Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалася паездка ў Канаду і ЗША прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі, у складзе дэлегацыі тры прадстаўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі: лідэр партыі Анатоль Лябедзька, ягоны намесьнік Яраслаў Раманчук, міжнародны сакратар партыі Андрэй Дзьмітрыеў, а таксама лідэр грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Ўладзімер Някляеў. У інтэрвію з Атавы Анатоль Лябедзька распавёў нашаму радыё пра мэты паездкі:

“Канешне, Канада - гэта не ЗША і не Германія, але разам з тым гэта краіна яшчэ не адкрыта для прыхільнікаў перамен у Беларусі, і мы робім такую першую спробу. Здаецца, яна можа быць вельмі ўдалай - плянуюцца сустрэчы на вельмі высокім узроўні. І менавіта Гарпэр, прэм'ер-міністар, сёньня зьяўляецца найбольш прынцыповым і пасьлядоўным з заходніх палітыкаў.

У нас плянуюцца слуханьні ў парлямэнце - я лічу, што гэта вельмі важна, вельмі істотна, людзі выступаюць пад прысягай і адказваюць за кожнае сваё слова. У нас заўтра будзе вялікая прэсавая канфэрэнцыя, і я думаю, што інфармацыя пра Беларусь разыдзецца шырока ня толькі сярод палітычных колаў, але і сярод звычайных грамадзянаў Канады.

Мы будзем сустракацца з чалавекам, які будзе прэтэндаваць на тое, каб узначаліць пасаду прэзыдэнта Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, так што тут ёсьць і новы накірунак для працы, для пэўнага мэсыджа.

Для нас галоўнае - паездка ў Атаву, а ў Вашынгтон мы заедзем па дарозе, каб зэканоміць час і фінансавыя рэсурсы. Тым ня менш у нас плянуюцца сустрэчы ў Дзярждэпе, Кангрэсе і з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў.

У нас ёсьць ясны й зразумелы мэсыдж - мы б хацелі, каб амэрыканская палітыка захоўвала пераемнасьць і была пасьлядоўнай. Я думаю, што ў нас ёсьць аргумэнты, каб падмацоўваць гэтую тэзу і гэтае бачаньне. Эўрапейцы паспрабавалі працаваць у Беларусі інакш - не атрымалася. Гэта значыць, што як мінімум ня трэба шарахацца і кідацца з адной крайнасьці ў другую”.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG