Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як віцебскія ўлады рэагуюць на прапановы “народных дэпутатаў”


Фасад былога палаца культуры спалучаць з сучасным 17-павярховікам.
Фасад былога палаца культуры спалучаць з сучасным 17-павярховікам.

Актывісты стваранай партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя — былыя вылучэнцы на мінулыя мясцовыя выбары, стварылі кампанію так званых «народных дэпутатаў». Хаця іх і не абралі, яны працягваюць абараняць інтарэсы жыхароў тых акругаў, дзе яны балятаваліся.


Тацяна Севярынец
Тацяну Севярынец, каардынатарку стваранай партыі БХД, папрасілі арганізаваць сход жыхароў, незадаволеных аварыйным станам будынку былога Палаца культуры будаўнікоў. Актывіста тае самае партыі Ўладзімера Рамановіча запрасілі на сход студэнтаў Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, якія сабралі подпісы за правядзеньне інтэрнэту ў інтэрнаты.

Спадарыня Севярынец зьбірала подпісы падчас агітацыйнай кампаніі актывісткі Алены Шабуні, якая балятавалася ў віцебскія абласны і гарадзкі саветы. І даведалася пра праблему, якая вельмі хвалюе жыхароў вуліцы Ганчарнай і праспэкта генэрала Белабародава:

«Гэта будынак былога Палацу культуры № 9. Ужо больш як 10 гадоў ён стаіць у аварыйным стане, але агароджы няма, аховы няма… Дах праваліўся, унутры растуць дрэвы, незакладзеныя вокны вабяць падлеткаў і, канечне ж, бамжоў. Так што жанчыны проста баяцца хадзіць побач з гэтым будынкам. І дзеці, якія караскаюцца туды, унутр, неаднаразова ламалі рукі-ногі».

Напярэдадні нехта аддаў загад абгарадзіць будынак. Не атрымалася.

Сход Тацяне Севярынец даручыў арганізаваць аддзел камунальнай гаспадаркі гарвыканкаму. Актывістка сабрала 104 подпісы абураных жыхароў і даслала копіі калектыўнага ліста ў гарадзкую адміністрацыю, гарсавет і ва ўсе мясцовыя дзяржаўныя газэты.

«Увогуле ня ведаю, чаго яго разбурылі? Такі Палац культуры быў! А цяпер што ? Ці зносьце яго хутчэй, ці збудуйце нешта замест яго!», «Вы гэты дом „прашляпілі!“ Дык пабудуйце дзецям тут бібліятэку, каб з кампутарамі, або такі самы Палац культуры!» — так абураліся мясцовыя жыхары на сходзе. Прысутныя прадстаўніцы гар- і райвыканкаму сказалі, што літаральна праз тыдзень узьвядуць вакол аварыйнага будынку капітальны плот. А ўладальнік, які выкупіў будынак ужо два гады таму, запэўніў, што ўжо праз месяц тут пачнецца будаўніцтва жылога 17-павярховага дому, прычым фасад былога Палаца культуры ў стылі «сталінскі ампір» стане канструктыўным элемэнтам «навабуду». Чыноўніцы паабяцалі ўзяць гэтае пытаньне «на кантроль»

На сход сабраліся каля трох дзесяткаў жыхароў.

На думку Тацяны Севярынец, гарадзкія ўлады пачалі раптам праяўляць нечуваную актыўнасьць невыпадкова:

«Улада напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў адчула, што яна губляе аўтарытэт. Вось я, калі зьбірала подпісы, казала, што гэта ініцыятыва хрысьціянскіх дэмакратаў, і гэта быў піяр нашай партыі…А тут яшчэ ці не ў нядзелю ў „Панараме“ гучала крытыка на адрас выканкамаў і дэпутатаў, што яны дрэнна працуюць са скаргамі насельніцтва… Вось яны і ажывіліся!»

Гаспадар будынку і ягоны праект.

«Ажыўленьне» з боку ўладаў адчуў яшчэ адзін актывіст стваранай партыі БХД Уладзімер Рамановіч. Яго запрасілі ў Віцебскі тэхналягічны ўнівэрсытэт, дзе ён як «народны дэпутат» зьбіраў подпісы сярод студэнтаў:

Уладзімер Рамановіч
«Мы зьбіралі подпісы ў двух студэнцкіх інтэрнатах, каб там зьявіўся хуткасны інтэрнэт. Пакуль нехта карыстаецца інтэрнэтам праз мабільны тэлефон, але гэта вялікія выдаткі, і значная частка мусіць сядзець у грамадзкіх пунктах карыстаньня. А гэта вялікія чэргі, марнаваньне часу… Было сабрана 135 подпісаў у адміністрацыю ўнівэрсытэту і дзейнаму дэпутату ў гарадзкі савет дэпутатаў».

Паводле Ўладзімера Рамановіча, першая рэакцыя ў кіраўніцтва ўнівэрсытэту была дужа нэгатыўнай:

«Тых, хто падпісаліся, выклікалі ў адміністрацыю інтэрнату і казалі: „Вы падпісаліся за апазыцыю, і ў вас цяпер будуць вялікія праблемы праз гэта!“ Маўляў, я студэнтаў „падставіў“. Давялося тлумачыць, што гэта нашу ініцыятыву спрабуюць прыдушыць, і баяцца няма чаго, бо ўсё ў межах заканадаўства».

На сходзе, паводле Рамановіча, студэнтаў дакаралі за тое, што зьвяртаюцца па дапамогу да «чужых» людзей — тады калі кіраўніцтва ВНУ гатова выканаць любое пажаданьне. І было прадэкляравана, што хуткасны інтэрнэт зьявіцца ў чытальнай залі ўнівэрсытэту ўжо да канца гэтага году.

Першыя вынікі працы «народных» дэпутатаў на Віцебшчыне ўжо ёсьць Так, у Воршы і ў Глыбокім паводле ініцыятывы мясцовых актывістаў заасфальтавалі вуліцы. У Віцебску «запалілася» асьвятленьне ў дварах па праспэкце Чарняхоўскага і зьявіўся новы аўтобусны маршрут № 16, які дазваляе жыхарам вуліцы Герцэна безь перасадак дабірацца ва ўскраінны мікрараён «Поўдзень-7»

Адно што ў афіцыйных паведамленьнях пра ініцыятывы БХД ніколі ня згадваюць — і ў газэтах, і ў выступах афіцыйных асобаў гаворыцца, што гэта прыклады клопату пра людзей з боку дзяржаўных уладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG