Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У апошніх расейска-беларускіх канфліктах, пасыл Крамля Аляксандру Лукашэнку ўсё больш нагадвае фармулёўку: не дамовімся з табой – будзем дамаўляцца зь іншым. Калі падобную пагрозу пры вялікім жаданьні можна было ўгледзець і раней, то гэтым разам упершыню яе выкананьне залежыць ад націсканьня ў Крамлі ўсяго адной кнопкі.


Гульня ў шарыкі

Калі нават прымаць на веру чуткі пра тое, што грошы на кампанію "Гавары праўду" былі перададзеныя з Масквы – гэтая акцыя можа быць толькі дымавой завесай, апошнім кітайскім папярэджаньнем, ці нейкім пробным шарам. Сапраўдны мэханізм разбурэньня беларускай эканамічнай і, адпаведна, палітычнай сыстэмы – значна маштабнейшы і прасьцейшы.

Мы – не кіргізы! Кіргізы – ня мы?

За прыкладам ня трэба далёка хадзіць. Першага красавіка сёлета, спасылаючыся на стварэньне Мытнага саюзу, Расея агаломшыла кіргіскі ўрад увядзеньнем поўнай пошліны на нафту і нафтапрадукты – па 200 даляраў на тону.

Невялікая эканоміка гэтай сярэднеазіяцкай рэспублікі, якая функцыянавала на бязмытным расейскім паліве, неадкладна адрэагавала выбухам цэнаў. На наступны ж дзень кошты на бэнзазапраўках падскочылі ў паўтара раза. Аб рэзкім падвышэньні тарыфаў абвясьцілі як дзяржаўны, так і прыватны сэктар.

Насельніцтва, якое ледзьве зводзіла канцы з канцамі пасьля зімовага павелічэньня коштаў на жыльлёва-камунальныя паслугі – адрэагавала на працягу тыдня. Не спатрэбілася нават прэзыдэнцкай кампаніі.

Беларусь, здавалася б, гэта вам не Кіргізстан… Але навошта гадаць? Паглядзім як разьлічыў сцэнар падзеяў Міжнародны валютны фонд і сам беларускі ўрад.

Беларускае раздарожжа паводле МВФ

У сваёй апошняй справаздачы аб эканамічнай сытуацыі ў Беларусі МВФ акрэсьлівае на сярэднетэрміновую пэрспэктыву тры сцэнары. Усе яны "крытычна залежаць ад канчатковых умоваў новага гандлёвага рэжыму" з Расеяй, а менавіта – ад цаны на нафту.

Вернесься назад – ацалееш

"Спрыяльны сцэнар прадугледжвае, што ўлады (Беларусі) змогуць дамагчыся лепшых умоваў, чым у рамках існуючых дамоўленасьцяў. Ён (спрыяльны сцэнар) адлюстроўвае сярэднюю цану на імпартаваную нафту на базе кантракту, які выкарыстоўваўся ў 2009 годзе... Пры спрыяльным сцэнары дасягненьне ўстойлівасьці ня будзе цяжкай справай".

Ну, наконт "ня будзе цяжкай справай" – варта рабіць скідку на дыпляматычную мову міжнародных чыноўнікаў. Гэтая ж справаздача, адзначаючы імклівы рост запазычанасьці краіны, абумоўлівае выйсьце з крызісу істотным скарачэньнем праграмы субсідаваных крэдытаў, а таксама структурнымі эканамічнымі рэформамі і паскарэньнем прыватызацыйных працэсаў.

У любым выпадку, гэты сцэнар заснаваны на тым, што Менску – за нейкія ўжо зусім выкшталцоныя пацалункі – удасца вярнуць сабе цалкам бязмытную расейскую нафту. Пра тое, куды трэба будзе для гэтага пацалаваць - пазьней. Глядзім далей.

На месцы застанесься – беражыся!

"Пры базісным сцэнары (захаваньні расейскай пошліны на частку нафты) спатрэбіцца пэўная дадатковая карэктыроўка".

"Патрэба ў пэўнай карэктыроўцы" азначае безпрэцэдэнтную дзірку памерам каля 4,5 мільярдаў даляраў паверх усіх прынятых дагэтуль стабілізацыйных захадаў.

Захады па карэктыроўцы, на якія паабяцалі пайсьці ўлады, уключаюць адмову ад павелічэньня заробкаў ды пэнсіяў, скарачэньне вытворчасьці, кардынальнае ўразаньне субсідыяў і крэдытаваньня, падвышэньне коштаў на паліва, жыльлёва-камунальныя паслугі, транспарт… Сьпіс на тым не заканчваецца.

Гэта быў, аднак, толькі "разагрэў."

"Чакаецца, што плянаваныя беларускімі ўладамі захады па карэктаваньні паменшаць удар ад нафтавага шоку напалову. Разам з павялічаным доступам беларускіх банкаў да (прыватнага замежнага) фінансаваньня, плянаваным невялікім выпускам эўрабондаў, выдзяленьнем макрафінансавай дапамогі ад Эўразьвязу – усё гэта можа скараціць недахоп фінансаваньня да 2 мільярдаў даляраў".


Іншымі словамі, небывалыя дагэтуль захады па “зацягваньні паясоў” у спалучэньні з гіпатэтычнымі 200 мільёнамі ад Брусэлю – не пакрываюць нават палову нястачы.

Як жа з астатнімі двума мільярдамі?

"Недахоп можа быць пакрыты дадатковай дапамогай Фонду ў рамках наступнай праграмы, падтрымкай з боку Сусьветнага банку, далейшымі пазычэньнямі на рынку (у прыватнага капіталу) і магчымай дапамогай ад антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Паколькі імпарт скараціўся на 27% больш, чым прадугледжвала першапачатковая праграма, можна будзе, у выпадку патрэбы, разгледзець ніжэйшую суму золатавалютных рэзэрваў."


То бок, пры дысцыплінаваным скарачэньні дзяржвыдаткаў, Менск можа сёлета пазьбегнуць рэзкай дэвальвацыі і дэфолту банкаўскай сыстэмы пры ўмове залучэньня цягам году ўсіх вядомых на сёньня сродкаў пазычэньня - як з Захаду, так і з Усходу.

Далей пойдзеш – пагібель сваю знойдзеш

"Неспрыяльны варыянт (любое далейшае падвышэньне коштаў на расейскую нафту) выклікае істотныя асьцярогі," – коратка гаворыцца ў справаздачы. Іншымі словамі – без камэнтароў, няма пра што гаварыць.

Падсумоўваючы лічбы: каб справакаваць у Беларусі востры эканамічны крызіс, падобны да кіргіскага – Расеі дастаткова ўвесьці пошліну на тыя 6 мільёнаў тон нафты, што ўсё яшчэ пастаўляюцца бязмытна "для ўнутранага спажываньня." Як задраіць чарговую фінансавую прабоіну памерам больш за мільярд даляраў – на сёньняшні дзень ня можа сказаць ніхто.

Гэтым разам – у куце?

Пра патаемныя крэдытныя альтэрнатывы Аляксандра Лукашэнкі можна меркаваць па тым, што ён паставіў пад пытаньне толькі што заключаную дамову аб мяжы з Украінай і зноў запатрабаваў ад Кіева аплаціць савецкія рахункі, выклікаўшы зьдзіўленыя кпіны ўкраінскіх чыноўнікаў.

У прынцыпе, існуюць і менш пацешныя варыянты экстраннага фінансаваньня, хоць і абмежаваныя ды кароткатэрміновыя. Але, насамрэч, Крамлю можа не спатрэбіцца нават уводзіць новую пошліну. У цяперашняй сытуацыі эфэктыўнага шоку можа хапіць зь лішкам.

За мінулае паўгодзьдзе Менск істотна выбіўся з графіку захадаў па бюджэтнай эканоміі нават у рамках “базіснага сцэнару”. Калі верыць заявам прэзыдэнта, то заробкі ды пэнсіі могуць, наадварот, яшчэ павялічыцца сёлета, нягледзячы на абураны лямант МВФ.

Такія самагубчыя крокі, вядома, можна патлумачыць надыходзячымі выбарамі. Застаецца толькі няясным: на што тады спадзяецца ўрад празь месяц, ці два, пасьля іх – няхай сабе неяк да тых выбараў і дацягнуўшы? Як паказаў прыклад Украіны, у выпадку грубага парушэньня дамоўленасьуцяў з МВФ – на выратавальны пакет зь яго боку разьлічваць не даводзіцца.

Ход ва-банк

Калі адкінуць малаверагоднае дапушчэньне, што Лукашэнка, маўляў, на старасьці гадоў раптоўна страціў розум – варыянт толькі адзін. Беларускі кіраўнік робіць адчайную стаўку на тое, што цягам году Расея ўсё ж скасуе нафтавае мыта.

Зрэшты, расейскі прэм'ер Пуцін ужо пра гэта і заявіў – неўзабаве пасьля скандальнага пецярбускага саміту ЭўАзЭС. Узамен ён, аднак, выставіў адну цьвёрдую ўмову.

Чаго канкрэтна дамагаецца ад Беларусі Расея? Чаму перад Масквой можа паўстаць пытаньне аб зьмене беларускага кіраўніцтва? Якім чынам Аляксандар Лукашэнка можа гэта прадухіліць? Пра гэта – ў наступным блогу "Мытны саюз: нафта ўзамен на СГА".

Поўны расейскамоўны тэкст чацьвёртага агляду МВФ у рамках дамоўленасьці аб крэдыце стэнд-бай, а таксама ўрадавую праграму стабілізацыйных мерапрыемстваў можна спампаваць ТУТ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG