Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жэнэву паехалі прадстаўнікі абодвух прафсаюзаў


Афіцыйныя і неафіцыйныя прадстаўнікі Беларусі ўдзельнічаюць у 99-й сэсіі Міжнароднай канфэрэнцыі працы (МКП), якая праходзіць у Жэнэве.

Як паведамілі БелаПАН у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі, афіцыйная дэлегацыя накіравалася ў Жэнэву 7 чэрвеня. Яе ўзначальвае міністар працы і сацабароны Марыяна Шчоткіна. У склад дэлегацыі таксама ўключаны старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік і кіраўнік Канфэдэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (наймальнікаў) Анатоль Харлап.

Незалежныя прафсаюзы на сэсіі будзе прадстаўляць лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, які накіраваўся ў Жэнэву ў складзе дэлегацыі Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў.

Цяперашняя сэсія праходзіць з 2 па 18 чэрвеня. У парадак дня ўключаны такія тэмы, як годная праца для дамашніх работнікаў, ВІЧ/СНІД і сфэра працы, стратэгія дасягненьня занятасьці, агляд мэханізму рэалізацыі палажэньняў Дэклярацыі МАП 1998 году аб асноватворных прынцыпах і правах у сфэры працы і іншыя.

У 2003 годзе Адміністрацыйны савет МАП пачаў расьследаваньне парушэньня правоў прафсаюзаў у Беларусі ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў. Паводле вынікаў расьследаваньня Беларусь пяць разоў уносілі ў спэцпараграф МАП як краіну, дзе груба парушаюць правы прафсаюзаў.

Гэта, у сваю чаргу, стала прычынай для выключэньня Беларусі ў чэрвені 2007 году з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый Эўрасаюзу. Для вяртаньня прэфэрэнцый урад Беларусі павінен выканаць 12 рэкамэндацый МАП, у прыватнасьці: даць незалежным прафсаюзам магчымасьць рэгістраваць пярвічныя арганізацыі; даць ім права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі; спыніць перасьлед грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасьці; забясьпечыць усім прафсаюзным аб'яднаньням права ўдзелу ў вырашэньні важных сацыяльных праблем краіны.
XS
SM
MD
LG