Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зь дзясяткаў тысяч інтэрнэт-рэсурсаў рэгістрацыю атрымалі 20


На сайце дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА адбылася онлайн-канфэрэнцыя на тэму «Байнэт: у новым фармаце». У ёй узялі ўдзел прадстаўнікі Апэратыўна-аналітычнага цэнтру (ААЦ) пры прэзыдэнце і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Упершыню ад пачатку дыскусіі вакол прэзыдэнцкага ўказу № 60 і ўрадавай пастановы № 644, згодна зь якімі ад 1 ліпеня пачынаецца «ўпарадкаваньне нацыянальнага сэгмэнту інтэрнэту», голас падалі прэзыдэнцкія аналітыкі. Менавіта Апэратыўна-аналітычны цэнтар будзе кантраляваць выкананьне ведамасных патрабаваньняў што да «ўніфікацыі» нормаў у галіне інтэрнэт-паслугаў.

Спажыўцоў інтэрнэт-паслугаў цікавіла, што стане з канфідэнцыйнасьцю ў байнэце пасьля дзяржаўнага ўмяшаньня ў непадцэнзурную дагэтуль прастору. Адзін з наведнікаў пытаецца: ці можа Апэратыўна-аналітычны цэнтар з уласнай ініцыятывы праверыць, якія сайты наведваў той ці іншы карыстальнік? І ці будзе праверка забясьпечаная аб’ектыўным тлумачэньнем? Начальнік аддзелу ААЦ Аляксандар Горбач спаслаўся на тое, што падобныя захады могуць ажыцьцяўляцца ў адпаведнасьці з законам «Аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці» і пры наяўнасьці падстаў для правядзеньня такой праверкі. Сам жа ААЦ — гэта адмыслова ўпаўнаважаны дзяржаўны орган у сфэры бясьпекі выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту інтэрнэту. Адпаведныя паўнамоцтвы вызначаныя ўказам № 60.

Даведка
У Беларусі з 1 ліпеня набудзе моц указ № 60 «Аб захадах дзеля ўдасканаленьня выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт», які прадугледжвае пералік абавязкаў дзяржаўных органаў і арганізацыяў. Апроч таго, кожны пастаўшчык інтэрнэт-паслугаў будзе абавязаны абмежаваць доступ да інфармацыі, забароненай заканадаўствам. Таксама да 1 ліпеня павінна завяршыцца дзяржаўная рэгістрацыя інтэрнэт-рэсурсаў, прадугледжаная ўрадавай пастановай № 644. Яна адбываецца на падставе заявы, якую падае пастаўшчык інтэрнэт-паслугаў.
Таксама людзей непакояць меры адказнасьці за непраўдзівасьць інфармацыі, пададзенай пры рэгістрацыі сайтаў. У зьвязку з гэтым спадар Горбач адзначыў: да канца 2010 году будзе распрацаваны праект закону, накіраванага на «ўдасканаленьне адказнасьці за парушэньне заканадаўства ў галіне выкарыстаньня сеткі Інтэрнэт». Ці плянуецца ўвесьці крымінальную адказнасьць для юрыдычных асобаў за валоданьне сайтам на замежным хостынгу? З боку чыноўніка прагучала: крымінальны перасьлед — перабор. Але калі мае месца нядобрасумленная канкурэнцыя і нізкаякаснае прадстаўленьне паслугаў, то кампэтэнтныя органы маюць права правесьці вышуковыя мерапрыемствы, знайсьці вінаватага і прыцягнуць яго да суду.

Які лёс чакае інтэрнэт-сайты, якія знаходзяцца ў дамэне .by, але іх хостынг ажыцьцяўляецца за мяжой, пры тым, што суб’ект гаспадараньня напаўняе сайт інфармацыяй зь Беларусі? Тлумачыць галоўны спэцыяліст упраўленьня электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Павел Петрулевіч:

«Паколькі ў яго дамэн .by, ён аўтаматычна ўваходзіць у нацыянальны сэгмэнт сеткі Інтэрнэт. Адпаведна, ён як мінімум мусіць перайсьці на хостынг у Рэспубліку Беларусь. І ўжо потым зарэгістравацца ў вызначаным парадку пастаўшчыком інтэрнэт-паслугаў. У дадзеным выпадку пастаўшчыком інтэрнэт-паслугаў зьяўляецца нейкая замежная кампанія. Згодна з нарматыўнымі прававымі актамі, пры выкарыстаньні нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт (паколькі ў назьве сайту маецца „кропка by“, то такое карыстаньне ажыцьцяўляецца), вы абавязаныя перайсьці на хостынг кампаніі ў Беларусі. І ўжо гэтая кампанія, а іншымі словамі — пастаўшчык інтэрнэт-паслугаў — павінна будзе ажыцьцявіць рэгістрацыю дадзенага інфармацыйнага рэсурсу».

Экспэрты ААЦ дыстанцыяваліся ад чутак, якія ходзяць у байнэце пра магчымасьць абавязковай рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ, уключна з асабістымі старонкамі ў «Жывым Журнале», сацыяльных сетках, якія пры жаданьні можна было б аднесьці да навінных стужак. Аляксандар Горбач адказаў, што ўказ № 60 не рэгулюе пытаньняў рэгістрацыі СМІ, але ёсьць адпаведны закон, які сьведчыць, што інтэрнэт-копіі СМІ не падлягаюць асобнай рэгістрацыі. Іншая справа — рэгістрацыя інтэрнэт-рэсурсу. Аднак чыноўнік сказаў, што гэта ўжо тычыцца непасрэдна кожнага СМІ асобна.

Дагэтуль няма пэўнасьці з аказаньнем паслугаў Wi-Fi — бяздротавага доступу да інтэрнэту ў кавярнях і клюбах. Ці адносяцца названыя ўстановы да пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслугаў? Паводле прадстаўнікоў ААЦ, альбо кавярня ці рэстарацыя як юрыдычныя асобы атрымліваюць адпаведную ліцэнзію на прадстаўленьне паслугаў электрасувязі, альбо патрабаваньні ўказу № 60 выконвае пастаўшчык інтэрнэт-паслугаў, які разьмяшчае кропку Wi-Fi на тэрыторыі кавярні. Начальнік сэктару інфармацыйных тэхналёгій Міністэрства сувязі Сяргей Руднеў кажа, што ўвогуле варыянтаў ідэнтыфікацыі карыстальніка шмат:

«Калі гэтая паслуга з выкарыстаньнем тэхналёгіі бяздротавага доступу аказваецца, то юрыдычная асоба, якая гэтую паслугу прадстаўляе, як мінімум будзе мець апэратарскую ліцэнзію на аказаньне паслугаў перадачы дадзеных. Гэта адзін момант. А другі момант: у заканадаўстве, і ўказе ў тым ліку, вызначана, што пастаўшчыкі інтэрнэт-паслугаў (у нашым выпадку — апэратары электрасувязі) абавязаныя праводзіць адпаведныя мерапрыемствы, то бок ажыцьцяўляць ідэнтыфікацыю. Якая канкрэтна схема будзе выбраная — гэта ўжо аддаецца на водкуп апэратару. Але прынцыповы момант — каб забясьпечвалася атрыманьне той інфармацыі, пералік якой замацаваны ў нарматыўных дакумэнтах. Якая будзе рэалізаваная схема атрыманьня гэтых зьвестак? Іх шмат, таму немагчыма, напэўна, усе апісаць».

Распрацоўнікі нарматыўнай базы для нацыянальнага сэгмэнту інтэрнэту пацьвердзілі, што канчаткова вырашаная спрэчка вакол першапачатковай задумы рэгістраваць адрасы электроннай пошты. Пасьля хвалі абурэньня з боку інтэрнэт-супольнасьці вырашана, што рэгістрацыі ня будзе. Адпаведныя зьмены ўносяцца ў праект пастановы Саўміну аб адміністратыўных працэдурах.

А што здарыцца з інтэрнэт-рэсурсамі, якія ў тэрмін да 1 ліпеня ня пройдуць абавязковую дзяржаўную рэгістрацыю? Як патлумачылі аналітыкі, у адпаведнасьці з пастановай Саўміну і прэзыдэнцкім указам такія інфармацыйныя рэсурсы ня змогуць выкарыстоўвацца (дарэчы, інтэрнэт-супольнасьці ўдалося дамагчыся, прынамсі, бясплатнай рэгістрацыі, хоць адпачатку працэдура плянавалася платнай). Паказальная статыстыка: сёньня на разглядзе знаходзіцца блізу 60 заявак, зь іх зарэгістравана ня больш за 20 рэсурсаў. Да апошняга часу колькасьць інтэрнэт-рэсурсаў «беларускай прапіскі» вымяралася дзясяткамі тысяч. Але пасьля 1 ліпеня шмат хто гатовы перайсьці пад замежную юрысдыкцыю.
XS
SM
MD
LG