Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапаганда за дзяржаўны кошт


Беларускі ўрад пастановай № 855 зацьвердзіў сьпіс дзяржаўных друкаваных выданьняў, якія атрымаюць датацыі зь бюджэту краіны. У сьпіс патрапілі 24 выданьні, сярод якіх «Советская Белоруссия», «Рэспубліка», «Народная газета». Дакумэнт прадпісвае «пры фармаваньні бюджэту на 2011-ы і наступныя гады прадугледзець фінансаваньне друкаваных СМІ, рэдакцыям якіх выдаюцца субсыдыі».


У сёлетнім бюджэце Беларусі на патрэбы сродкаў масавай інфармацыі закладзена 167 мільярдаў 185 мільёнаў рублёў. У разьдзеле «Фінансаваньне дзяржаўных органаў» СМІ знаходзяцца паміж выдаткамі на культуру (180 мільярдаў) і на ўтрыманьне ўнутраных войскаў МУС (158 мільярдаў).

Але восемдзесят працэнтаў усіх мэдыйных грошай зь бюджэту «зьядаюць» тэлебачаньне і радыё. А на друкаваныя выданьні застаецца каля 17 мільярдаў. Іх і падзеляць паміж 24 газэтамі і часопісамі.

Аляксандар Фядута
Датавацца будуць і іншыя дзяржаўныя мэдыі, якія не патрапілі ў сьпіс, кажа Аляксандар Фядута, які ў свой час ачольваў Управу грамадзка-палітычнай інфармацыі ў Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі:

«Наколькі я разумею, размова ідзе пра тыя СМІ, якія заснаваныя з удзелам дзяржаўных органаў кіраваньня рэспубліканскага роўню. А пра датаваньне друкаваных сродкаў, якія заснавалі, напрыклад, аблвыканкамы ці райвыканкамы, будуць адпаведныя пастановы органаў кіраваньня ніжэйшых за ўрад роўняў».

Аляксандар Фядута лічыць, што «заснавальнік павінен несьці пэўную адказнасьць за дзейнасьць прадпрыемства, якое ім заснаванае»:

«Таму, на мой погляд, гэтая пастанова мае пэўнае эканамічнае абгрунтаваньне. Але ж павінен быць і нейкі гаспадарскі разьлік. І калі дзіцячыя ці навуковыя выданьні сапраўды павінны датавацца, то астатнія павінны існаваць за кошт чытача і рэклямы. Таму, напрыклад, у газэце „Рэспубліка“, я думаю, павінна датавацца толькі тая яе частка, якая непасрэдна адлюстроўвае дзейнасьць ураду Беларусі, бо менавіта ён — заснавальнік гэтай газэты».

Сьвятлана Калінкіна
Сьвятлана Калінкіна, шэф-рэдактарка недзяржаўнай газэты «Народная воля», упэўненая:

«Сталыя, а не на пэрыяд разьвіцьця, датацыі для СМІ — гэта шкода для мэдыяў. Гэтыя грошы шкодзяць і самім газэтам, і прафэсіяналізму журналістаў. Яны прымушаюць іх нічога не рабіць, каб падабацца чытачам.

На нарадзе ідэолягаў кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі разважае пра тое, як дзяржаўныя газэты павінны адпавядаць інтарэсам чытачоў. Але такія разважаньні проста перакрэсьліваюцца такімі пастановамі».

Спадарыня Калінкіна кажа: у сьпіс на матэрыяльную дапамогу трапілі толькі «правільныя» выданьні:

«Улады лічаць, што сваіх журналістаў, „правільныя“ выданьні трэба карміць. Але пры гэтым яны забываюцца, што такім чынам журналісты і выдаўцы страчваюць прафэсійныя навыкі, а мэдыі ператвараюцца ў прафэсійныя бюлетэні дзяржаўных структур і больш не зьяўляюцца сродкамі масавай інфармацыі».

Дарэчы, паводле Міністэрства інфармацыі краіны, на 1 траўня 2010 году ў Беларусі было зарэгістравана 1281 друкаванае выданьне. Зь іх 390 — дзяржаўныя, 891 — недзяржаўнае.

Поўны сьпіс выданьняў, які сёлета атрымаюць матэрыяльную дапамогу зь бюджэту:


Дапамогу атрымаюць:

  • «Алеся»
  • «Беларускі гістарычны часопіс»
  • «Беларусь. Belarus»
  • «Белорусская нива»
  • «Вместе!»
  • «Вожык»
  • «Вясёлка»
  • «Голас Радзімы» (дадатак да газеты «The Minsk Times»)
  • «Звязда» (дадаткі «Чырвоная змена», «Мясцовае самакіраванне»)
  • «Здравоохранение»
  • «Знамя юности»
  • «Зорька»
  • «Культура»
  • «Літаратура і мастацтва»
  • «Маладосць» (дадатак «Бярозка»)
  • «Мастацтва»
  • «Народная асвета»
  • «Народная газета»
  • «Нёман»
  • «Полымя»
  • «Родная прырода»
  • «Рэспубліка»
  • «Советская Белоруссия»
  • «Спортивная панорама»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG