Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея: АМОНаўцаў не арыштоўвалі


Міністэрства ўнутраных спраў Расеі абвяргае інфармацыю аб затрыманьні трох байцоў АМОНу ўправы ўнутраных спраў Смаленскай вобласьці - па падазрэньні ў марадэрстве на месцы катастрофы польскага прэзыдэнцкага самалёта.


У заяве прэсавай службы расейскага міністэрства гэтыя абвінавачаньні названыя цынічнымі.

Прэсавы сакратар ураду Польшчы Павел Грась раней паведаміў, што пасьля звароту польскіх спэцслужбаў у Расеі былі затрыманыя трое АМОНаўцаў, якіх падазравалі ў выкарыстаньні крэдытнай карткі польскага чыноўніка, што загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам.

Анджэй Пшэвозьнік, чыёй карткай скарысталіся, ачольваў Раду па абароне помнікаў барацьбітам і мучанікам. Ягоная ўдава паведаміла журналістам, што агулам з ягонага рахунку зьнялі каля 2 тысяч даляраў. Першыя грошы зьнялі ў Смаленску ў дзень катастрофы, 10 красавіка. У наступныя два дні ў Смаленску яшчэ двойчы карысталіся зьніклай карткай.

У выніку крушэньня польскага прэзыдэнцкага самалёта 10 красавіка загінулі ўсе 96 чалавек, што знаходзіліся на борце. Сярод іх - дзясяткі найвышэйшых урадоўцаў краіны. Са Смаленску яны мелі накіравацца да Катынь, дзе супрацоўнікамі НКВД у сталінскія часы былі расстраляныя тысячы польскіх грамадзян. Там мелі адбыцца жалобныя мерапрыемствы прымеркаваныя да ўгодкаў расстрэлу, з удзелам як расейскіх, так і польскіх найвышэйшых урадоўцаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG