Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пакуль афіцыйна не зафіксавана ніводнага выпадку, калі б гаспадар зямельнага ўчастку перадаў сваю зямлю іншаму чалавеку пад выплату рэнты.

Пра гэта сёньня паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік старшыні Дзяржкамітэту па маёмасьці краіны Андрэй Гаеў. Паводле яго тлумачэньня, такой сытуацыі і не магло ўзьнікнуць наагул, паколькі ранейшае заканадаўства такую апэрацыю зь зямлёю забараняла. Але неўзабаве сытуацыя можа зьмяніцца.

Правілы карыстаньня зямлёй зьменяцца ад 21 жніўня 2010 году. З гэтага дня пачнуць дзейнічаць зьмяненьні і дапаўненьні ў Кодэкс аб зямлі. Сярод іх і магчымасьць атрымліваць рэнту. Спадар Гаеў патлумачыў, як гэта будзе выглядаць, на наступным прыкладзе:

"Ёсьць жыхар Беларусі сталага ўзросту, які зьяўляецца ўладальнікам зямельнага ўчастку і дома на ім. Ён — адзінокі, за ім няма каму прыглядаць. Але ёсьць людзі, якія гатовыя цягам яго жыцьця ўносіць пэўныя плацяжы. І ў абмен на гэтыя пэрыядычныя плацяжы ён перадае ва ўласнасьць такім людзям свой жылы дом разам зь зямельным участкам".

Намесьнік старшыні Дзяржкамітэту ўпэўнены: гэта дазволіць "павялічыць абарот зямельных участкаў". Эканамічны аглядальнік Кастусь Скуратовіч такі аптымізм чыноўніка не падзяляе:

Канстанцін Скуратовіч
"Зямля каштуе ў нас капейкі. Асабліва — у глыбінцы. Таму будзе гэта дзейнічаць ці ня будзе? Гэта ж не Рублёўка. І нават не Бараўляны. А калі ўзяць Віцебскую вобласьць? Ну, якую там рэнтную плату можна вызначыць, калі зямлі вакол столькі, што бяры — не хачу?"

Спадар Гаеў адзначае, што зямлю ў абарот у Беларусі ўводзяць пераважна праз права арэнды:
86% тэрыторыі зямель у прыватную ўласнасьць перададзеныя быць ня могуць ...

"Паводле Канстытуцыі ў нас нетры, воды, лясы, землі сельскагаспадарчага прызначэньня могуць знаходзіцца толькі ва ўласнасьці дзяржавы. Калі падлічыць плошчу гэтых зямель у сукупнасьці з заканадаўствам аб аб'ектах, якія могуць знаходзіцца толькі ў дзяржаўнай уласнасьці, атрымаецца, што каля 86% тэрыторыі зямель у прыватную ўласнасьць перададзеныя быць ня могуць".

Кастусь Скуратовіч цьвердзіць: нашы беды ад таго, што ў Беларусі зямля дагэтуль фактычна ня стала прыватнай уласнасьцю:

"Мы ж ужо ведаем, што такое дзяржаўная ўласнасьць. Гэта ўсё гульня ў словы. Гэта значыць, што захацелася чыноўнікам — і яны адрэжуць у цябе гарод, зьнясуць тваю хату. І скажуць, што зямля ў нас агульнадзяржаўная. А насамрэч такія пытаньні павінны вырашацца з улікам рэальных патрэб чалавека, які жыве на гэтай зямлі. А ён можа даказаць свае інтарэсы і патрэбы толькі тады, калі ён будзе сапраўдным уласьнікам гэтай зямлі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG