Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраільцянін Барыс Капялюш прайграў суд супраць міліцыянтаў


Суд Магілёва не задаволіў пазову грамадзяніна Ізраілю Барыса Капелюша пра кампэнсацыю маральнай шкоды. Ён вінаваціў супрацоўнікаў Кастрычніцкага аддзелу міліцыі ў незаконным затрыманьні, неабгрунтаваным ужываньні сілы і ўтрыманьні ў пастарунку больш адведзенага законам тэрміну. Праз суд Капялюш намагаўся спагнаць зь міліцыянтаў 10 мільёнаў рублёў.


Судзьдзя Валянціна Лапаціна не знайшла падстаў для задавальненьня прэтэнзіяў пазоўніка. Паводле заканадаўства неправамернае затрыманьне і ўтрыманьне ў пастарунку ня можа быць нагодай для спагнаньня маральнай шкоды. Імі могуць стаць альбо незаконны арышт, альбо адпраўка на папраўчыя працы.

29 сакавіка Кастрычніцкі суд Магілёва апраўдаў Капелюша. Абласная пракуратура, куды той паскардзіўся, прызнала дзеяньні міліцыянтаў неправамернымі.

Капялюш: «Я так зразумеў зь сёньняшняга судовага выраку й тлумачэньняў міліцыянтаў, што рашэньне Кастрычніцкага суду й пракуратуры й ёсьць кампэнсацыяй мне маральнай шкоды. Мяне ж не прызналі хуліганам».

Нагодай для звароту Барыса Капелюша ў суд сталася яго затрыманьне ў краме, дзе між ім і прадаўцом адбыўся канфлікт. Эмацыйныя паводзіны пакупніка напалохалі прадавачку і яна выклікала міліцыю. Міліцыянты без высьвятленьня абставінаў канфлікту завялі Капелюша ў пастарунак. Пасьля працяглага допыту ў затрыманага здарыўся гіпэртанічны крыз. Выкліканыя міліцыянтамі мэдыкі забралі яго ў бальніцу. Інцыдэнт у краме і зь міліцыянтамі адбыўся 26 лютага.

Барысу Капелюшу 59 гадоў. Ён грамадзянін Ізраілю з 1996 году. Жыве ў Магілёве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG