Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суздальцаў: “Лукашэнка хоча паказаць, што ён не зламаны”


Аляксандар Лукашэнка на цырымоніі ўскладаньня вянкоў у Баку.

Аляксандар Лукашэнка на цырымоніі ўскладаньня вянкоў у Баку.

Сёньня ў Баку кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка працягнуў сустрэчы з кіраўніцтвам Азэрбайджану. У апошні дзень візыту ён таксама заклаў капсулу ў фундамэнт амбасады Беларусі і наведаў Бакінскі славянскі ўнівэрсытэт, дзе адчыніўся Цэнтар беларускай мовы і культуры.

У Бакінскім славянскім унівэрсытэце Аляксандар Лукашэнка распавядаў пра беларускую мадэль і назваў «бліскучымі» стасункі з Азэрбайджанам. Падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Артурам Расі-задэ ён заявіў, што Беларусь можа рэалізаваць у Азэрбайджане праекты на адзін мільярд даляраў і будзе ўмацоўваць тут сваю прысутнасьць. Таксама ён адзначыў, што азэрбайджанцам ёсьць што прапанаваць эўрапейскаму рынку і яны могуць разьлічваць у гэтым пляне на Беларусь як пляцоўку для гандлю з Эўропай. У выніку перамоваў 3 чэрвеня кіраўнікі Беларусі і Азэрбайджану падпісалі сумесную дэклярацыю, у якой выказаны намеры разьвіваць супрацоўніцтва ў палітычнай і эканамічнай сфэрах, каардынаваць пазыцыі ў рамках праграмы «Ўсходняе партнэрства». Аднак у гэтай дэклярацыі прэзыдэнтаў, паводле адмыслоўцаў, ня згадваюцца пастаўкі нафты ці газу ў Беларусь. Падпісаны шэраг двухбаковых пагадненьняў — аб узаемнай абароне і заахвочваньні інвэстыцый, аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналёгій ды іншыя.

Андрэй Суздальцаў
Паводле маскоўскага палітоляга Андрэя Суздальцава, Баку ня мае лішняй нафты, а ў прэзыдэнта Аліева ёсьць цудоўны выхад на сусьветныя рынкі праз нафтаправод «Баку — Джэйхан», які загружаюць яшчэ і казахстанскай нафтай.

«Гэта была паездка, каб неяк прадэманстраваць Маскве, што Лукашэнка працягвае шукаць альтэрнатыўныя крыніцы, што ён не зламаны і можа нешта даказаць. Але гэта зусім дзіцячая тактыка. Самае цікавае, што Масква вітае спробы Лукашэнкі знайсьці альтэрнатыўныя варыянты энэргазабесьпячэньня краіны. Што ён хоча даказаць — што ён хоча недзе купіць бочку нафты? Хто ж супраць, гэта ж сусьветны рынак. Калі ў Беларусі ёсьць такія грошы, то з наступнага году газ для Беларусі будзе каштаваць ня менш як 250 даляраў за тысячу кубоў. І, я думаю, уся нафта, якая пастаўляецца з Расеі ў Беларусь, будзе ісьці з экспартным мытам».

Леанід Заіка
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка мяркуе, што падчас візыту беларускі бок прапанаваў Баку новыя нафтавыя схемы. Але галоўная мэта візыту — падрыхтоўка да выбараў і ўзмацненьне зьнешняй актыўнасьці.

«І дэманстрацыя добрых стасункаў асабіста прэзыдэнта з прэзыдэнтам іншай краіны. Калі перабраць сьпіс, то ня надта многа сяброў. Таму галоўнае — гэта зьнешняя актыўнасьць, павінен працаваць прэзыдэнцкі самалёт».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG