Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — “трэці лішні” ў Мытным саюзе?


28 траўня Расея і Казахстан падпісалі дакумэнты аб стварэньні адзінай мытнай тэрыторыі для дзьвюх краін без удзелу Беларусі. Хто выйграў і хто прайграў ад такога рашэньня? Што ў гэтай сытуацыі будзе рабіць беларускае кіраўніцтва? Якія пэрспэктывы Мытнага саюзу?


Удзельнікі: дырэктар зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі зь Менску і намесьнік дырэктара Інстытуту краін СНД Уладзімер Жарыхін з Масквы.

Хто выйграў і хто прайграў ад такога рашэньня?


Валер Карбалевіч: «У адказ на байкот прэм’ерам Беларусі Сідорскім перамоваў аб лёсе Мытнага саюзу (МС) у Санкт-Пецярбургу кіраўнікі ўрадаў Расеі і Казахстану прынялі рашэньне ўвесьці ў дзеяньне Мытны кодэкс і ўтварыць адзіную мытную тэрыторыю для дзьвюх краін без удзелу Беларусі. Выглядае, што ўльтыматум і шантаж Менскам сваіх партнэраў не атрымаўся, і беларускае кіраўніцтва ў гэтай барацьбе нэрваў і характараў пацярпела чарговую паразу? І хто выйграў ад гэтага?»

Віталь Сіліцкі: «Я б не выкарыстоўваў такія тэрміны, як „ультыматум“ і „шантаж“. Таму што беларускі бок мае такое ж права адстойваць свае інтарэсы, як і расейскі. Беларусь імкнецца прадаць сваю палітычную ляяльнасьць Маскве за эканамічныя прэфэрэнцыі. Гэтым разам такі абмен не атрымоўваецца. Але не выключаю, што бакі знойдуць кампраміс.
Беларусь імкнецца прадаць сваю палітычную ляяльнасьць Маскве за эканамічныя прэфэрэнцыі.


На дадзены момант больш прайграла Масква. Бо МС — гэта геапалітычны праект Расеі. Цяперашняя сытуацыя паказала, што РФ не кантралюе постсавецкую прастору, яе праект не выглядае пасьпяховым».

Уладзімер Жарыхін: «Я не ўпадаю ні ў залішні аптымізм, ні ў чорны пэсымізм наконт гэтай сытуацыі. Паўгода таму мае калегі ў Маскве глядзелі на МС вельмі аптымістычна. Маўляў, усё падпісана, пра ўсё дамовіліся, ніхто нікуды ня дзенецца. Я іх ахалоджваў. Бо гэта вельмі сур’ёзная, прынцыповая дамова, якая закладае фундамэнт далейшых інтэграцыйных праектаў. А гэта вельмі складана. Бо тры краіны 20 гадоў разьвівалі свае эканомікі па-рознаму. Таму ў іх розныя мытныя кодэксы і мытныя прэфэрэнцыі. І іх узгадніць цяпер складана.

Самае непрыемнае для Беларусі, калі Расея і Казахстан сапраўды створаць МС безь Беларусі. Тады расейскі рынак для беларускіх вытворцаў у пэўнай меры закрыецца».

Ці застанецца Беларусь у Мытным саюзе?


Карбалевіч: «Хачу нагадаць, што сёньня дэ-факта і дэ-юрэ дзейнічае Мытны саюз Беларусі і Расеі, падпісаны ў 1995 годзе. Пра яго ліквідацыю ці дэнансацыю ніхто пакуль не заяўляў. Дык Расея будзе адначасова ў двух мытных саюзах?»

Жарыхін: «Добрае пытаньне. Мне таксама цікава, як з гэтай сытуацыі выйдзе Расея. Бо знаходзіцца ў двух розных мытных саюзах з рознымі мытнымі кодэксамі складана, а то й немагчыма.

Але справа ў тым, што мы знаходзімся ў пераходным пэрыядзе, усе канфлікты носяць часовы характар. Спрэчка ідзе не пра пэрспэктыву на дзесяцігодзьдзі. Бо плянуецца, што на наступным этапе інтэграцыі будзе створана адзіная эканамічная прастора, дзе ня будзе мыта. Таму цяпер спрэчка ідзе пра фармат і мэханізм пераходнага пэрыяду».

Карбалевіч: «Якіх крокаў цяпер можна чакаць ад афіцыйнага Менску? Ён будзе прасіцца ў Мытны саюз, бо безь яго разьлічваць на ільготы пры пастаўках нафты і газу не даводзіцца? Як гэта зрабіць, захаваўшы пры гэтым твар?»

Сіліцкі: «Калі Беларусі не даюць зьніжак на нафту і газ, то ўдзельнічаць у гэтым расейскім геапалітычным праекце няма сэнсу. А доступ на расейскі рынак Беларусь мае на падставе дамовы аб саюзнай дзяржаве.
Калі Беларусі не даюць зьніжак на нафту і газ, то ўдзельнічаць у гэтым расейскім геапалітычным праекце няма сэнсу.


Дарэчы, доля Беларусі і Казахстану ў вонкавым гандлі Расеі невялікая, непараўнальная з долямі ЭЗ ці Кітаю. Паколькі МС — гэта геапалітычны праект Расеі, у якім яна зацікаўленая, то Менск мае вялікі рэсурс манэўраваньня і ўплыву».

Карбалевіч: «Сп. Сіліцкі, вы кажаце, што Беларусь нічога ня страчвае ад гэтай сытуацыі. Але ўявіце, што з 1 ліпеня Беларусь не далучаецца да МС Расеі і Казахстану, Масква заяўляе, што з гэтага моманту беларуска-расейскі мытны саюз 1995 году спыняе сваю дзейнасьць, паміж Беларусьсю і Расеяй уводзіцца паўнавартасная мытная мяжа, як, напрыклад, паміж Беларусьсю і Ўкраінай. І Беларусь ад гэтага нічога ня страціць?»

Сіліцкі: «Калі падзеі будуць разьвівацца так, то гэта будзе азначаць, што Расея ў аднабаковым парадку дэнансуе саюзныя дамоўленасьці зь Беларусьсю. На такі крок Расея ніколі ня пойдзе».

Якія пэрспэктывы Мытнага саюзу?


Карбалевіч: «Якія ўвогуле пэрспэктывы Мытнага саюзу? Усе папярэднія інтэграцыйныя ўтварэньні на постсавецкай прасторы не паказалі сябе эфэктыўнымі, так і не запрацавалі ў тым фармаце, у якім яны праектаваліся. Што будзе гэтым разам?»

Жарыхін: «Спрэчка пра энэргарэсурсы — гэта адлюстраваньне глыбейшай праблемы. Цяперашні МС — гэта аналяг Саюзу вугалю і сталі ў Эўропе паўвекавой даўніны. Вось чаму, нягледзячы на супярэчнасьці, Расея і Казахстан дамовіліся, а Беларусь — не? Таму што ў Расеі і Казахстану падобныя эканамічныя мадэлі, а ў Беларусі яна іншая. І па меры інтэграцыі гэтая рознасьць мадэляў вылазіць на паверхню. І тут перад беларускім кіраўніцтвам паўстае пытаньне: ці ісьці шляхам Паўночнай Карэі, самаізалявацца, ці набліжаць сваю эканамічную мадэль да тых краін, зь якімі яна інтэгруецца».

Карбалевіч: «Сп. Жарыхін, а ці не падаецца вам, што праблема ня столькі ў розных эканамічных мадэлях у сэнсе долі дзяржаўнага сэктару, колькі ў тым, што Расея і Казахстан — краіны-экспартэры энэргарэсурсаў, а Беларусь — іх імпартэр?

Жарыхін: «Сапраўды, гэтая акалічнасьць стварае праблему. Вось глядзіце, Нарвэгія — абсалютна эўрапейская краіна, але яна не зьяўляецца сябрам ЭЗ, найперш таму, што гэта краіна-экспартэр энэргарэсурсаў. Але Беларусі ўступаць у МС з краінамі, якія маюць вялікія запасы энэргарэсурсаў, вельмі выгадна».

Сіліцкі: «Сапраўды, у МС аб’ядноўваюцца краіны з падобнымі структурамі эканомікі. Адзіны сэнс для Беларусі ствараць МС з краінай, якая мае іншую структуру і маштаб эканомікі, палягае ў тым, што ёй гарантуюцца танныя энэрганосьбіты і гарантаваны доступ на рынкі гэтай краіны».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG