Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі ня бачыць патрэбы камэнтаваць грамадзкі рэзананс, выкліканы прэзыдэнцкім указам № 60 "Аб мерах па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнта сеткі інтэрнэт". Пра гэта заявіла намесьнік міністра інфармацыі Лілія Ананіч падчас прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай адкрыцьцю міжнароднага мэдыяфоруму. Лілія Ананіч таксама параіла газэце "Народная воля" і іншым незалежным выданьням працаваць у рамках заканадаўства.


Прэзыдэнцкі ўказ аб рэгуляваньні інтэрнэту ў Беларусі выклікаў вялікі грамадзкі рэзананс, асабліва ў інтэрнэт-прасторы. Карыстальнікі інтэрнэту ўбачылі ў гэтым спробу кантраляваць і абмяжоўваць магчымасьці сеціва. Некалькі тысяч чалавек зьвярнуліся да кіраўніка краіны праз інтэрнэт з пратэстам. З пазыцыі Міністэрства інфармацыі гэтыя падзеі Лілія Ананіч пракамэнтавала гэтак:

"Ня бачу ніякіх пытаньняў для камэнтароў. Нехта піша лісты, звароты — права кожнага пісаць звароты, але права і абавязак кожнага грамадзяніна выконваць заканадаўства і нарматыўную базу, якая ёсьць у краіне".

Чыноўніца таксама пракамэнтавала папярэджаньне, якое Міністэрства інфармацыі днямі вынесла газэце "Народная воля" за сэрыю публікацыяў пад назвай "Нябышына. Вайна". Аповед пра вайну пазаштатнага аўтара Ільлі Копыла выклікаў падтрымку чытачоў і пратэст вэтэранскіх арганізацый. Папярэджаньне міністэрства было вынесенае паводле артыкула аб распаўсюдзе зьвестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці. Гаворыць Лілія Ананіч:

"Калі газэта, пра якую вы згадалі, парушыла заканадаўства — значыць, атрымала папярэджаньне, і я ня бачу тут ніякіх пытаньняў для камэнтароў. У любога сродку масавай інфармацыі ёсьць права зьвярнуцца ў суд і абскардзіць наша папярэджаньне, калі газэце падаецца, што яно зробленае без належнай прававой прапрацоўкі. Але я лічу, што мы дастаткова прапрацавалі гэтую тэму з кампэтэнтнымі навукоўцамі для таго, каб рэдакцыя надалей улічвала, што папярэджаньне Міністэрства інфармацыі — гэта сур'ёзна".

Зачыстка інтэрнэт-прасторы і чарговы наступ на незалежныя друкаваныя выданьні ў Беларусі — толькі некаторыя паказьнікі падрыхтоўкі ўладаў да маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў. Гэтак пракамэнтаваў падзеі ў беларускай інфармацыйнай прасторы намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Аляксандраў:

"Папярэджаньні, якія атрымлівае "Народная воля", і захады па рэгуляваньні інтэрнэту можна разглядаць у рэчышчы падрыхтоўкі да галоўнай палітычнай кампаніі — прэзыдэнцкіх выбараў. Бо напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў заўсёды ў Беларусі ўзмацняюцца рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці ўвогуле, а таксама супраць незалежнай прэсы і свабоды выказваньня ў цэлым".

"Народная воля" атрымала трэцяе ад лістапада мінулага году папярэджаньне Міністэрства інфармацыі. Паводле артыкулу 51 Закону "Аб сродках масавай інфармацыі" выхад выданьня можа быць спынены пры наступнай умове: "Вынясеньне юрыдычнай асобе, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, альбо заснавальніку (заснавальнікам) сродку масавай інфармацыі, цягам году двух і больш пісьмовых папярэджаньняў".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG