Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сярэдзіч: “Я сам закрыю газэту, калі яна ня будзе патрэбная чытачам”


Іосіф Сярэдзіч

Іосіф Сярэдзіч

Рэдакцыя «Народнай волі» атрымала папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі за сэрыю публікацый Ільлі Копыла «Нябышына. Вайна», надрукаваных у сакавіцкіх выпусках газэты. Паводле міністэрства, газэта распаўсюдзіла інфармацыю, якая дыскрэдытуе партызанскі рух і дзеяньні Чырвонай арміі на тэрыторыі Беларусі.


Папярэджаньне «Народнай волі» — трэцяе па ліку. Папярэднія былі летась у лістападзе і сьнежні.

Пасьля публікацыі артыкулаў Ільлі Копыла «Нябышына. Вайна» актывісты БРСМ правялі пікет каля будынка рэдакцыі. Яшчэ адзін пікет правялі некалькі пэнсіянэраў.

Потым Інстытут гісторыі Акадэміі навук даў заключэньне пра тое, што ў тэкстах ёсьць тры недакладныя інфармацыі. Рэдакцыя дала магчымасьць сп.Пестракову, які выступаў арганізатарам пікетаў, дыскутаваць на старонках газэты з аўтарам публікацый.

У нумары газэты за 25-27 траўня ад імя рэдакцыі быў надрукаваны ліст да Міністэрства інфармацыі, у якім яна запэўніла, што пераканаўчыя доказы памылковасьці некаторых фактаў, выкладзеных Ільлём Копылам, газэта абавязкова надрукуе.

Паводле заканадаўства, газэта можа выправіць памылкі. Але міністэрства разам з тым вынесла ёй трэцяе папярэджаньне.

Ці будзе гэта мець нэгатыўныя наступствы для рэдакцыі?

Рэдактар «Народнай волі» Ёсіф Сярэдзіч адказаў «Свабодзе»:

«А чаму толькі для „Народнай волі“? Нэгатыўныя наступствы могуць быць для ўсёй краіны. Калі цёмная ноч апусьціцца на краіну канчаткова, калі Беларусь пазбавіцца адзінай праўдзівай, па-сур’ёзнаму прынцыповай газэты, то наступствы будуць ня толькі для рэдакцыі, але й для ўсёй краіны.
Калі Беларусь пазбавіцца адзінай праўдзівай, па-сур’ёзнаму прынцыповай газэты, то наступствы будуць ня толькі для рэдакцыі.


Калі газэта будзе непатрэбная чытачам і яны не паўстануць у абарону газэты, то й мне яна непатрэбная. Мне яна патрэбная да таго часу, пакуль яна патрэбная чытачам. Пакуль людзі падпісваюцца на газэту, пакуль людзі яе купляюць у шапіках, пакуль пішуць лісты. Як толькі чытачы скажуць, што газэта непатрэбная, я сам яе закрыю».

Аўтар публікацыяў Ільля Копыл апавёў «Свабодзе»:

Ільля Копыл
«Я проста паставіў пытаньне перад грамадзтвам, перад гісторыкамі, што з вайной ня ўсё ў парадку і трэба разьбірацца, трэба пісаць праўду. І вось гэтыя лісты чытачоў „Народнай волі“ — гэта і ёсьць народная праўда пра вайну».

Паводле заканадаўства зварот у суд — прэрагатыва міністэрства. Газэта мае месячны тэрмін, каб абскардзіць папярэджаньне. Да 2000 году на практыцы дзьве траціны такіх судовых спрэчак вырашаліся на карысьць рэдакцый. Ад 2002 году сытуацыя зьмянілася. 8 газэт, якія зьвярнуліся ў суд, атрымалі адмову.

Юрыст Андрэй Бастунец, намесьнік старшыні БАЖ, прыгадаў, што Міністэрства інфармацыі можа зьвяртацца ў суд, каб закрыць газэту, але яно не абавязана гэта рабіць.

«З вынясеньнем трэцяга папярэджаньня «Народнай волі» сытуацыя прынцыпова для выданьня не зьмянілася. Яно і так знаходзілася пад гэтай рызыкай. Абскардзіць папярэджаньне рэдакцыя мае магчымасьць цягам месяца.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG