Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшая сьледчая беларускай пракуратуры па асабліва важных справах Сьвятлана Байкова, якая знаходзіцца пад вартай ад 3 сакавіка ў камэры сьледчага ізалятара КДБ, як вынікае зь яе ліста зь няволі, абвясьціла галадоўку. Сьледзтва ў справе Байковай праводзіцца ў рэжыме сакрэтнасьці. У прэсу не даюць інфармацыі наконт крымінальных артыкулаў, якія, паводле сьледчых, яна парушыла, а таксама ня кажуць, колькі ёй давядзецца сядзець у камэры да суду.


Вядома, што Сьвятлана Байкова 26 траўня напісала сваякам, каб ёй больш не прыносілі харчовых перадач, бо ад 31 траўня яна трымае галадоўку.

Нагадаем: 3 сакавіка супрацоўнікі КДБ арыштавалі Сьвятлану Байкову і зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ. Яе арышт выклікаў розгалас у грамадзтве.

Сьвятлана Байкова была вядомая праз гучныя справы супраць службовых асобаў у пагонах. Яна расьсьледавала абставіны зьнікненьня былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. Была сьледчай у гучнай справе так званых "сьпіртовых каралёў". Расьсьледавала кантрабанду мэблі на Берасьцейскай мытні.

Назіральнікі лічаць, што прычынай арышту стала яе апошняя справа, у якой фігуруюць былы дырэктар Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў і генэрал КДБ у адстаўцы.

Арышту сьледчай папярэднічала гучная "паляўнічая справа", вынікам якой стала амаль поўнае вынішчэньне Галоўнага ўпраўленьня МУС па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі.

Сьледчыя КДБ правяраюць таксама дзейнасьць сьледчых групы, якой кіравала Сьвятлана Байкова.

Тэрміны сьледзтва падаўжаюцца, меру стрыманьня — арышт — сьледчыя не зьмянілі, нягледзячы на тое, што ў Сьвятланы дома хворая маці і 11-гадовы сын. Ёй толькі дазволілі ліставаньне і спатканьне з маці.

Што стала прычынай галадоўкі былой сьледчай у асабліва важных справах, невядома. Юрысты лічаць, што такім чынам яна патрабуе выкананьня прававых нормаў.

У пракуратуры, дзе раней працавала Байкова, яе калегі пра галадоўку нічога ня ведаюць.

У КДБ кіраўнік аддзелу інфармацыі Аляксандар Антановіч паведаміў, што ня можа даць ніякіх камэнтароў: "Без камэнтароў. Нічога не скажу".

Невядома таксама, якую форму галадоўкі трымае былая сьледчая. Калі яна адмаўляецца піць ваду, то крытычны дзень, паводле мэдыкаў, можа наступіць заўтра, 5 чэрвеня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG