Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўра падае. Як гэта скарыстаць?


Курс эўра працягвае зьніжацца, і беларусы таксама могуць атрымаць з гэтага пэўную карысьць. У прыватнасьці, зараз выгадней паехаць на адпачынак у краіны зоны эўра альбо пасьпяшацца набыць тавары, завезеныя з Эўропы да абвалу эўрапейскай валюты.


Паводле словаў супрацоўнікаў менскіх пунктаў абмену валюты, працяг паніжэньня курсу эўра не выклікае сярод кліентаў вялікага ажыятажу. Эўра можна даволі вольна і купіць, і прадаць. Аднак многія мяркуюць, што выгаду ад абвалу курсу эўра варта шукаць не ў абменьніках. Падзеньне курсу эўра выклікала часовае паніжэньне коштаў на некаторыя тавары, імпартаваныя ў Беларусь з краінаў эўразоны. Напрыклад, на тэхніку ці будаўнічыя матэрыялы. Вось што кажа з гэтай нагоды Мікола, бізнэсовец, які займаецца імпартам у Беларусь гішпанскай керамічнай пліткі.

Мікола: «Зараз для беларускага пакупніка кошты на пэўныя эўрапейскія тавары зьнізіліся — дзякуючы таму, што курс эўра да беларускага рубля стаў значна меншы. Аднак трэба сказаць, што ў беларускіх умовах гэтыя нізкія кошты застануцца да таго часу, пакуль партыі тавару, завезеныя раней, ня будуць прададзеныя. Беларускае мытнае заканадаўства, скажам так, абараняе беларускага вытворцу. Мытнікі маюць пэўныя індыкатыўныя кошты, зафіксаваныя ў далярах, і ніжэй за гэты індыкатыўны кошт прывезьці імпартны тавар, у прыватнасьці эўрапейскі, немагчыма.
Мытнікі маюць пэўныя індыкатыўныя кошты, зафіксаваныя ў далярах, і ніжэй за гэты індыкатыўны кошт прывезьці імпартны тавар, у прыватнасьці эўрапейскі, немагчыма.
У хуткім часе, калі ў імпартэраў скончацца іхнія запасы, яны прывязуць новы тавар, і на мытні яны будуць вымушаныя заплаціць павышанае мыта. Гэтая розьніца пойдзе ў кішэню беларускай дзяржавы, а не дапаможа ашчадзіць звычайным пакупнікам на гэтай сытуацыі са зьніжэньнем эўра. Напрыклад, керамічную плітку з Гішпаніі, якая была ў лютым зафіксаваная па кошце 125 тысяч за квадратны мэтар, цяпер можна набыць за 98 тысяч, але такі кошт застанецца толькі да распродажу той партыі, якая была завезена раней».

Пэўную эканамічную выгоду можна атрымаць, набываючы турыстычную пуцёўку ў краіну эўразоны — кошты на туры зафіксаваныя ў эўра, а разьлікі праводзяцца ў беларускіх рублях.

Сьвятлана, мэнэджэр адной зь менскіх турфірмаў: «Турысты лавілі такую магчымасьць, і некаторыя прыходзілі і браніравалі туры ў краіны Эўразьвязу. У прынцыпе, яны не тлумачаць нам, чаму яны едуць у зону эўра, але выбіраюць дастаткова часта. Гішпанія ў асноўным з Грэцыяй, вельмі добра — Кіпр».

Аднак пра вялікі ўсплёск турыстычнай актыўнасьці ў кірунку Заходняй Эўропы казаць не даводзіцца. Вельмі папулярнай у беларускіх турыстаў застаецца Турцыя. Паводле слоў спэцыяліста па турызьме Аляксандра, які працуе ў адной з турыстычных агенцыяў Берасьця, прычына гэтага простая — туды таньней, чым у Эўропу.

Аляксандар: «Цэнавы фактар адыгрывае самую важную ролю, Турцыя значна таньнейшая выходзіць, чым Эўропа. У Турцыю стоадсоткава лепей ехаць з далярамі. Усё проста: калі не мяняць у афіцыйным банку, то туркі прыраўноўваюць 1 эўра да 1 даляра. То бок атрымліваецца нявыгадна везьці туды эўра. У Баўгарыю патрэбныя эўра, а ў Эгіпет — лепей таксама даляры, бо сытуацыя там падобная да той, што ў Турцыі».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG