Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якой павінна быць першая лэдзі краіны? Харызматычнай, сацыяльна актыўнай альбо наадварот — ціхай, непрыкметнай, далёкай ад палітыкі? Імідж першай лэдзі можа ўзьняць рэйтынг лідэра краіны. І гісторыя ведае шмат самых розных прыкладаў, у тым ліку і скандальных. Вось толькі ў Беларусі ніколі не было так званай першай лэдзі. Чаму так адбылося, і ці гатовыя жонкі новасьпечаных прэтэндэнтаў да такой адказнай і няпростай ролі?


За ўвесь час найноўшай гісторыі хіба што жонка Станіслава Шушкевіча Ірына суправаджала мужа падчас ягоных замежных візытаў і сустракала ў Менску першую лэдзі ЗША — Хілары Клінтан. Астатнія жонкі лідэраў заставаліся ў ценю. Гутару з чалавекам, які быў пры ўладзе і ў савецкі час, і ў першыя гады незалежнасьці Беларусі — Вячаславам Кебічам:

— Калі вы былі пры ўладзе, ці прынята было з жонкамі зьяўляцца на публіцы?

— Гэта была асабістая справа кожнага.

— А беларускія лідэры на афіцыйных прыёмах, на сустрэчах з жонкамі зьяўляліся?

— Я — не. Відаць, гэта залежала ад маёй жонкі. Яна не хацела. Не публічная асоба.

— Цяпер быццам бы зьмяніўся час. Чаму ў Беларусі няма першай лэдзі?

— Таму што яе проста няма. Яе ж штучна не прыдумаеш… (сьмяецца)

Афіцыйная першая лэдзі Галіна Лукашэнка ніколі не была публічнай асобай. Яна па-ранейшаму жыве ў вёсцы Рыжкавічы пад Шкловам, ня так даўно трапіла ў аб’ектыў журналістаў, калі праводзіла ўнукаў у школу…

Падчас апошняга афіцыйнага візыту ў Азэрбайджан кіраўніка Беларусі суправаджаў яго шасьцігадовы сын Коля. Нават за афіцыйнай вячэрай Коля сядзеў насупраць першай лэдзі Азэрбайджану прыгажуні Мэхрыбан Аліевай. Апошнія тры гады Коля суправаджае бацьку ў паездках і па краіне, і за мяжу.

Шэф-рэдактар «Народнай Волі», суаўтар кнігі «Звычайны прэзыдэнт» Сьвятлана Калінкіна разважае:

Сьвятлана Калінкіна
«У нас і на Захадзе — розныя ўяўленьні пра ролю жанчыны і ролі сям’і ў рабоце таго ці іншага выбітнага дзеяча. Проста гэта розныя першыя лэдзі, я б вось так сказала. Былі выпадкі, калі, напрыклад, Аляксандар Лукашэнка ў якасьці першай лэдзі ўвогуле прадстаўляў падчас замежных візытаў прадстаўляў ну зусім незразумелых дам. Гэта былі зусім выпадковыя жанчыны».

Так было ў першыя гады прэзыдэнцтва Лукашэнкі. У 1996 годзе падчас візыту ў Францыю яго суправаджала асабістая лекарка Ірына Абельская, якую ў парушэньне ўсіх дыпляматычных канонаў пасялілі ў суседнія апартамэнты, што былі замоўленыя для міністра замежных спраў. У сярэдзіне 1990-х жонак першых асобаў, што наведвалі Беларусь, прымалі Юлія Чыгір, Тамара Віньнікава… Зараз жа ў Беларусь лідэры іншых дзяржаў з жонкамі не прыяжджаюць…

Уласная карэспандэнтка расейскай «Независимой газеты» Ірына Халіп выказала такое меркаваньне наконт таго, чаму ў Беларусі няма першай лэдзі:

Ірына Халіп
«Цяперашняя ўлада, здаецца мне, не дапускае нават думкі пра тое, што побач з кіраўніком увогуле можа быць жанчына. Што гэта ўвогуле зьяўляецца доказам таго, што гэта нармальны чалавек, нармальны мужчына, што ў яго ёсьць сям’я, а гэта значыць, што ён псыхічна нармальны. Вось што павінна ўвасабляць жанчына, якая побач з кіраўніком. Ну, а нам пакуль што не пашанцавала, але я ўпэўненая, што хутка ўсё зьменіцца».

Неўзабаве прэзыдэнцкія выбары. І ўжо пра свае амбіцыі балятавацца на выбарах заявіў амаль дзясятак ахвотных. Сярод прэтэндэнтаў — кіраўнікі Руху «За свабоду! Аляксандар Мілінкевіч, лідэр «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Саньнікаў, старшыня Вярхоўнага савету Мечыслаў Грыб, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў генэрал Валер Фралоў, намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук; намесьнік кіраўніка партыі «зялёныя» Юры Глушакоў; палітык Алесь Міхалевіч, сустаршыня стваранай Партыі БХД Віталь Рымашэўскі, прадстаўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Людзі рознага ўзросту, ёсьць і ўдаўцы, і нават зайздросны жаніх. Але бальшыня — сямейныя. Ці гатовыя жонкі прэтэндэнтаў да ролі першых лэдзі?

Некаторыя з жонак — асобы не публічныя.

У Алеся Міхалевіча — моцная сям’я, жонка і дзьве дачкі, але тэлефон жонкі даць адмовіўся:

«Не, я сваёй жонцы нічога не забараняю, яна сама прымае рашэньні. Яна сама для сябе вырашыла, што ня хоча публічна фігураваць падчас выбарчай кампаніі. Мая жонка — маці дваіх дзяцей, яна выкладчыца ангельскай мовы. Яна палітыкай цікавіццца, але не займаецца».

Не публічная асоба і жонка кандыдата ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва:

«Жанаты 30 гадоў, у нас трое дарослых дзяцей. Так што ў гэтым пляне я стабільны. Жонка — сацыяльны работнік Шклоўскага аддзяленьня сацыяльнага забесьпячэньня. Магу сказаць, што ў нас сямейныя адносіны на першым пляне».

Жонка Віталя Рымашэўскага Наста па прафэсіі культуроляг, да дэкрэтнага адпачынку працавала ў архіве. Зараз гадуе дачку, якой 9 месяцаў. Што да ролі першай лэдзі, кажа:

«Ну, калі прыйдзецца, то буду гатова. Зараз мне проста цяжка ўявіць. Але калі трэба будзе, то я змагу. Мне падаецца, жонка павінна быць нейкім буфэрам. Не абавязкова яна мусіць улазіць у справы палітыкі. Хаця калі муж хоча, то можна выслухаць. Мне здаецца, наадварот, жонка павінна быць тым чалавекам, які мог бы адцягваць ад некаторых рэчаў, каб муж мог і фізычна, і душэўна адпачыць ад палітычных пытаньняў».

Аляксандра Мілінкевіча паўсюды суправаджае жонка Іна Кулей, і ў прадстаўнічых замежных паездках таксама. Часьцяком кранальна трымае мужа за руку… Зьяўляецца на публіцы з жонкай Ірынай Халіп Андрэй Саньнікаў. Што да ролі першай лэдзі, Ірына выказалася так:

«Падбіраць кашулю да гальштука — напэўна, не. Мой муж Андрэй Саньнікаў сам добра з гэтым можа справіцца. Умешвацца ў яго работу — барані Божа! Ведаеце, Саньнікаў — гэта ня той чалавек, хто дапусьціў бы, каб хтосьці ім кіраваў. Я думаю, першая лэдзі павінна займацца дабрачыннымі праектамі. Ведаеце, колькі ў нас людзей, якім патрэбна дапамога, колькі ў нас хворых дзяцей, бедных і хворых старых…»

Карэспандэнтка: «Ну, а працу тады давядзецца пакінуць?»

«Я вельмі люблю сваю працу. Але разумею, што калі я стану першай лэдзі, здаецца, гэта будзе вялікім глупствам — пісаць эксклюзіўныя рэпартажы з кабінэтаў улады і карыстацца той інфармацыяй, якая будзе да мяне даходзіць… Ведаеце, я гатова ахвяраваць. Я гатова на прэзыдэнцкі тэрмін сапраўды займацца дабрачыннасьцю. Спадзяюся, журналістыка, мая прафэсія мяне не забудзе».

Кожную з жонак патэнцыйных кандыдатаў можна зразумець, у кожнай сям’і свае правілы, кажа шэф-рэдактар Сьвятлана Калінкіна:

«Нехта сапраўды публічны чалавек, нехта ня любіць павышанай ўвагі . Асабліва, калі сапраўды незразумела, ці скончыцца чым-небудзь прэзыдэнцкая кампанія… Я лічу, што ў прыстойнага мужчыны заўсёды прыстойная жонка. А калі ёсьць пытаньні, то і па мужчыну будуць пытаньні. Але такой прамой сувязі паміж любоўю электарату і жонкамі, ці цешчамі, бацькамі я, шчыра кажучы, ня бачу. Увогуле, на сёньняшні дзень, улічваючы, што ва ўладзе такая своеасаблівая сямейнасьць назіраецца, я думаю, што такая дэманстратыўная сямейнасьць — гэта адмоўны паказчык для простага выбаршчыка, чым станоўчы».

Ну а пакуль беларусам з зайздрасьцю застаецца назіраць, як элегантна выглядае першая лэдзі Азэрбайджана Мэхрыбан Аліева — мэдык па адукацыі, кандыдат філязофскіх навук, ідзе ў палітыку — яна сябра парлямэнту ад партыі «Новы Азэрбайджан». Як першыя лэдзі Казахстана Сара Назарбаева, Расеі — Сьвятлана Мядзьведзева займаюцца дабрачыннасьцю. Як у Талінскім унівэрсытэце жонцы эстонскага прэзыдэнта Эвэлін Ільвэс прысьвяцілі аж дзьве магістарскія дысэртацыі…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG