Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытны саюз: інэрцыя


Сёньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ратыфікавалі адразу восем пратаколаў і дамоваў у межах Мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану. Да канца сэсіі, якая скончыцца, паводле папярэдняга графіку працы Палаты, 30 чэрвеня, яны хочуць зацьвердзіць усе дакумэнты Мытнага саюзу "тройкі". Гэта пры тым, што пэўнасьці адносна далейшага ўдзелу Беларусі ў Мытным саюзе дагэтуль няма.


Восем законапраектаў тычацца фінансаў, сэртыфікацыі і санітарыі. Аднак ці ёсьць сэнс у ратыфікацыі гэтых дакумэнтаў, калі дагэтуль невядома, ці далучыцца Беларусь да Мытнага саюзу, ці зможа яна дамовіцца з Расеяй па прынцыповых для сябе пытаньнях — нафтавым і аўтамабільным?

Сябра камісіі міжнародных спраў і сувязяў з СНД Віталь Бусько на гэтае пытаньне адказвае так:

"Дэпутаты не ствараюць саюзаў. Дэпутаты забясьпечваюць прававую, нарматыўную базу для працы такіх саюзаў. І сёньня тут быў такі сур'ёзны пакет дакумэнтаў. Раней мы прынялі 13 дакумэнтаў. На падыходзе — мытны кодэкс Мытнага саюзу з пратаколамі да яго. Праца гэтая ідзе плянава. І яе ўжо нельга спыніць. Я думаю, што ўсё будзе згодна з плянам. Праблема хвалюе і дэпутатаў, і ўрад. Таму я спадзяюся, што гэтыя пытаньні будуць адрэгуляваныя".

Кіраўнік цэнтру Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць: дэпутаты працуюць па інэрцыі.

"Ім яшчэ не загадалі спыніць гэтыя працэсы. Усе яны пачынаюцца і заканчваюцца ў галаве Аляксандра Лукашэнкі. Таму і тэхнічныя рэглямэнты прымаюцца сваёй чаргой. Але, безумоўна, усё залежыць ад вырашэньня аднаго пытаньня, якое першы віцэ-прэм'ер беларускага ўраду назваў жалезабэтонным. Гэта — кошты на расейскую нафту. І пакуль гэта ня вырашыцца, усе гэтыя рэглямэнты — пратаколы і дамовы — ня маюць ніякага сэнсу".

Сёньня ж міністар эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў пасьля сумеснага паседжаньня калегіяў міністэрстваў Беларусі і Расеі заявіў, што Беларусь гатовая далучыцца да Мытнага саюзу з 1 ліпеня 2010 году, але з агаворкамі. Ён сказаў: "Разыходжаньні будуць урэгуляваныя на тым роўні, на якім могуць быць урэгуляваныя".

Абодва міністры не далі адказу наконт вырашэньня спрэчнага пытаньня пра мыта на нафту. "Трэба будзе дачакацца завяршэньня ўсіх перамоваў", — сказала кіраўніца Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі Эльвіра Набіуліна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG