Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС наракае на эканамічную шкоду ад Расеі


Афіцыйны Менск заклапочаны тым, што Расея ўжывае ў гандлі зь Беларусьсю 12 абмежавальных захадаў.

"Расея парушае свае міжнародныя абавязаньні, спаганяючы мыта за нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў Беларусь", — адзначаюць у МЗС Беларусі.

"Абмежавальныя захады, якія ўжываюцца Расейскай Фэдэрацыяй, наносяць найбольшую эканамічную шкоду, што абумоўлена аб'ёмам гандлю і блізкасьцю эканамічных сувязяў паміж нашымі краінамі", — паведамілі Інтэрфаксу ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

У МЗС адзначылі, што "дзейнае экспартнае мыта на нафту зьяўляецца асабліва важкім выняткам з рэжыму свабоднага гандлю, а спагнаньне ад 1 студзеня 2010 году вывазнога мыта на асобныя катэгорыі нафтапрадуктаў, якія пастаўляюцца ў Беларусь з Расеі, парушае палажэньні міжнародных абавязаньняў Расейскай Фэдэрацыі".

Паводле МЗС, "унутраны расейскі кошт на газ істотна ніжэйшы за кошты на газ у Беларусі, нават з улікам транспартных выдаткаў. Гэта стварае істотныя коштавыя перавагі для расейскіх кампаніяў і тавараў, якія яны вырабляюць, на ўнутраным і на беларускім рынку і, па сутнасьці, зьяўляецца франтальнай субсыдыяй усёй расейскай эканомікі".

Акрамя гэтага, Расея ўвяла абмежаваньні доступу на свой рынак у дачыненьні да беларускай аўтамабільнай і камунальнай тэхнікі, якая вырабляецца на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Таксама было заяўлена, што ствараюцца тэхнічныя бар'еры, якія перашкаджаюць доступу беларускай малочнай прадукцыі на расейскі рынак.

На дадзены момант у гандлі зь Беларусьсю замежныя дзяржавы ўжываюць 28 абмежавальных захадаў, у тым ліку 9 — антыдэмпінгавых і 5 — спэцыяльных ахоўных. Найбольш абмежавальных захадаў ужывае Расея — 12 абмежаваньняў, Украіна — 6, ЭЗ — 4, Індыя — 2, ЗША — 2, Малдова і Кіргізстан — па адным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG