Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштавалі расейскіх АМОНаўцаў-марадэраў


Расейскія ўлады арыштавалі трох АМОНаўцаў, што незаконна здымалі грошы з крэдытнай карты польскага ўрадоўца, які загінуў пры крушэньні польскага прэзыдэнцкага самалёта пад Смаленскам. Арыштаваныя скарысталіся картай тры разы і агулам зьнялі з банкаматаў у Смаленску каля дзьвюх тысяч даляраў.


Расейскія ўлады адрэагавалі на запыт польскай пракуратуры, якой, у сваю чаргу, паступіў сыгнал з банку ўладальніка карткі. Прэсавы сакратар польскага ўраду Павел Грас сказаў сёньня польскаму радыё, што арышты былі праведзеныя з "маланкавай хуткасьцю".

Паведамляецца, што крэдытныя карты былі выкрадзеныя і зь іншых целаў знойдзеных на месцы катастрофы, але выкарыстаная, пакуль, была толькі адна.

Анджэй Пшэвозьнік, чыёй карткай скарысталіся, ачольваў Раду па абароне помнікаў барацьбітам і мучанікам. Ён загінуў 10 красавіка разам з усімі астатнімі пасажырамі польскага прэзыдэнцкага самалёту, які ляцеў у Смаленск. У гэтай аварыі загінулі болей за 80 высокапастаўленых польскіх дзеячоў і ўрадоўцаў. Са Смаленску яны мелі накіравацца да Катынь, дзе супрацоўнікамі НКВД у сталінскія часы былі расстраляныя тысячы польскіх грамадзян. Там мелі адбыцца жалобныя мерапрыемствы прымеркаваныя да ўгодкаў расстрэлу, з удзелам як расейскіх, так і польскіх найвышэйшых урадоўцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG