Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У парлямэнце Канады разгледзяць сытуацыю ў Беларусі.


У слуханьнях возьме ўдзел дэлегацыя АГП і кампаніі «Гавары праўду!», якая зараз знаходзіцца з візытам у Канадзе.

У складзе дэлегацыі — старшыня АГП Анатоль Лябедзька, палітыкі Яраслаў Раманчук і Андрэй Дзьмітрыеў, кіраўнік кампаніі «Кажы праўду!» Ўладзімер Някляеў.

7 чэрвеня беларуская дэлегацыя сустрэлася з сэнатарам, кіраўніком выбарчых кампаній Дагам Фінлі. Паводле Раманчука, разглядалася «шырокае кола пытаньняў, пачынаючы ад магчымасьцяў абмеркаваньня беларускай сытуацыі ў сэнаце да пытаньня аб узмацненьні супрацоўніцтва Кансэрватыўнай партыі Канады і Аб’яднанай грамадзянскай партыі».

Адбылася таксама сустрэча з сэнатарам Кансыгліё дэ Ніра, які зьяўляецца адным з найбольш верагодных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Як паведаміў Лябедзька, «размова ў асноўным ішла пра беларускае пытаньне ў кантэксьце Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ». Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэсавую службу АГП.

Чакаецца, што 8 чэрвеня пасьля слуханьняў у канадзкім парлямэнце беларуская дэлегацыя правядзе спэцыяльную прэсавую канфэрэнцыю.

Падчас паездкі адбудзецца прэзэнтацыя кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад АГП Яраслава Раманчука, яго каманды і перадвыбарчай праграмы.

Аналягічныя прэзэнтацыі ўжо прайшлі ў Менску, Страсбургу, Гародні, Берасьці. «Адразу па вяртаньні ў Беларусь з Атавы едзем у Бабруйск і Магілёў», — паведаміў Лябедзька.
XS
SM
MD
LG