Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя рыхтуе акцыі да 27 ліпеня


27 ліпеня а 18 гадзіне ў сквэры Янкі Купалы зьбяруцца ўдзельнікі вулічнай акцыі.

27 ліпеня а 18 гадзіне ў сквэры Янкі Купалы зьбяруцца ўдзельнікі вулічнай акцыі.

Створаны аргкамітэт дзеля падрыхтоўкі да сьвяткаваньня 20-годзьдзя абвяшчэньня дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Дата 27 ліпеня на пачатку 90-х гадоў адзначалася як Дзень Незалежнасьці. У склад камітэту ўвайшлі прадстаўнікі палітычных партый і рухаў, а таксама грамадзкія дзеячы. 27 ліпеня ў рэгіёнах адбудуцца пікеты, а ў сталіцы заплянавана вулічная дэманстрацыя.


У аргкамітэт увайшлі прадстаўнікі амаль усіх моладзевых рухаў і палітычных партый. Апроч таго, у падрыхтоўцы возьмуць удзел Лявон Баршчэўскі, Алесь Пашкевіч і Ўладзімер Арлоў.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі паведаміў, што склад аргкамітэту будзе пашырацца:

«Сёньняшняе сьвяткаваньне будзе адбывацца ў некалькіх фарматах. Першы — гэта навукова-практычная канфэрэнцыя з удзелам дэпутатаў, якія сталіся ініцыятарамі Дэклярацыі, з удзелам пісьменьнікаў, палітыкаў, навукоўцаў, грамадзкіх дзеячаў.

Другі — гэта фармат вулічных акцый. Гэта шэсьце, пікеты, ускладаньне кветак ва ўсіх рэгіёнах Рэспублікі Беларусь.

Трэці — распаўсюджваньне друкаванай прадукцыі пра тое, што адбылося 20 гадоў таму. Таму што такой інфармацыі беларусам сёньня бракуе».

26 ліпеня адбудзецца навукова-практычная канфэрэнцыя з удзелам дэпутатаў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 12-га і 13-га скліканьня, а таксама навукоўцаў і грамадзкіх дзеячаў.

Вячаслаў Сіўчык прыгадаў, што першая канфэрэнцыя, прысьвечаная пытаньню незалежнасьці, адбылася ў 1990 годзе. Арганізатары запросяць на сёлетнюю канфэрэнцыю ўдзельнікаў той, што адбылася 20 гадоў таму.

Пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі ў другой палове 90-х гадоў 27 ліпеня апазыцыянэры адзначалі Дзень незалежнасьці вулічнымі дэманстрацыямі, якія жорстка разганяліся ўладамі. Супраць лідэра сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Міколы Статкевіча была распачата крымінальная справа. Яго абвінавачвалі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.
Цяпер 20-годзьдзе, і я лічу, што адзіны фармат — гэта фармат акцый.


Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч быў удзельнікам тых акцый. Ён увайшоў у аргкамітэт:

«Для нас гэтая дата сьвятая. У свой час Беларускі народны фронт быў маторам гэтых акцый. Пазьней з розных прычынаў адышлі, каб на вуліцы адзначаць гэтую дату. Цяпер 20-годзьдзе, і я лічу, што адзіны фармат — гэта фармат акцый.

Апроч таго, БНФ будзе падаваць заяўкі на пікеты ў рэгіёнах, каб прыцягнуць увагу да абароны нацыянальных інтарэсаў. Сёньня беларускія ўлады не займаюцца абаронай нацыянальных інтарэсаў, і дата абвяшчэньня незалежнасьці зьвязаная з абаронай нацыянальных інтарэсаў».

27 ліпеня а 18 гадзіне ў сквэры Янкі Купалы зьбяруцца ўдзельнікі вулічнай акцыі.


XS
SM
MD
LG