Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь мае запазычанасьць перад ААН


Алег Гулак, Валянцін Стэфановіч

Алег Гулак, Валянцін Стэфановіч

Беларускія праваабаронцы накіравалі ў ААН «альтэрнатыўную» справаздачу, у якой фіксуюцца шматлікія парушэньні абавязкаў Беларусі ў галіне правоў чалавека.


Альтэрнатыўны даклад аб выкананьні ў Беларусі Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах падрыхтавалі праваабаронцы зь Беларускага Хэльсынскага камітэту і праваабарончага цэнтру «Вясна», выкарыстаўшы матэрыялы Асамблеі няўрадавых арганізацый і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Старшыня БХК Алег Гулак патлумачыў, чаму даклад завецца альтэрнатыўным:

«Апошні даклад быў у 1997 годзе, чарговы мусіў быць у 2001-м. Атрымліваецца, што з гэтага году Беларусь мае запазычанасьць перад ААН у галіне правоў чалавека».

Алег Гулак змог адзначыць толькі адзін станоўчы момант у галіне правоў чалавека за апошні час — гэта пачатак падрыхтоўкі закону аб альтэрнатыўнай вайсковай службе і спыненьне перасьледу некаторых вернікаў, якія адмовіліся служыць у войску з рэлігійных прычын. Адзін з прыкладаў тут — справа верніка Яна Міхайлава. Між тым у некаторых галінах, паводле Алега Гулака, сытуацыя стала горшай: павялічылася колькасьць нематываваных затрыманьняў, арыштаў і ператрусаў грамадзкіх актывістаў. Ня стала прасьцейшай працэдура рэгістрацыі няўрадавых арганізацый. Зьмены ў выбарчы закон не прывялі да рэальнай дэмакратызацыі выбарчага працэсу, мяркуе праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч зь «Вясны» таксама адзначае, што становішча з правамі чалавека ў Беларусі не адпавядае абавязкам, якія ўзяла на сябе дзяржава, падпісваючы Міжнародны пакт. Гэтая тэндэнцыя ўласьцівая і апошняму паўгодзьдзю, мяркуе праваабаронца:

«Факты сьведчаць пра тое, што сытуацыя пагаршаецца. Апошнія месяцы — гэта масавыя ператрусы ў актывістаў грамадзкай кампаніі „Гавары праўду“ і ў праваабаронцаў, як у Зьмітра Салаўёва з Наваполацку. Тое самае тычыцца Куціцкага з Рэчыцы. Гэта ў нас выклікае вялікую занепакоенасьць. Не выключаю крымінальнага перасьледу і актывістаў гэтай кампаніі».

Паводле праваабаронцаў, у камітэце правоў чалавека ААН, куды патрапіў «альтэрнатыўны» даклад, з трывогай успрынялі тое, што ў Беларусі нядаўна выканалі два сьмяротныя прысуды асуджаным Юзапчуку і Жуку. Алег Гулак распавёў, што справы былі на кантролі ў камітэце ААН, пра гэта ведалі выканаўчыя ўлады Беларусі, але гэта іх не спыніла:

Такім чынам, былі парушаныя і нашы законы, і міжнародныя абавязкі.
«Такім чынам, былі парушаныя і нашы законы, і міжнародныя абавязкі. Мы з гэтай нагоды зьвярнуліся ў Генпракуратуру і МЗС. Адказ з пракуратуры быў той, што яны адмаўляюцца правяраць гэта, бо нібыта відавочна, што наш закон не парушаўся. Намесьнік міністра замежных спраў таксама адказаў, што міжнародныя абавязкі не парушылі. Таму мы зьвярнуліся ў Камітэт правоў чалавека ААН, каб атрымаць іх рэакцыю на гэтую сытуацыю».

Валянцін Стэфановіч паведаміў, што толькі праз 2 месяцы сваякам Андрэя Жука з Салігорску даслалі афіцыйны дакумэнт, што таго пакаралі сьмерцю. Месца пахаваньня, як заведзена ў Беларусі, не паведамілі.
XS
SM
MD
LG