Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэтэндэнты ў кандыдаты: шчыльнасьць на квадратны мэтар вельмі высокая


Як рыхтуюцца да прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі патэнцыйныя кандыдаты?

Яраслаў Раманчук
Вылучаны кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук зрабіў сёньня прэзэнтацыю сваёй перадвыбарчай праграмы ў Берасьці. Гэта другая паездка пасьля Горадні. На сустрэчу прыйшло каля 90 чалавек. Анатоль Лябедзька распавёў:

«Людзі з розных структураў, арганізацый, шмат прадпрымальнікаў, дэпутат мясцовага Савету. Шмат пытаньняў, якія тычацца ня толькі праграмы „Мільён працоўных месцаў“. Мы, канечне ж, гатовы і падпраўляць некаторыя моманты. Для нас гэта вельмі добрая рэпэтыцыя, калі мы можам адчуць пульс, які б’ецца ў тых ці іншых рэгіёнах, якія настроі ў людзей. Так што працэс пайшоў».

У нядзелю Яраслаў Раманчук і Анатоль Лябедзька накіроўваюцца зь візытам у Канаду і ЗША, каб прэзэнтаваць там праграму і каманду кандыдата ад АГП. Падчас візыту адбудзецца шэраг сустрэчаў на высокім узроўні.

Уладзімер Някляеў
Да дэлегацыі далучыўся і лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў.

Лябедзька: «Думаем адкрыць Канаду. Будзе гадзінная дыскусія ў парлямэнце па сытуацыі ў Беларусі. Едзем з пасланьнем заангажаваць канадцаў на сытуацыю ў Беларусі. Зараз усе паездкі ці то Берасьце, ці Гародня, ці Атава, ці Вашынгтон, безумоўна, маюць перадвыбарчы кантэкст. У складзе дэлегацыі ў нас таксама Някляеў яшчэ. Ён далучыўся ў апошні момант. Яго "пралябіяваў" Аляксандар Лукашэнка. Але мы сказалі арганізатарам, што мы ня супраць. Мы ж не на Месяц ляцім. Адзін тыдзень ня будзе праблем. Хаця яшчэ не было кансультацый, каб удакладніць, што будзе агульным мэсыджам».

Аляксанадр Мілінкевіч
Патэнцыйны кандыдат ад Руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч праводзіць гэтыя выходныя ў Берштах, роднай вёсцы. Паводле Юрася Губарэвіча, рыхтуецца да друку кніга Аляксандра Мілінкевіча: адказы на пытаньні, якія ён атрымаў падчас паездак па рэгіёнах, і буклет з перадвыбарчай праграмай. У аўторак рада Руху «За свабоду» абмяркуе пытаньні, зьвязаныя з выбарчай кампаніяй.

Губарэвіч: «Вельмі сур’ёзна ідзе праца па фармаваньні структуры выбарчых штабоў. Мы вядзем папярэдні запіс у ініцыятыўную групу. Ужо некалькі сотняў чалавек па ўсёй Беларусі выказалі такое жаданьне. Мы іх жаданьне далучыцца фіксуем праз адмысловыя заявы на імя Мілінкевіча. Фармуем базу дадзеных».

Віталь Рымашэўскі
Прэтэндэнт у кандыдаты ад Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі праводзіць кааліцыйныя перамовы і рыхтуецца да чарговых паездак па рэгіёнах. Ён заявіў, што Рух «За свабоду» займаецца подкупам іншых рэгіянальных лідэраў:

«Па сутнасьці, цяпер пачалася па рэгіёнах спроба проста прыцягнуць у прэзыдэнцкую кампанію Аляксандра Мілінкевіча актывістаў БХД шляхам абяцаньня грошай. Гэта проста нізка і непрыгожа. А мы працуем на новых людзей, працуем з новымі людзьмі. І таму наша кампанія будзе самая пасьпяховая».

Алесь Міхалевіч
Яшчэ адзін патэнцыйны кандыдат Алесь Міхалевіч апроч паездак па рэгіёнах, дзе дамаўляецца аб стварэньні ініцыятыўнай групы, займаецца напаўненьнем свайго інтэрнэт-сайту, афіцыйнае адкрыцьцё якога адбудзецца бліжэйшым часам:

«Для таго, каб напоўніць гэты сайт зьместам мне трэба адчыніць рахункі ў банках, у розных сыстэмах электронных плацяжоў, для збору сродкаў на маю выбарчую кампанію. Гэта адна з асноўных мэтаў майго сайту».

Спадар Міхалевіч сказаў, што ня будзе рабіць стаўку на тых, хто сёньня ўжо заангажаваны ў палітычных партыях і рухах:

«Учора быў на прыёме ў швэдзкай амбасадзе і быў уражаны — колькасьць кандыдатаў у прэзыдэнты на квадратны мэтар была вельмі высокай. Каля васьмі асобаў, якія абвясьцілі пра жаданьне балятавацца ў прэзыдэнты. Я пакуль ня бачу ніякага сэнсу дамаўляцца аб зьняцьці на карысьць некага іншага. Я адчуваю ў сабе ўпэўненасьць, каб сабраць 100 тысяч подпісаў і каб рабіць самастойную кампанію».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG