Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Азэрбайджанская нафта будзе даражэйшая за расейскую”


Нафтавая платформа каля Баку
Нафтавая платформа каля Баку

3 ліпеня чацьвёрты раз ад 2006 году сустрэліся кіраўнікі Беларусі і Азэрбайджану Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў. На перамовах у Баку зноў уздымалася пытаньне аб супрацоўніцтве ў сфэры энэргетыкі. Кіраўнік Беларусі прыбыў у Баку разам з малодшым сынам Колем.


Абодва лідэры лічаць пэрспэктыўным супрацоўніцтва ў энэргетыцы, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, турызьме і сфэры высокіх тэхналёгій. Напярэдадні міністар замежных спраў Азэрбайджану Эльмар Мамедзьяраў заявіў, што яго краіна разглядае Беларусь «як пляцдарм» для выхаду касьпійскай нафты на рынкі краін Балтыі. Ён адзначыў, што Беларусь мае ўнікальныя транзытныя магчымасьці. Гэта, адзначыў спадар Мамедзьяраў, тычыцца і пэрспэктываў выкарыстаньня нафтапрадуктаў, якія праходзяць праз тэрыторыю краіны.

Але ці вырашыць гэты візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Баку пытаньне паставак касьпійскай нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы? Паводле адмыслоўцаў, дзеля гэтага трэба інтэграваць нафтаправоды «Баку — Супса» і «Адэса — Броды» ў авэрсным рэжыме. А каб нафта з нафтаправоду «Дружба» пачала паступаць у порты Балтыі, неабходна пабудаваць перамычкі паміж паўднёвай і паўночнай галінамі трубаправоду. Вырашэньне гэтага пытаньня залежыць ад палітычнай волі ня толькі Беларусі і Азэрбайджану, але таксама Ўкраіны і Расеі.

Ірына Тачыцкая
Паводле эканаміста Ірыны Тачыцкай, няма ніякіх перашкодаў для экспарту касьпійскай нафты. Але тут пытаньне ў яе цане.

«Заўсёды Азэрбайджан казаў, што ніякіх праблемаў, але па сусьветных цэнах. Я ня думаю, што ў гэтым пляне нешта памяняецца, асабліва з улікам таго, што Расея памяняла сваю пазыцыю. Якія могуць быць матывы ў Азэрбайджану пастаўляць нафту неяк інакш? Размовы, каб стварыць нейкае сумеснае прадпрыемства, як з Вэнэсуэлай, — я ня думаю, што яны ўвяжуцца ў такія складаныя камбінацыі».

Паводле Ірыны Тачыцкай, нават калі з-за абвастрэньня дачыненьняў афіцыйнага Менску з Расеяй беларускае кіраўніцтва пагодзіцца атрымліваць гэтую нафту па сусьветных цэнах дзеля дывэрсыфікацыі крыніцаў, то рэалізаваць гэты праект сёлета не атрымаецца.

«У рамках цяперашніх дамоўленасьцяў з Расеяй мы абяцалі ніяк не закранаць авэрсны рэжым трубаправоду „Адэса — Броды“. Гэта была адна з просьбаў, зыходзячы з таго, што Расея будзе пастаўляць 6,1 мільёна тон бязмытнай нафты для Беларусі. Можна меркаваць, што нейкія варыянты прагаворваюцца. Проста як адзін з варыянтаў дывэрсыфікацыі паставак, зьмяншэньня ціску з боку Расеі».

Леанід Злотнікаў
Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, што б ні плянавалі палітыкі, але верх у гэтым пытаньні возьме эканоміка. Ці прынясе плён гэтая сустрэча Лукашэнкі з Аліевым?

«І на гэты раз нічога істотнага не адбудзецца, бо што б там лідэры ні прымалі, але ёсьць эканоміка і бізнэс. А эканоміка такая, што калі азэрбайджанская нафта пойдзе ў абход Расеі, яна будзе даражэйшая за расейскую. І ня будуць азэрбайджанскія прадпрыемствы прадаваць нафту па цэнах, якія ніжэйшыя, чым на сусьветным рынку. Гэта ўжо іх асабістыя інтарэсы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG