі параўноўваю тры постаці — Пушкіна, Шаўчэнку і Багушэвіча. Каб глыбока, як Шаўчэнка на ўкраінцаў, нашых варушыла — трэба падняць школу на гэты ўзровень. На тых, хто кантактаваў з Багушэвічам, быў культурніцкі ўплыў. І людзі, маючы невялікія надзелы зямлі, цягнуліся да навукі — я іх застаў. Дачка яго ведала шмат моваў — францускай вучыла сялянскіх дзяцей. У 1988-м, калі прыехаў сюды, тут былі бібліятэка і клюб. Даўно ведаў дзеда Міхала Ляпеху, які даглядаў тут за ўсім. Дзякуючы яму не разабралі за савецкім часам каменную абору. З 1990-га я фактычна запачаткаваў музэй — дазволілі адкрыць за 2 гады да 150-годзьдзя. Кніжак, рэчаў Багушэвіча — лічаныя на пальцах, каля 200 ксэракопій. Сьцены дарагія — во такому бервяну 150 год. Гэта зь лесу, што Багушэвічы мелі з 1749 году, як купілі маёнтак. Калі ўнучку і праўнучку Багушэвіча высылалі ў Сыбір, НКУС тут нічога не канфіскаваў, таму што ішлі па разнарадцы „багатыя людзі“ — за 10 га садзілі, а тут 300 га зямлі! Рэчы былі разрабаваныя сялянамі пасьля вайны — параскіданыя паперы, фота валяліся ў аборы. Трахімы, Трыколі вёсачкі былі. Зь іх перайшлі ў музэй камода з гасьцёўні, пісьмовы стол з кабінэта, тры крэслы з элемэнтамі рэзьбапляценьня — аўтэнтыка, напоўненая энэргетыкай Багушэвіча…»

Мой позірк у канцы сянец патрапляе на бел-чырвона-белы… сьцяг? Не, усьміхаецца Алесь — маўляў, пад гэтым штандарам у войску касінераў Багушэвіч хадзіў у часы Каліноўскага.

Жамойцін: «Пяціпалосьнік бел-чырвона-бел-чырвона-белы. Гэта гістарычная важнасьць, бо прыпадабняе яго да амэрыканскага штандара…» (Сьмяецца.)

Прыгадваецца, што на сьвяце паэзіі тут меўся дэклямаваць свае вершы і Ўладзімір Някляеў, які ня змог прыехаць з-за памятных усім падзей. Мімаволі ўзьнікаюць маё пытаньне і адказ суразмоўца.

Карэспандэнт: «Чым сучасны Багушэвіч?»

Жамойцін: «Ён натуральны, народны, ішоў зь вёскі. Ёсьць у яго верш „Свая зямля“. У нас ёсьць стары звычай, калі адпраўляліся на чужыну, вайну ці выгнаньне, заўсёды ў мяшэчку вешалі на шыю зямлі са свайго пляцу. Лічылі, што падсілкоўвае, дае моц. Багушэвіч абыгрывае на сабе, што, калі на выгнаньні нудзілася, браў каліва сваёй зямлі, заліваў вадой, і адразу лягчэла. А каму гэтая зямля чужая, не адгукалася нічога. Цэнзар убачыў у гэтай любові да Беларусі „праклямацыю“ — за захоўваньне верша пагражала судовае пакараньне…»

* * *

На пачатку вёскі напаткала экзатычнае відовішча — пажылы мужчына ідзе за плугам, які цягне вайсковы ўсюдыход-амфібія. Гэта ноў-хаў 45-гадовага Пятра Грынчука зь сябрам Вячаславам.


Спадарства: «Узялі сотак 15 — ральлю падымем, сеяць бульбу будзем наступным годам… Самі кушлянскія — я на „хуткай“ у Смаргоні… Я нідзе, жыву за кошт гаспадаркі…»

Пасьля дзённай сьпёкі вобак на лаўцы ўселіся папляткарыць 75-гадовыя цёткі-аднагодкі, якія здалёк зь цікаўнасьцю вывучалі мяне, завешанага апаратурай.


Карэспандэнт: «А вас як завуць, маладзіцы?»

Спадарыні (сьмяюцца): «О, у 75 — праўда, добра выглядаю — Алена, 21 год працавала малаказборшчыцай… А я Марыя… А я не скажу! (сьмех ) Яшчэ возьмуць і ўпякуць!»

Карэспандэнт: «Бэнээфаўцаў» будуць «упякаць» — а вы ж за Лукашэнку ўсе галасавалі, ён жа «ваш»…

Спадарыні: «Мы дык жывем за Лукашэнкам — раней пэнсію калі дадуць, калі не дадуць, а цяпер своечасова прынясуць і заплацяць… А маладыя ў горад — заробкі малыя. Паляводы мо і 300 ня маюць — мо калі і 100… Сын на трактары столькі ўзімку і мае. А ўлетку хаця б мільён — як у Солы забралі і праўленьне, і пасевы, і скаціну. А цяперака працы нямашака, людзі ў хаце… Мала ўжо кароў — калейку на месяц пасьвім мо і тры разы… Статак 15 галоў. Раней — няма гавэнды — і 70 было… І сьвінчо збываюць, бо пракарміць і бульбы, і мукі трэба — шмат хто і ня дзержа…»

73-гадовая спадарыня Марыя Дзяткевіч вярталася з крамы і падхапіла размову.

Дзяткевіч: «Во і п’юць — я і з-за свайго мужыка праз гэта прападаю. Ён з 50 год пайшоў на пэнсію па інваліднасьці з трактарыста. Але якая там пэнсія — 230 тысяч. Адпрацавала 27 год — за працадзень, за „палачку“. Нізкі заробак — няма з чаго дабаўляць. Але кароўку яшчэ дзяржым, каля хаты сена хапае — дзеці памагаюць касіць. Адна дачка ў Менску, другая ў Смаргоні…»

Два гады таму СВК «Кушляны» далучылі да аграгарадку ў пасёлку Солы. Як і ўсюды, разам з калгаснай тэхнікай, працоўнымі месцамі ды далейшымі жыльлёвымі пэрспэктывамі тутэйшых людзей.

Тацьцяна: «Казалі, болей домікаў пабудуюць. А цяпер, як на Солы пайшоў калгас наш, закінулі-зарынулі Кушляны…»


Тацьцяна Мацкевіч, 22-гадовая золатавалосая прыгажуня ў шортах ды купальніку, сустрэла мяне на падворку, дзе люляла трохмесячнага Сашку ды сачыла за старэйшым на год Кірылам. У адзін з 7 пабудаваных яшчэ да аграаб’яднаньня прэзыдэнціх домікаў усялілася з мужам-жывёлаводам ужо ў дэкрэце.

Карэспандэнт: «А прыватызаваць нельга хату?»

Тацьцяна: «А толку! Яна ж разваліцца-пасыпецца, пакуль выплацім. Дый дорага — каля 40 мільёнаў, каб яны пагарэлі… Яны ж звычайна чарназём завозяць — а ў нас не. Дык нічога не расьце, нават кветкі. Бульбы 4 мяхі пасадзілі, а накапалі мо кошык. Цяпер во сад пасадзілі. У нас голыя сьцены былі, крышыцца ўжо ўсё за 2 гады. Падвалы пастаянна з вадой. У нас у 7 доміках „хаваюцца“ пад ёй трохлітровыя банкі. Халодныя — замест сьценаў адны блёкі, трэба і зараз газ уключаць. Хлявы па той вуліцы, як куратнікі. У нас карова нагу зламала, каня прадалі, сьвіней пакалолі — я б з двума дзецьмі ня ўправілася па-любому. Зарплаты то апускаюць, то падымаюць пастаянна…»

Даходжу да адзінай у вёсцы жывёлагадоўчай фэрмы на 900 кароў. Уражваюць сьвежапафарбаваныя гранітныя платы на заасфальтаваным аж да ўваходу ў хлявы падворку. Даглядчык, 58-гадовы спадар Франак Александровіч, злавіўшы мой крытычны позірк, сплёўвае ды махае рукой:

Александровіч: «Платы, як у Менску на праспэкце! Лепей бы заробку дадалі! У нас 6 даярак, 7 даглядчыкаў, 2 дактары, загадчык — як было, так і ёсьць. А мне 600–700 выходзіць у месяц. Малы заробак — працоўны дзень з 6 раніцы, з гадзіны да чатырох абед, з 4 да 7 тут ізноў. А дзе больш узяць, калі ня плацяць?! Лукашэнка казаў, што меней за 300 даляраў ня плацяць — хай бы так рабілася, самі ведаеце, як ён гаворыць…» (Сьмяецца.)

З хлявоў выходзіць перамазаны Аўген Мацкевіч — ён тутэйшы, скончыў вучэльню на электраманцёра, ажаніўся. Але маладога агеньчыка ў вачах бракуе.

Карэспандэнт: «Будзеш пераяжджаць з Кушлянаў?»

Яўген: «Калі будуць плаціць — куды ехаць? Усюды аднолькава…»

Карэспандэнт: «А пра Францішка Багушэвіча ведаеш, быў у музэі?»

Яўген: «Калі ў школе быў. А так — няма часу, кожны дзень на працы. Двое дзяцей, стараемся гаспадарку трымаць самі, без бацькоў…»

Пасьля вандраваньня па вёсцы дамовіліся абмяняцца ўражаньнямі ў сядзібе Багушэвіча зь вядомым нам ужо Алесем Жамойціным.

Карэспандэнт: «А чым сучасныя кушлянцы адрозьніваюцца ад тых, што жылі ў часы Багушэвіча?»

Жамойцін: «Па-першае, мэнтальнасьцю. Тыповыя „саўкі“. Як і ўсе мы, гэта — найміты. Ня маюць сваёй маёмасьці, чаго аддаць у спадчыну. Зямлі няма, фэрмэраў-уладальнікаў — на суглінцы не разагнацца. А страхі сядзяць і „крыжацкія“, і „польскія“, і „нямецкія“, і „татарскія“ — паглядзі, колькі! „Сьпісаць“ гэта меней чым за адно пакаленьне ня ўдасца — пры тым плянамерным „анты-“ трэба ісьці!»

Карэспандэнт: «А ты марыш дажыць да часоў, калі маладыя кушлянцы Леніна ня будуць памятаць, а Багушэвіча — так?»

Жамойцін: «Дык яны ўжо ведаюць і, дзякуй богу, Леніна ня ўзгадваюць…»

Карэспандэнт: «А музэй — „антысаўковая“, праэўрапейская іньекцыя духу?»

Жамойцін: «Патрыёт» паходзіць ад старадаўняга сямізначнага абазначэньня продкаў «пікара». Інакш, ты трымаеш у сабе, як мінімум, сем іх пакаленьняў — 126 чалавек павінен ведаць пайменна! Беларусы, па Багушэвічу, не павінны кідацца ні на Ўсход, ні на Захад — у нас вельмі глыбокая традыцыя…"

Карэспандэнт: «Наколькі скарачаецца, дзякуючы музэю, шлях да ўзроўню „патрыятызму“?»

Жамойцін: «Кушляны ўзьдзейнічаюць ачышчальна, на ўзроўні храма. І — зараджаюць. Бо стаяць на гары, дзе дрэвы 18 стагодзьдзя, дзе праходзіла наша ўся гісторыя. Нават калі нічога не пачуеш, а пройдзеш па гэтых сьцежках — шмат сьмецьця адляціць. У гэтым месцы нельга заставацца кансэрватыўным, застылым у звычках сваіх, нежаданьні ведаць. Кушляны абуджаюць…»

Пры канцы чую паэта Алеся Жамойціна:

«Сьвятло душы маёй Кушляны —
мне тут адчынены Сусьвет.
І Богам шанц падараваны
ісьці за мудрасьцю усьлед…»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG