Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрабаваў позву на беларускай мове — атрымаў год "хіміі"


Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Тацьцяна Швец пакарала 1 годам абмежаваньня волі, так званай "хіміі", актывіста стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Яўгена Якавенку, якога абвінавацілі ва ўхіленьні ад прызыву на вайсковую службу.


Такога прысуду Яўген Якавенка не чакаў, асабліва пасьля таго, як спынілі супраць яго аналягічную адміністрацыйную справу:

"Мой выпадак паказвае, што справядлівасьці як такой няма і закон ня вельмі спрацоўвае. Мае патрабаваньні былі абсалютна законнымі, грунтаваліся на Канстытуцыі, міжнародных актах, на законе ў першую чаргу. Я не патрабаваў чагосьці звышнатуральнага — я патрабаваў позву на беларускай мове. У ваенкамату практыка такая была. Беларуская мова — мова тытульнай нацыі. Ня ведаю, чаму ня выпісалі позву на беларускай мове. Ці зроблена гэта было адмыслова, ведаючы маю прынцыповасьць, ці ваенкамату проста было лянотна выканаць закон. Праз гэта ўсё атрымаўся год "хіміі". Я лічу любы пакаральны прысуд у гэтай справе несправядлівым — прысуд будзе абскарджвацца".

У судовай залі

Абвешчаны вырак стаўся вялікім пытаньнем і для адваката прызыўніка Яўгена Грабоўскага:

"Пакуль незразумела, якім чынам суд прызнаў вуснае паведамленьне пра неабходнасьць яўкі ў ваенкамат законным".

Сутнасьць інцыдэнту паміж прызыўніком Якавенкам і ваенкаматам наступная: прызыўнік на падставе Канстытуцыі патрабаваў камунікаваць зь ім на роднай беларускай мове. Ня браў позвы на расейскай мове, а патрабаваў выпісваць яму па-беларуску. А яшчэ — пісьмова прасіў прайсьці альтэрнатыўную службу.

Грамадзкі актывіст, юрыст Леанід Судаленка, які прысутнічаў на судзе, лічыць, што не прызыўнік, а менавіта дзяржава й ейныя паўнамоцныя структуры не выконваюць сваіх абавязкаў:

"Дзяржава не выконвае свае абавязкі, каб весьці справаводзтва, у тым ліку і ў ваенкамаце, на беларускай мове, і свае памылкі перакладвае на плечы шараговых грамадзянаў. У дадзеным выпадку — прызыўніка. Ягонае права — законнае, ён патрабуе весьці зь ім стасункі на роднай беларускай мове".

Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту ў рэгіёне Алесь Яўсеенка лічыць сёньняшні прысуд адкрытай зьнявагай правоў беларускамоўнага прызыўніка:

"Ён не адмаўляўся нават ад службы. Ён дамагаўся паказаць, што Беларусь — гэта ўсё-ткі Беларусь, і тытульная нацыя — беларусы. Яны маюць права карыстацца роднай мовай у сваёй краіне. Атрымліваецца — не! І суд гэта паказаў, што беларусы ня маюць права карыстацца беларускай мовай у сябе дома — карыстайцеся той мовай, якая была ў царскай імпэрыі".

За судовым працэсам над Якавенкам назірала й менская праваабаронца Наста Лойка. Яна зьвяртае ўвагу на новы від пакараньня палітпрызыўнікоў — "хіміяй", хаця дзяржаўны абвінаваўца патрабаваў, як і ў выпадку зь Іванам Міхайлавым, трохмесячнага арышту.

Лойка: "Усё, што ўчыняў ваенкамат, — бяспраўе, і менавіта яны вінаватыя ў тым, што адбываецца. Супраць Яўгена не павінна была распачынацца крымінальная справа. Гэта абсурднае судовае паседжаньне, дзе вынесены такі прысуд, бо ў ім няма ніводнага юрыдычнага факту. Чалавека проста так караюць абмежаваньнем волі. Відавочна, дыскрымінацыйна й з палітычных матываў".

Меру стрыманьня ў дачыненьні да палітпрызыўніка Яўгена Якавенкі — падпіску пра нявыезд — судзьдзя Швец пакінула да таго часу, пакуль вырак не набудзе юрыдычную моц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG