Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Магілёве міліцыя дапытала бялыніцкага валянтэра грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Алега Мяцеліцу. 18 траўня ў ягонай кватэры супрацоўнікі сілавых структураў правялі ператрус і забралі друкаваныя матэрыялы.


"Мяне дапытвалі як сьведку. Дапытваў маёр Трутнёў. Ён выпытваў, з кім я знаёмы з кіраўніцтва "Гавары праўду", ці атрымліваў матэрыялы, ці распаўсюджваў іх. Ці атрымліваў грошы ад грамадзкай установы "Рух наперад". Я скарыстаў сваё права ня сьведчыць супраць сябе й адмовіўся адказваць на пытаньні. Так у пратаколе й было запісана. Мне падаецца, што міліцыянты, якія рабілі ў мяне ператрус і сёньня дапытвалі, самі не разумеюць, чаго яны хочуць, таму й даймаюць сваімі допытамі й ператрусамі — а раптам мы што скажам", паведаміў "Свабодзе" Алег Мяцеліца.

Акрамя Алега Мяцеліцы, міліцыянты яшчэ 24 траўня дапыталі сям’ю бабруйскай прадпрымальніцы Алены Мядзьведзевай. У ейнай кватэры таксама 18 траўня быў учынены ператрус без яе прысутнасьці.

18 траўня зь ператрусамі сутыкнуліся й магілёўскія няўрадавыя арганізацыі: дабрачынны фонд "Шчырасьць" і грамадзкая ўстанова "Рух наперад". Канфіскаваныя кнігі, каляндарыкі, паветраныя балёнікі, сьцяжкі, на якіх была эмблема кампаніі "Гавары праўду". Супрацоўнікі сілавых структураў забралі сыстэмныя блёкі ды статутную дакумэнтацыю арганізацыяў.

Кіраўніцтва арганізацыяў зьвярнулася ў пракуратуру Ленінскага раёну Менску з патрабаваньнем патлумачыць, чым была выкліканая неабходнасьць ператрусаў. Паскардзілася ў пракуратуру й Алена Мядзьведзева.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG