Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 чэрвеня пасьля працяглай хваробы памёр былы старшыня Менскага гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў.

Сталічным гораданачальнікам ён быў ад 2000 да 2009 году. Як палітык Паўлаў заўсёды ішоў у прэзыдэнцкім фарватэры. Зрэшты, многія перакананыя, што на такую кар'ерную вяршыню былы электразваршчык трапіў дзякуючы непасрэднай падтрымцы ўплывовага земляка: як і Аляксандар Лукашэнка, Паўлаў паходзіў са Шклоўшчыны.

Міхаілу Паўлаву было 57 гадоў, дзевяць зь якіх ён адбыў на пасадзе кіраўніка Менгарвыканкаму. Год таму быў вызвалены ад працы ўказам Аляксандра Лукашэнкі. Прычынай — дыягнаставаная пухліна мозгу. Яшчэ летась у красавіку Паўлаву зрабілі апэрацыю, рэабілітацыйны курс ён прайшоў у Нямеччыне. Аднак увосень здарыўся рэцыдыў, пасьля чаго была прызначаная паўторная апэрацыя. Двойчы выяжджаў на абсьледаваньне ў Ізраіль. Аднак цалкам пазбавіцца ад хваробы чыноўніку так і не ўдалося.

Колішні кіраўнік жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менгарвыканкаму Іван Анташкевіч называе Міхаіла Паўлава фігурай досыць супярэчлівай. У Менск, нечакана для многіх, ён быў перакінуты з Баранавічаў, дзе спачатку ўзначальваў завод гандлёвага машынабудаваньня, а пасьля цягам трох гадоў быў старшынёй Баранавіцкага гарвыканкаму:
ён урэшце аказаўся, можа, нават ня горшы за іншых ...

"Усё ж былі маштабы ня тыя, досьвед не таго ўзроўню. Ён ні інжынэр-будаўнік, ні камунальнік; у мінулым — кіраўнік адносна дробнага прадпрыемства. Увогуле, тое рашэньне было ўнікальнае, прынамсі, такога на маёй памяці не было, а я ў сыстэме гарвыканкаму з 1980-х. Ня памятаю, каб прызначалі чалавека з боку. Але, на дзіва, ён урэшце аказаўся, можа, нават ня горшы за іншых. Я не кажу пра палітычныя працэсы, гэтага не кранаю. Але ў цэлым, з улікам існуючай сыстэмы (зразумела, што ў іншых каардынатах зусім іншыя патрабаваньні), у рамках той збудаванай канструкцыі, магчыма, ён быў на сваім месцы. Хоць, натуральна, характарыстыкі я чуў розныя..."

Міхаіл Паўлаў нарадзіўся ў вёсцы Ардаць Шклоўскага раёну. Вучыўся ў політэхнічным тэхнікуме і Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце. Пачынаў электразваршчыкам на Баранавіцкім камбінаце сянажных вежаў. На пасадзе кіраўніка Менгарвыканкаму замяніў будучага прэм’ер-міністра Ўладзімера Ярмошына. Пры наяўнай структуры ўлады Паўлаў, як і іншыя чыноўнікі, ня мог быць самастойным палітыкам, таму адзначыўся найперш датычнасьцю да маштабных будоўляў — гандлёвых цэнтраў, офісных будынкаў, спартовых комплексаў. Сёлета ў красавіку быў узнагароджаны ордэнам Айчыны III ступені — якраз за будаўніцтва "Менск-Арэны". Ад Паўлава паходзіла ініцыятыва "пераабуць" Менск у тратуарную плітку і падсьвятляць дамы на цэнтральных праспэктах.

Адмыслоўцы адзначаюць, што ў будаўнічым імпэце Паўлаў гатовы быў ахвяраваць помнікамі гісторыі і культуры. На час ягонага кіраўніцтва прыпадае масавае руйнаваньне аб’ектаў, уключаных у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Лісты абаронцаў Верхняга гораду да менскага галавы асаблівага плёну ня мелі. Гаворыць старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч:
менавіта тое, што ратуша ў Менску ёсьць — гэта вялікі плюс Паўлаву ...

"Усе праблемы татальнага руйнаваньня Менску былі закладзеныя пры ягоным папярэдніку — пры Ярмошыну. Але Паўлаў нічога не зрабіў дзеля таго, каб гэтую сытуацыю нармалізаваць, прывесьці яе ў сапраўды адэкватнае прававое рэчышча. Дарэчы, і зараз, з прыходам ягонага наступніка Ладуцькі, ні ў чым сытуацыя не зьмянілася. Як пры Ярмошыну было закладзена, так усё катастрафічна і працягваецца. Але ў адным выпадку заўсёды хочацца пра Паўлава сказаць цёплае слова. Ратуша — прыжыцьцёвы помнік гэтаму гораданачальніку. Бо менавіта ён знайшоў фінансавыя сродкі на аднаўленьне ратушы. Пад што ратуша прыстасаваная — гэта ўжо асобная гаворка. Але ж менавіта тое, што ратуша ў Менску ёсьць — гэта вялікі плюс Паўлаву. Таму вельмі супярэчлівая фігура атрымліваецца. Аднак як бы я да яго ні ставіўся, у першую чаргу ён чалавек, і нікому не пажадаў бы такой вось долі — так скончыць жыцьцё, з такой хваробай і так рана".

Вось ужо год, як абавязкі старшыні Менгарвыканкаму выконвае Мікалай Ладуцька — колішні першы намесьнік Паўлава. Падчас апэратыўнай нарады пасьля сьмерці былога шэфа Ладуцька заявіў, што Міхаіл Паўлаў "праводзіў палітыку прэзыдэнта Беларусі мудра, рашуча і вынікова, дзякуючы чаму здолеў мабілізаваць людзей на стваральнае разьвіцьцё гораду". Ці будзе ўрэшце менавіта Ладуцька зацьверджаны на вакантнай пасадзе, альбо Лукашэнка зробіць нейкае іншае кадравае прызначэньне — пытаньне з шэрагу адкрытых. Дарэчы, на дзьвярах кабінэту, дзе раней працаваў Паўлаў, дагэтуль вісіць таблічка зь ягоным прозьвішчам.

Разьвітаньне зь Міхаілам Паўлавым адбудзецца 8 чэрвеня ў менскім Доме афіцэраў. Пахаваюць яго на Ўсходніх могілках сталіцы. За 10 гадоў, як сказаў Ладуцька, Міхаіл Паўлаў стаў сапраўдным менчуком. І сапраўды, экс-старшыня Менгарвыканкаму скарыстаў свой статус і разам зь іншымі высокапастаўленымі кіраўнікамі збудаваў сабе дом у Драздах побач з рэзыдэнцыяй Лукашэнкі. Цяпер там жывуць ягоная жонка, замужняя дачка, унук і ўнучка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG