Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Інфармацыйнай вайной” паміж Польшчай і Расеяй ужо называць некаторыя польскія аглядальнікі спрэчкі вакол скрадзеных банкаўскіх картак адной з ахвяраў катастрофы прэзыдэнцкага Ту-154 пад Смаленскам – сакратара Рады аховы памяці змаганьняў і пакутніцтва Анджэя Пшэвозьніка.


Паводле прэсавай сакратаркі акруговай пракуратуры ў Варшаве Манікі Левандоўскай, у пэрыяд з 10 па 12 красавіка крэдытнай карткай Анджэя Пшэвозьніка разьлічваліся 11 разоў на агульную суму каля 6 тысячаў злотых (гэта прыкладна 2 тысячы даляраў).

“Першы раз карткай скарысталіся праз 2-3 гадзіны пасьля катастрофы”, – заявіла спадарыня Левандоўска ў панядзелак.

Між тым, упершыню пра тое, што карткі Анджэя Пшэвозьніка скралі, напісала напрыканцы мінулага тыдня аўтарытэтная польская газета „Rzeczpospolita” – журналістам гэтую інфармацыю пацьвердзіла жонка спадара Пшэвозьніка Ёланта.

Скандал, аднак, разгарэўся ў нядзелю, калі ў этэры камэрцыйнага Radio Zet прэсавы прадстаўнік ураду, міністар Павал Грась сказаў наступнае: “Вельмі хутка, дзякуючы, сярод іншага, супрацоўніцтву Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы ды расейскіх службаў былі затрыманыя трое супрацоўнікаў АМАПу, якія зьдзейсьнілі гэты ганебны ўчынак. Цяпер яны арыштаваныя, чакаюць на працэс і выракі”.

Расейскі бок адразу ж адкінуў гэтыя абвінавачаньні, назваўшы іх, сярод іншага, “блюзьнерствам”.

У гэты ж дзень прадстаўніца Агенцтва ўнутранай бясьпекі Катажына Канецпольска-Ўрублеўска заявіла пра тое, што арыштаваные ня трое, а чацьвёра падазраваных і не АМАПаўцаў, а жаўнераў.

З гэтым у панядзелак пагадзіўся і Павал Грась, заявіўшы, што “памыліўся, назваўшы жаўнераў АМАПаўцамі” ды падкрэсьліў – “галоўнае, што вінаватыя знойдзеныя і затрыманыя”.

Дагэтуль ад расейскага МУС ніякіх пацьверджаньняў аб затрыманьнях ці то АМАПаўцаў, ці то вайскоўцаў няма. Прадстаўнікі польскай апазыцыі ў сваю чаргу заяўляюць, што падзеі вакол скрадзеных картак яшчэ раз даводзяць, што польскі бок памыліўся, пакінуўшы сьледзтва ў руках расейцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG