Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго цуду: Лявон Вольскі


Лявон Вольскі. Здымак Арцёма Канцавога.

Лявон Вольскі. Здымак Арцёма Канцавога.

Адзін камэнтатар гэтых перадач на сайце Радыё Свабода выказаў сумнеў наконт маіх словаў пра тое, што Беларуская Майстроўня трыццаць гадоў таму была пачаткам грамадзкага руху, які празь дзесяць гадоў прывёў краіну да незалежнасьці.




Сапраўды, шмат хто мяркуе, што прычынай нашай незалежнасьці стаў развал СССР, крах камуністычнай сыстэмы, Чарнобыльская катастрофа і таму падобныя па сутнасьці сваёй разбуральныя зьявы. Але незалежнасьць – гэта здабытак нацыі, яе стваральны чын, яе сьцьвярджальны акт, які можа набліжацца ва ўмовах развалу, краху і катастрофы, але ня можа быць іх плёнам, прадуктам, вынікам.

На маю думку, перадумовай незалежнасьці Беларусі, як і іншых постсавецкіх краінаў, было абуджанае грамадзтва, той самы публічны рух, што нарадзіўся яшчэ ў 1980-м.

АБУДЖАНАЕ ГРАМАДЗТВА


Інакш кажучы, ідэя незалежнасьці не магла проста так ператварыцца ў акт незалежнасьці, пакуль яна не ахапіла масы й ня стала матэрыяльнай сілай.

Яшчэ трыццаць гадоў таму словы “незалежная Беларусь” былі хіба што крамольнай фразай, якая ў масавай сьвядомасьці ня значыла нічога. Але мінула дзесяць гадоў найноўшай гісторыі, і гэтая фраза для большасьці людзей ужо не выглядала прапановай ляцець на Марс. Бо фраза напоўнілася зьместам і энэргіяй, стала рэальным і дасяжным вобразам.

Абуджанае грамадзтва – гэта зусім не абавязкова ўсе дзесяць мільёнаў беларусаў. Маральная большасьць, што робіць гісторыю, звычайна складае статыстычную меншасьць ад усяго насельніцтва. Галоўнае, што гэтым людзям больш за ўсіх трэба, што яны бачныя іншым, што яны ўвесь час перадаюць іншым сьвятло сваёй ідэі. На нейкае імгненьне здаецца, што ў поле гэтага сьвятла патрапіла ўся нацыя...

Канспэктыўна гэты этап найноўшае гісторыі можна апісаць так. Беларуская ідэя да 1980 году культывавалася ў штабах нацыянальнае эліты, і акурат трыццаць гадоў таму ў генэралаў зьявілася войска. Майстроўня з моманту свайго нараджэньня пачала імкліва расьці ўшыркі. Ужо ў 1983 годзе такія “майстроўні” зьяўляюцца па ўсёй Беларусі, а яшчэ праз тры гады “нефармалы” становяцца бачнымі ўсяму насельніцтву краіны. Працэс абуджэньня грамадзтва набірае абароты, а фраза “незалежная Беларусь” перастае гучаць экзатычна. Яшчэ два гады -- і абуджанае грамадзтва выйдзе ў плоскасьць палітыкі. Яшчэ пару гадоў, і Беларусь становіцца незалежнай краінай.

З гэтага моманту абуджанае грамадзтва, як паводка, сыходзіць у свае берагі звычайнага жыцьця і прафэсійных клопатаў. Мэта дасягнутая, і незалежная Беларусь, як здабытак абуджанага грамадзтва, пераходзіць у рукі палітыкаў.

Калі палітыка – гэта мастацтва магчымага, дык абуджанае грамадзтва – гэта якраз мастацтва немагчымага, неверагодных гістарычных зрухаў і цудоўных пераўтварэньняў. Палітыкі яшчэ неаднойчы будуць спрабаваць выкарыстаць абуджанае грамадзтва ў сваіх мэтах, але з гэтага нічога не атрымаецца, бо не супадаюць жанры і сродкі, бо цуд не дае сябе асядлаць. Ён – прамень чыстае энэргіі, што ахоплівае мноства народу. Гэта можна параўнаць з агульным уздымам публікі на рок-канцэрце.

“МРОЯ”


Зразумела, чаму абуджэньне грамадзтва ў Беларусі ў часы перамен ішло пад музыку рок-гуртоў, што зьявіліся тады па ўсёй краіне. Самым заўважным сярод гуртоў, якія запальвалі публіку на майстроўскіх масавых сьвятах, была “Мроя”.

Чацьвёра мрайчукоў вучыліся ў мастацкай вучэльні. А пазнаёміў іх з Майстроўняй Сяргей Харэўскі. Прынамсі, Лявон Вольскі запомніў гэтую гісторыю так.

Вольскі: “З намі вучыўся ў мастацкай вучэльні Сяргей Харэўскі, і ён увесь час абяцаў нас пазнаёміць зь нейкімі такімі нацыяналістамі страшнымі, кашмарнымі. Але паколькі мы былі маладымі, нават юнымі людзьмі, мы гэтага не баяліся абсалютна, гэтых нацыяналістаў. І мы кажам: ну давай, знаём. А ён: я прывяду іх на рэпэтыцыю. І прывёў урэшце.

Майстроўня ў асобах Сержука Сокалава-Воюша, Сяргея Дубаўца, Алеся Сушы і Віктара Івашкевіча да нас сама прыйшла на рэпэтыцыю.

Мы разгубіліся, пачалі адразу граць нейкія стандарты, “Машину времени”, нешта яшчэ. А яны кажуць: не, давайце сваё што-небудзь... -- сказала “камісія”. Мы зайгралі, і Дубавец сказаў: Хлопцы, я вас віншую, гэта сьвядомы рок. Сказаў сваім, ня нам. Мы там былі як малпачкі ў заапарку. А я падумаў, “сьвядомы” -- гэта нейкі інтэлектуальны? Маўляў, мы тэксты добрыя пішам. Я тады яшчэ не разумеў, што сьвядомы – гэта беларуская сьвядомасьць была нацыянальная”.
“Мроя” ў часы Майстроўні.

Дубавец: Зьяўленьне беларускамоўных рок-гуртоў зь іх мабілізацыйнымі магчымасьцямі было цалкам натуральным і проста неабходным. Музыка, якую слухала моладзь, павінна была загучаць па-беларуску. Але ж “Мрою”, як і Майстроўню, ніхто быццам бы для грамадзкіх мэтаў і не задумляў, не арганізоўваў. Усё быццам бы адбылося само.

Вольскі: “Мы пачалі паціху самі спачатку, відаць, у нейкіх піярных мэтах, выкарыстоўваць беларускую мову ў песьнях. Бо трэба было адрозьнівацца ад астатніх. Хаця астатніх было там паўтары каманды нейкія. Але па-беларуску ніхто, апроч “Песьняроў”... Але “Песьняры” гэта ўжо іншае было пакаленьне.

І нам падалося, што (вялікую ролю тут Уладзя Давыдоўскі адыграў) трэба перайсьці на беларускую мову. А, вы ж ведаеце, што пераход у творчасьці цягне за сабой незваротныя наступствы, таму мы неўзабаве паміж сабой пачалі размаўляць па-беларуску, апроч Юрася Ляўкова, які прыкрываўся напалову тамбоўскім паходжаньнем. Але пасьля пэўных жыцьцёвых этапаў і ўваходжаньня ў Талаку ён, пакуль мы служылі ў войску, перагледзеў сваё стаўленьне. І стаў такім скрайнім у гэтым сэнсе. Пакуль мы служылі ў войску, мы прыйшлі, ён ужо гаварыў па-беларуску.

У мяне ніякай адказнасьці не было за тое, што мы рабілі. Вельмі падабалася гэта рабіць. Тым больш што мы лёгка пераскочылі на беларускую мову. Мне было наогул лёгка, бо ў мяне бацька беларускі літаратар. Часта размаўлялі і так па-беларуску. Давыдоўскаму таксама было лёгка, бо ў яго ўсе сваякі зь вёсак, і яго ў дзяцінстве, напэўна, туды на лета аддавалі. Ды ў прынцыпе і Алезіс без праблем. Раз -- і ўсё стала на месцы. Толькі Юрась хадзіў і прабачаўся пастаянна: я пакуль што, я яшчэ потым... Ну, і так зрабілася. Потым ён навярстаў”.

Дубавец: Сярод майстроўскіх “агітацыйных матэрыялаў” музычных запісаў тады было няшмат. Забэйда-Суміцкі, Данчык, Сокалаў-Воюш... Гэта ўсё ўвесь час перапісвалася ды пашыралася. Яшчэ – песьні са спэктакля “Клеменс” на словы Алеся Разанава – там, дзе “і гэты час і гэты лад не назаўсёды, я клічу гром, я клічу град, жыві нязгода”. І тут раптам зьяўляецца рок-гурт, які сам пяе па-беларуску! Уяўляеце, як ухапіліся за яго майстроўцы. Адразу кінуліся запісваць – на самы бытавы магнітафон.

Вольскі: “Вырашылі нашу творчасьць запісваць. І прыходзіў Івашкевіч, і мы знайшлі найлепшую кропку, дзе, толькі лежачы на сьпіне й трымаючы мікрафон, найлепей атрымлівалася. Дык вось Івашкевіч ляжаў на сьпіне, трымаў мікрафон, пакуль мы пісалі ўсе гэтыя песьні. Мы зьбіваліся, гралі па тры дублі. Праграма была дзесяць песень. І вось ён ляжаў гераічна на падлозе ў гэтым інтэрнаце і трымаў мікрафон. Потым быў перакур, ён ішоў курыць з намі, потым вярталіся да гэтай пазыцыі, і зноў пісалі. Вось такія запісы тады рабіліся.

“Камісія” часта да нас прыходзіла, правіла тэксты, навучыла мяне тарашкевіцы. Маладыя мазгі хутка схопліваюць. І з войска я ўжо лісты пісаў тарашкевіцай”.

Дубавец: Такім чынам запісы “Мроі” пайшлі па руках. Але гэтага было мала. Гурт прагнуў выступаць на публіцы. А якраз гэтым і займалася Майстроўня – ладзіла масавыя сьвяты ды выступы ў навучальных установах.

КАНЦЭРТ НА МІРАШНІЧЭНКІ


Вольскі: “Майстроўня нам рабіла канцэрты. З апаратурай тады была проста катастрофа. Хто што мог, прыносіў з хаты, ледзь ня нейкія бытавыя калёнкі. І быў такі эпахальны канцэрт у школе на вуліцы Мірашнічэнкі ў Зялёным лузе, дзе паміж песьнямі Сокалаў чытаў вершы. Гэта ўсё запісанае. На шпулях усе гэтыя старыя канцэрты. Іх нельга проста так даваць, бо страшная аматаршчына ўсё гэта. Але адчуваецца імпэт ва ўсякім выпадку.



Ініцыятарам была Майстроўня, там шмат было людзей. Гэніка памятаю, нефармалы там былі нейкія валасатыя таксама. Што нас таксама зьдзівіла. Мы паглядзелі – нейкія хіпаны ходзяць у беларускамоўную арганізацыю. Яны баяліся міліцыі і ўсякіх гопнікаў, у іх былі валасы аж да каленяў, яны іх запраўлялі за каўнер і прыходзілі на Майстроўню, па-беларуску размаўлялі. Яны таксама мелі нейкае дачыненьне да арганізацыі, дапамагалі з апаратам.

Трэба яшчэ дадаць, што на канцэрце стаяла вучылка, стаяў завуч, і таму трошачкі запрыгоненыя былі вучні, якія сядзелі ў актавай залі. Не разумею, як дазволілі ў гэтай школе. Зараз бы такое не дазволілі”.

ЖАЛЕЗНАЯ РУКА


Дубавец: Выступ “нефармалаў” сёньня мае адпаведны артыкул у крымінальным кодэксе як “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. А тады “нефармалы” толькі-толькі зьявіліся на сьвет, і камсамол усімі сіламі імкнуўся ўзначаліць “нефармальны” рух. Пройдзе некалькі гадоў і схамянуцца прапагандысты сталінскага толку і пачнуць страляць па “нефармалах” залпамі. Але тады, у самым пачатку 1980-х, і сапраўды, як выглядае, сытуацыя была больш лібэральнай за сёньняшнюю.

У кастрычніку 1980-га загінуў Машэраў, і рэспубліканская намэнклятура яшчэ не агойталася, не прывяла ў парадак свае зблытаныя карты. З Масквы ў тэлевізары паказваюць карыкатурна бездапаможнага Брэжнева. Афіцэры КГБ шныпараць сярод студэнтаў, вышукваючы дзе Біблію, а дзе даляры, і ніяк не выглядаюць рыцарамі рэвалюцыі з халоднай галавой і чыстымі рукамі. Цэнзура лютуе, але пры тым нагадвае пагразлую ў маразьме старую, што засталася ў сваім сталінскім часе (а яна там і засталася, варта было
У 1980-м, калі нарадзілася Майстроўня, жалезная рука абвісла назаўсёды.
адчыніць цяжкія скрыпучыя дзьверы галоўліту, як на цябе адразу патыхала атмасфэра ваеншчыны й партыйных чыстак). Маладыя літаратары гуляюць у захапляльную гульню, дзе мэта гульца – падмануць некалі ўсемагутную порхаўку-цэнзуру. Словам, жалезная рука, калі яшчэ й прысутнічала ў нашым жыцьці, дык махала бязладна, абы куды. Пасьля Брэжнеў адкрые пяцігодку палітычных хаўтураў, і Савецкі Саюз ужо ніколі ня вернецца ў статус таталітарнай імпэрыі. Дык можа быць, насамрэч ён скончыўся ўжо тады, у 1980-м, калі нарадзілася Майстроўня? Прынамсі, тады жалезная рука абвісла назаўсёды. І далей мы мелі справу толькі зь яе муляжамі і прывідамі.

МАЙСТРОЎНЯ


Вольскі: “Да нас пастаянна прыходзілі на рэпэтыцыі гэтыя як мінімум чатыры чалавекі. Потым мы на паседжаньні Майстроўні схадзілі. І мяне зьдзівіла, што там няма атмасфэры камсамольскага сходу абсалютна, да чаго мы прызвычаіліся. Настолькі нязмушаная была гутарка, гэта было грамадзкае жыцьцё натуральнае. Такое, як недзе ў важдзяленным капіталізьме. У нас нават у фільмах такога не паказвалі. Прыходзілі дзяўчыны, якія слухалі. І пасьміхаліся, і сумавалі, і плялі сьпіцамі ў гэты час. Я думаю: што гэта?

І менавіта ад гэтых паходаў у Майстроўню і ад таго, што да нас прыходзілі дубаўцы, сушы, івашкевічы... Яны нам казалі: чаго гэта вы толькі між сабой па-беларуску гаворыце, а з чужымі пераключаецеся на расейскую? Нам сказалі -- ну, сказана-зьдзелана. І мы пачалі па-беларуску размаўляць у тым інтэрнаце. І ніякіх нэгатыўных наступстваў не было.

Тое, што да нас прыходзілі гэтыя чатыры чалавекі й іншыя – гэта была магутная сіла, гэта адчувалася адразу. Потым нам жа давалі літаратуру забароненую, Абдзіраловіча і гэтак далей... У мяне дома схованка была, я там захоўваў гэта ўсё. Потым я перадаваў па ланцугу Юрасю, ён таксама... Усе мы былі далучаныя да вялікай гэтай новай касты беларусаў.

Дакладна ў нас карані з Майстроўні растуць. Правым каранём такім, вялікім. Падхарчаваліся з Майстроўні, безумоўна. Прынамсі мяне навучылі пісаць на нармальнай мове, не такой афіцыйна-паэтычнай. На якую пасьля ўсе перайшлі паэты, нармальныя, прынамсі, паэты.

ПЕРАЙМАЛЬНІКІ МОВЫ


Дубавец: Сёньня гэта выглядала б дзіўна, але тады,
Напачатку 1980-х сустрэць у горадзе чалавека, які гаворыць літаратурна па-беларуску, было немагчыма.
напачатку 1980-х, сустрэць у горадзе чалавека, які гаворыць літаратурна па-беларуску, было немагчыма. Мову можна было пачуць у Саюзе пісьменьнікаў, у літаратурных рэдакцыях і выдавецтвах, у Інстытуце мовы, дзе-нідзе ў школе і ВНУ, словам, там, дзе яна была прафэсійнай прыналежнасьцю, як нарукаўнікі ў тагачасных бухгалтараў. Зьняў нарукаўнікі, выйшаў на вуліцу -- і ты “як усе”. Яшчэ пачуць яе можна было ў вёсцы, але вёска вымірала й разьяжджалася, а трапіўшы ў горад, з усіх сілаў старалася гаварыць “па-гарадзкому”. Інакш кажучы, у 1980 годзе вырашаўся лёс мовы. Калі ўсё будзе працягвацца так, як ідзе, мовы ня стане, яна ператворыцца ў прадмет дасьледаваньня і цалкам зьнікне з жыцьця. А каб яна засталася ў жыцьці, на ёй мусіла загаварыць моладзь. Дакладней, горад. Малады горад павінен быў напоўніць яе энэргіяй сваіх пачуцьцяў, інтанацыямі й лексыкай новага часу, сваёй паэтыкай і музыкай.

Сёньня мова, падхопленая ў інтэрнэце, ніяк не выглядае на суб’ект заняпаду. Яна жыве ў сёньняшнім часе і гатовая абслугоўваць усе сфэры жыцьця нацыі, была б на тое воля правіцеляў. Але гэта сёньня. У 1980-м сеціва не было, і ў ролі пераемніка мовы ў будучыню як арганізаваная сіла выступіла Беларуская Майстроўня. Яна запоўніла сабою гэты пераход паміж канчатковым зьнікненьнем мовы з жыцьця і тым часам, калі беларушчыну падхопіць інтэрнэт. У выніку дзейнасьці Майстроўні напрыканцы 1980-х тысячы маладых людзей па ўсёй Беларусі гаварылі па-беларуску, сыходзіліся па-беларуску, утваралі беларускія сем’і, па-беларуску выхоўвалі дзяцей. Майстроўня забясьпечыла мове жывое гарадзкое бытнаваньне.

Вольскі: “Ясна, што
... мы міжсобку гаварылі, што гэты савок павінен быць урэшце нізрынуты...
мы міжсобку гаварылі, што гэты савок павінен быць урэшце нізрынуты, і што гэта ўсё ў кайданах трымае нашу краіну няшчасную, зямельку нашу родную, гаротную нашу Беларусь. Ясна, што мы былі й чэгеварамі й палявымі камандзірамі недзе ў думках. І рэвалюцыянэрамі. І музыкамі таксама.

Гэта быў апошні год мастацкай вучэльні, моцна тхнула войскам, якое насоўвалася.

КАНЦЭРТ У ТРАЕЦКІМ


І яшчэ Майстроўня зрабіла перад войскам абсалютна эпахальную для нашага гораду і для нас акцыю – гэта выступ на сьвяце мастацтва ў Траецкім прадмесьці. Гэта было, дай бог памяці, на Вялікдзень. 1984 год. Таму што нас забрылі акурат праз два месяцы пасьля гэтага. І мы стаялі на гаўбцы ў Траецкім і “бамбілі” сваю ўжо больш нармальную, цалкам накатаную праграму. І тут зьбеглася ўся гэтая нефармальная абшчына траецкая глядзець на гэтых монстраў, якія валасатыя, фарбаваныя нешта граюць па-беларуску.
Канцэрт “Мроі” ў Траецкім прадмесьці. На пярэднім пляне Вінцук Вячорка.

Мікола Купава з падачы Майстроўні дапамог нам з апаратам. Бо гэта ўсё ж такі оўпэн эйр, як цяпер гавораць. І мы прыехалі да нейкіх халтуршчыкаў з мастацкага камбінату. У іх была апаратура і яны нам згадзіліся яе бясплатна даць дзеля гэтых вялікіх мэтаў. Яны спрабавалі таксама па-беларуску размаўляць, бо мы ўсе гаварылі па-беларуску. Вінцук, я памятаю, яшчэ з намі прыехаў. Дзіўна распавесьці, як мы вазілі гэтыя калёнкі ў грамадзкім транспарце, проста ў звычайным аўтобусе. А тады тэхналёгіі былі яшчэ пячорнага веку. І ўсё гэта было такое агромністае, велізарнае...
Носьбіты апаратуры.

Дык вось, гэта была такая падзея для нас, што проста гамон. Па-першае, пра гэта ўсе “нефармалы” гаварылі, што вось нейкая каманда беларускамоўная выступала і гралі ня проста так, а там нават элемэнты былі цяжкога року, страшна сказаць. І нас так запаважалі тады. Мы ўжо такія былі мінізоркі.
“Падгруз на імідж”. Юрась Ляўкоў і Лявон Вольскі.

Падгруз на імідж быў таму, што не было чаго купляць у крамах, нават калі былі грошы. Нармальнай вопраткі не прадавалася. Або там левайс за трыста рублёў. Я ня мог сабе дазволіць, напрыклад. І ніхто з нас. Таму даводзілася вычварацца, насіць нейкія гальштукі і ўсё такое. І ўсё гэта ў спалучэньні з хаярамі такімі вельмі доўгімі. Фарбаваліся тады ўжо нават...

Нататка пра сьвята ў Траецкім з газэты “Літаратура і Мастацтва” за 27 красавіка 1984 году.

ВОЙСКА


Калі мы ўжо былі ў войску... А мяне з войска адпускалі раз на два месяцы пасьля нейкіх значных падзеяў, якія я рабіў для вайсковай часткі (аплякачваньне ўверанай тэрыторыі, напрыклад), і гэта блізка было, Слуцак, сто кілямэтраў...

Я раз на два месяцы зьяўляўся ў горадзе і адразу ў Сушы ў мяне была перавалачная база. Я прыяжджаў да яго, пераапранаўся ў цывільнае, а тады ўжо выходзіў у сьвет. І, ня дай бог, Сушы не было дома, я тады мыкаўся ў гэтай вайсковай або ехаў да мамы і там пераапранаўся ў такія ня вельмі кул шмоткі і ўжо хадзіў, пакуль Суша ня зьявіцца, такім нейкім гопнікам. А ў Сушы вісеў гарнітурчык нармальны. Мы рэгулярна сустракаліся з Івашкевічам таксама. Яны яшчэ кучна там жылі ў тым раёне Сурганава – Івашкевіч, Суша, Вячорка.

Цікавыя часы былі. Прычым, зараз падумаць: на што людзі разьлічвалі, якая будучыня сьвяціла ўсяму гэтаму без развала саўка, я абсалютна не разумею.

Сябе не разумею: што я хацеў? Нічога. Падабалася, і рабілі. Ясна, хацелася ўсё гэта перабудаваць”.

Дубавец: Мне здаецца, што гэта вельмі блізкі настрой. Мы ўсе й сапраўды не лічылі сябе змагарамі, тактыкамі ці стратэгамі ўсёй гэтай справы, веліч якой, тым ня менш, выразна адчувалі. Гэта было неверагоднае натхненьне, няспынны рух, якім кіравала прамяністая зорка.

Можа быць,
Будучыня атаясамлівалася намі з сабою й таму ўрэшце ўсё атрымалася.
будучыня атаясамлівалася намі з сабою й таму ўрэшце ўсё атрымалася? Мы самі былі нібы ўцелаўленьнем таго часу, тых ідэяў і тых перамен, можа быць і не заўсёды ўсьвядомлена. І таму сёньня ня надта атрымліваецца з той самай прычыны – будучыня не атаясамліваецца з сабою?

“ТАНЦОРЫ ГАЗМАНАВА”


Сёньняшні Лявон Вольскі вядомы сваім дзяржаўным мысьленьнем і дзяржаўным падыходам, прынамсі ў сфэры шоў-бізнэсу, у якой ён жыве.

Вольскі: “У нас няма, а ў палякаў ёсьць дзяржаўная праграма, арыентаваная на культуру. Гэта нармальная дзяржаўная падтрымка, таму там кожны творца ня будзе дбаць пра ўласныя гранты, каб рэалізаваць нейкую ідэю. Яму й так дадуць гэта ўсё. Калі ты дакажаш, што гэта карысна для дзяржавы.

У нас жа зусім іншыя працэсы. Можа быць таму ў нас кожная творчая адзінка дбае пра тое, каб штосьці заціхарыць, узяць нейкі швэдзкі грант і не расказаць. Я кепска пачуваюся ў гэтай тэме, але заўважаю такія рэчы. Таму што ў нас дзяржава не падтрымлівае нармальных творцаў. Яна падтрымлівае “лялечны тэатар”. Таму ў нас усе творцы незалежныя й таленавітыя, яны такія крышачку заціхароныя ходзяць – не сказаць, ня выдаць яўкі, адрасы... Самому рэалізавацца, таму што я ўсё роўна самы лепшы...

А гэтых, каму дапамагаюць... Я неяк меў глупства пайсьці ў “Камсамолку” на сустрэчу... Там быў такі круглы стол з рознымі выканаўцамі эстраднай музыкі і незалежнымі. Зь незалежных быў я і Філіп Чмыр з “Драм Экстазі”. І я думаў, што ўсе эстрадныя выканаўцы будуць казаць: ах, як добра мы жывем, спасіба прэзідэнту, усё супэр, у нас ёсьць студыі, мы запісваем, усе альбомы ў нас мільённымі накладамі сыходзяць. Мы граем на ўсіх сьвятах незалежнасьці, вайны і г.д. І ўсё жыцьцё ў нас атрымалася, як і хацелася... А яны ўсе незадаволеныя, аказалася. Незадаволеныя глябальна, таму што яны граюць-граюць, а дыскі не прадаюцца. Грошай, такіх, як хочацца, усё роўна няма. Калі ты прыедзеш на “Славянскі базар” і прыедзе Газманаў, то ў грымёрцы на дзьвярах будзе напісана: “Газманаў”, потым на наступнай грымёрцы будзе напісана: “група Газманава”, на трэцяй будзе напісана: “танцоры Газманава”, і гэтак далей. А, як яны гавораць, беларускія артысты маюць дзьве грымёркі, на адной напісана “М”, на другой “Ж”. Вось так. Ім гэта не падабаецца, але ўсё роўна яны ж прымаюць умовы гульні. Але не падабаецца.

Таму як толькі ўсё гэта абрынецца, іх таксама ня будзе. А ўжо незалежныя, яны ж самі выгрызаюць свой гэты кавалак шчасьця. Ніхто ж ім не дае, дзяржава, -- грантаў, субсідый. Наадварот думаюць: кагда ж вы ўсе ўжо зьедзеце адсюль”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG