Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У нас ня тое грамадзтва, каб дапускаць апазыцыйнасьць"


На прадпрыемствах і ва ўстановах розных рэгіёнаў Беларусі адбываюцца звальненьні людзей, якія займаюцца апазыцыйнай палітычнай дзейнасьцю. Калі б нехта з вашых калегаў адкрыта займаўся апазыцыйнай дзейнасьцю — ці мела б гэта для яго наступствы на працы? Гэтае пытаньне мінакам на плошчы Незалежнасьці ў Менску задавала Галіна Абакунчык.


Спадар: "Я думаю, што ў кожным разе нешта б стала вядома і наступствы найхутчэй былі б. Ня ведаю, у якім выглядзе, але на 90%, што гэта была б нейкая непрыемнасьць. У мяне склалася такое меркаваньне, бо ведаю падобныя прыклады".

Спадарыня: "Наступствы абавязкова былі б. Абавязкова. Я не хачу казаць падрабязнасьці, але ведаю гэта дакладна".

Юнакі: "Ніхто з нашых калегаў, знаёмых гэтым не займаўся, самі мы таксама не займаліся, таму нічога дакладна сказаць ня можам".

Спадарыня: "Я дакладна адказаць не магу, бо зараз беспрацоўная. Але мне падаецца, што ўсё залежыць ад таго, якой палітыкай чалавек займаецца".

Спадар: "Хутчэй за ўсё, што так, але ня факт. Гледзячы дзе чалавек працуе. У гэтым раёне, дзе мы зараз, ці хто працуе блізка, то хутчэй за ўсё былі б праблемы".

Юнак: "Думаю, што на працы — так. Ёсьць такія сытуацыі і былі, я сам такія ведаю. Маё меркаваньне такое, што трэба пачынаць з адукацыі людзей і мысьленьня народу. Бо ў народзе няма палітычнай культуры".

Спадарыня: "Без камэнтароў. Я выкладчыца ангельскай мовы, а таму сярод маіх калегаў такіх людзей проста няма".

Юнак: "Мне цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Бо тыя людзі, зь якімі я кантактую, — ня яркія прадстаўнікі грамадзтва. Магчыма, што калі б такая апазыцыйная палітыка выходзіла за рамкі дзейных законаў, то гэтыя б людзі і мелі б клопаты".

Спадар: "Абавязкова. У нас ня тое грамадзтва, каб яно дапускала апазыцыйнасьць".
XS
SM
MD
LG