Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ў” заваёўвае пераборлівую маскоўскую публіку


5 чэрвеня музыкі з праекту «У нескладовае» распачынаюць сэрыю канцэртаў у Маскве. А ў нядзелю ў расейскай сталіцы пачнуцца здымкі кліпу на песьню «Ня кожны».


Ідэя праекту «У нескладовае» ўзьнікла год таму адначасова ў трох галовах творчых асобаў беларускага паходжаньня — Рамана Арлова, Вадзіма Марголіна, які зараз жыве ў Маскве, і Барыса Штэрна, які жыве ў Ізраілі.

Першы канцэрт зладзілі ў Маскве 2 лютага 2010 году. 23 красавіка праект быў прэзэнтаваны ў менскім клюбе «Рэактар». Інтэрнэт-партал TUT.BY разам з кампаніяй «Будзьма!» днямі прэзэнтаваў песьню пра ўлюбёную літару беларускага альфабэту «Ў» — у запісе ўзялі ўдзел папулярныя беларускія музыкі. І вось зноў Масква, беларуская вечарынка ў папулярным маскоўскім клюбе «Мэца Фортэ». Пра расейскую імпрэзу распавядае адзін з ініцыятараў праекту Раман Арлоў:

«Яна будзе мець назоў „Сіні пашпарт“, і ўладальнікі сініх беларускіх пашпартоў атрымаюць невялікую зьніжку пры ўваходзе ў клюб. У далейшым мы плянуем рабіць такія імпрэзы штомесяц, можа, штоквартал. Нас падтрымлівае грамадзка-культурніцкая кампанія „Будзьма!“, пры дапамозе якой мы літаральна 6 чэрвеня пачнем здымаць кліп на песьню „Ня кожны“. Рэжысэр — Віталь Чыжоў, прадусар — Дзьмітры Вайтэнка».

Дарэчы, Віталь Чыжоў вядомы як рэжысэр многіх кліпаў «Ляпіса Трубяцкога», «Лепрыконсаў». Акрамя беларускіх удзельнікаў праекту, у кліпе будуць здымацца зоркі расейскага кіно.

Мэта праекту «У нескладовае» — папулярызацыя беларускамоўнай музыкі ў Маскве і Расіі. Правядзеньню канцэрту паспрыялі Згуртаваньне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Фэдэральная нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Расіі». Музыка зь некалі папулярнага беларускага гурту «Постскрыптум», другі ідэоляг праекту Вадзім Марголін некалькі гадоў ужо стала жыве ў Маскве:

Наша больш амбітная мэта — прывабіць таксама расейскамоўную, украінскамоўную, ангельскамоўную, немяцкамоўную публіку, бо Масква — гэта зараз такі Бабілён у Расеі.
«Наша больш амбітная мэта — прывабіць таксама расейскамоўную, украінскамоўную, ангельскамоўную, немяцкамоўную публіку, бо Масква — гэта зараз такі Бабілён у Расеі. У мяне ёсьць шмат водгукаў ад украінцаў, якія параўноўваюць наш праект з „Акіянам Эльзы“. Для нас гэта вельмі пачэсна. Наша мэта — паспрыяць таму, каб нашу беларускую мову і культуру ведалі і па-за межамі Беларусі».

Праект „У нескладовае“ згуртаваў вакол сябе поп-, рок- і этназорак беларускай музыкі. Заснавальнікі вызначаюць стыль каманды як папулярную радыёфарматную поп-рок музыку. Распавядае Раман Арлоў:

«Удзельнічае даволі шмат народу. Па-першае, гэта Ганна Хітрык, Юлія Глушыцкая, Андрэй Сапоненка з гурту „ДзеціДзяцей“. Таксама падтрымалі нас Алег Хаменка і „Палац“, Саша Памідораў (праект „PomidorOff“), Канстанцін Гарачы, мультыклявішнік, Слава Сергіенка, бас-гітарыст, Яўген Чалышаў, вакаліст гурту „Харлі“, Віктар Рудэнка, вакаліст гурту „Dali“ — дастаткова шмат народу. Я спадзяюся, будзе яшчэ больш».

Такім чынам, 5 чэрвеня ў Маскве — «„У“ нескладовае», у якасьці вакалістаў выступяць Яўген Чалышаў («Харлі») і Віктар Рудэнка («Dali»).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG