Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Адна розьніца: ў Аліева ёсьць нафта, а ў Лукашэнкі няма”


Чаго чакае Азэрбайджан ад супрацы з Беларусьсю? Якія зьмена адбыліся ў Азэрбайджане за год "Усходняга партнэрства"? З гэтымі пытаньнямі Юры Дракахруст зьвярнуўся да дырэктара азэрбайджанскай службы нашага радыё Кенана Аліева.

Дракахруст: Які інтарэс мае Азэрбайджан у супрацоўніцтве з Беларусьсю? Летась таваразварот паміж дзьвюма краінамі склаў 125 млн. даляраў, што няшмат. Праўда, Аляксандар Лукашэнка наважыўся купляць нафту нават у Вэнэсуэле. Азэрбайджан бліжэй.

Аліеў: Азэрбайджан цяпер мае вялікія сродкі, якія краіна хоча інвэставаць у розныя рынкі. Беларусь, якая мае патрэбу ў такіх інвэстыцыях, зьяўляецца добрым аб'ектам укладаньня гэтых грошай. І ў гэтым сэнсе яна ўяўляе інтарэс.

Акрамя таго, як паведамляе азэрбайджанскі друк, чакаецца пагадненьне па супрацы ў галіне аўтабудаўніцтва. У Гянджы будуецца аўтазавод, будзе падпісанае пагадненьне з МАЗам.

Ёсьць накірункі супрацоўніцтва. Тым больш, што падабенства рэжымаў робіць супрацоўніцтва больш лёгкім, у Менску і Баку няма ніякіх палітычных умоваў адзін да аднаго. Абедзе краіны аўтарытарныя, абодва прэзыдэнты маюць аднолькавую рэпутацыю. Часта Аліева параўноўваюць з Лукашэнкам. Адна розьніца: у Аліева ёсьць нафта, а ў Лукашэнкі яе няма.

Дракахруст: Вось я як раз пра нафту. Пасол Азэрбайджану ў Беларусі паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі 25 траўня, што галоўнай тэмай перамоваў двух лідэраў будуць менавіта пытаньні энэргетыкі. Ён казаў, пра зацікаўленасьць Баку ў праектах "Набука" і "Адэса-Броды". Ці можа нейкім чынам азэрбайджанская нафта патрапіць у Беларусь, калі нават вэнэсуэльская можа?

Аліеў: Я думаю, што можа. Азэрбайджан шукае шляхі экспарту сваёй нафты. Але я сумняваюся, што Беларусь стане важным транзытным калідорам для азэрбайджанскай нафты. "Набука" наагул абыходзіць Беларусь. Праз "Адэса-Броды" ёсьць магчымасьць, але мне падаецца, што Беларусь не адыграе вялікай ролі ў экспарце азэрбайджанскай нафты. Нафта – гэта 95% азэрбайджанскай эканомікі, і кожны азэрбайджанскі дыплямат за мяжой абавязкова гаворыць пра энэргетычнае супрацоўніцтва. Нават у тых краінах, якія ў энэргетычным сэнсе не ўяўляюць інтарэсу для Азэрбайджану. Ну паглядзім. Ужо сёньня ў Баку працуюць экспэрты двух бакоў.
Калі глядзець на стан палітычных свабод, свабоды прэсы, то ў гэтым дзьве краіны блізкія адна да адной, паколькі гэтыя свабоды ў іх адсутнічаюць. Міжнародныя арганізацыі лічаць, што і Азэрбайджан, і Беларусь – несвабодныя краіны, існуе перасьлед прэсы і палітычнай апазыцыі.

Дракахруст: Азэрбайджан і Беларусь ужо год разам удзельнічаюць у праграме Эўразьвязу "Усходняе партнэрства". Якія вынікі гэтага партнэрства Баку, ці пасунуў Эўразьвяз Азэрбайджан сваёй "мяккай сілай" у пазытыўным накірунку?

Аліеў: Ніякага пазытыўнага зруху не было, гэта не мая ўласная думка, а думка экспэртаў і назіральнікаў у Азэрбайджане. У энэргетычных пытаньнях ёсьць сур'ёзныя перамовы паміж Баку і Брусэлем, бо Эўразьвяз падтрымлівае праект "Набука", дзе Азэрбайджан зьяўляецца адным з галоўных пастаўшчыкоў газу. Але што тычыцца пытаньня палітычных рэформаў, тут ніякага пазытыўнага зруху мы не назіралі. Журналісты працягвалі сядзець у турме, палітычная апазыцыя па-ранейшаму зазнае ціск, у краіне не праводзяцца свабодныя выбары. Напрыклад, не былі такімі муніцыпальныя выбары ў сьнежні летась. Днямі кіраўнічка зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Кэтрын Эштан заявіла, што пасады спэцпрадстаўнікоў ЭЗ па Каўказе і Малдове будуць скасаваныя. Гэта паказвае , што ўсё ідзе ў адваротны бок.
Адпаведна, няма ніякага прагрэсу і, скажам, у пытаньні лібэралізацыі візавага рэжыму Азэрбайджану з Эўразьвязам. Былі перамовы, але справа далей размоваў не пайшла.
XS
SM
MD
LG